banner

Хараство вясковых рушнікоў Корнадзі

05 Июля’24
595

Вёска Корнадзь, можна сказаць, схавалася сярод прыгожых лясных краявідаў. І якія ж багатыя тут лясныя мясціны – на грыбы, на ягады, на лекавыя травы, на разнастайных лясных жыхароў. Ды, бадай, самая далёкая ад райцэнтра ў Свіслацкім раёне. А жывуць тут людзі, якія з даўніх часоў зберагаюць свае карані, сваю спадчыну.

Засталіся ўспаміны аб тых часах, калі Корнадзь была вядома далёка за межамі раёна – саўгас “Корнадзь” быў адзінай гаспадаркай, дзе нарыхтоўвалі ў вялікіх маштабах сена на асушаных балотах і нават выраблялі вітамінную травяную муку.

Ды час ляціць… Застаюцца ўспаміны і традыцыі, якія захоўваюцца зараз ужо ў аграгарадку. І вось дзякуючы таму, што ў мясцовай школе намаганнямі вучняў і настаўнікаў, неабыякавых мясцовых жыхароў плённа працуе ўнікальны этнаграфічна-краязнаўчы Музей рушніка, і з’явілася свята, якое, падаецца, будзе мець працяг, – Свята рушніка. На яго гасцінна запрасіў мясцовых жыхароў і гасцей Корнадзьскі сельскі філіял-клуб у сонечную чэрвеньскую нядзельку.


Клубная ўстанова сустрэла нас квяцістымі рушнікамі, прыгожымі работамі мясцовых майстрых, стракатасцю колераў і нават… пахаў.  Рамонкі, ружы, васількі, бэз здзіўлялі сваім хараством і яркімі прыемнымі колерамі. Свае сакавітыя і прывабныя работы дэманстравалі корнадзьскія майстрыхі Таццяна Канстанцінаўна Навумік і Алена Мікалаеўна Ніканчук. Гэта было так даспадобы і так хвалююча! Прыгажосць, такая прыгажосць – для вачэй, для сэрца, для душы…

Ведаеце, я вельмі пашкадавала, што дагэтуль ніколі не была ў Музеі рушніка ў Корнадзі, але, разглядваючы выставу рушнікоў, паясоў, адзення, прадметаў побыту, уявіла, якую цікавую і плённую працу праводзіць сёння музей. А ўзначальвае яго крэатыўны і таленавіты педагог Вольга Аляксандраўна Лысевіч. Музей быў створаны ў 2006 годзе. Якраз напярэдадні Свята рушніка атрымаў шаноўнае званне “народны”. Сардэчныя віншаванні ўсім жыхарам вёскі, неабыякавым да гэтай патрэбнай справы – да захавання нашай спадчыны.

А людзі ўсё спяшаліся і спяшаліся на свята. І вось ужо поўная зала. Спачатку вучні школы запрасілі прысутных на цікавую экскурсію па залах Музея рушніка. Яны распавядалі гісторыю ўзнікнення, як выкарыстоўваўся рушнік у паўсядзённым жыцці, якую ролю адыгрываў ён у святах і абрадах. Колькі цікавага матэрыялу!


На свяце шчырымі апладысментамі, добрымі падарункамі і вясёлымі песнямі ўшанавалі вясельных юбіляраў, якія калісьці пачыналі сваё сумеснае жыццё, стаўшы ў пары на рушнік. 25 гадоў сямейнага жыцця ў Уладзіміра Уладзіміравіча і Вольгі Аляксандраўны Лысевіч. 30 гадоў за плячыма ў Сяргея Пятровіча і Святланы Аляксееўны Лічык. 40 гадоў рука аб руку прайшлі разам Станіслаў Генрыхавіч і Яніна Антонаўна Болван, Аляксей Васільевіч і Таццяна Міхайлаўна Здановіч. А вось і юбіляры, якія пражылі 50 шчаслівых гадоў, дзе і гора, і радасць заўсёды былі раздзелены напалову, – Канстанцін Канстанцінавіч і Елізавета Сямёнаўна Пілюк, Аляксандр Аляксандравіч і Паліна Іосіфаўна Жалоба. 55 год сумеснага жыцця ў Анатоля Адамавіча і Тамары Іванаўны Аўдашкаў.


Залу напоўнілі шчырыя апладысменты, музыка і, вядома, добры настрой. І песні. Прыгожыя, мілагучныя. Зразумелыя. Як  пісаў наш беларускі паэт Пімен Панчанка, нашы песні дышуць праўдай, вернасцю, нашы песні пахнуць жытам, верасам, і не заглушыць іх чысты звон.


Свята атрымалася шчымлівым, шчырым і прыгожым дзякуючы сумесным намаганням вучняў і настаўнікаў мясцовай школы і культработнікаў, старшыні Навадворскага сельвыканкама Ірыны Станіславаўны Якуты і, вядома, неабыякавых жыхароў, такіх актыўных, сардэчных і таленавітых. А рушнік няхай заўсёды будзе на пачэсным месцы ў нашых хатах! І няхай гэтыя цудоўныя традыцыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне!

Марыя САМАЛЕВІЧ, загадчык Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы

Фота аўтара

Предыдущая статья

Лукашенко завершил рабочий визит в Казахстан