banner

Как в Свислочи возрождают местную традицию производства керамики

24 Декабря’21
623
Как в Свислочи возрождают местную традицию производства керамики

Разам з тым расце цікавасць і попыт на рукатворныя, унікальныя вырабы сучасных майстроў-ганчароў.

У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя мястэчка Поразава Свіслацкага раёна лічылася буйным ганчарным цэнтрам Гродзеншчыны — каля 200 майстроў. Адным з самых знакамітых быў Іосіф Іосіфавіч Шопік. Майстар чорнай керамікі праславіўся не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

00зз.jpg

Чатыры пакаленні Шопікаў займаліся гэтай справай. Яны валодалі ўсімі спосабамі ганчарнага майстэрства, ведалі розныя тэхналагічныя прыёмы абпальвання гліняных вырабаў, стваралі чорны посуд. Чаго толькі Іосіф не ляпіў за сваё жыццё! Вялізныя гаршкі і «сераднякі» ёмістасцю 4—5 літраў, трохлітровыя «скліннікі», маленькія «пітушкі», розныя мяліцы, збанкі для захоўвання квасу, гарлачы на малако, трохногія патэльні, розныя макотры, посуд для гарбаты, кубкі для вады, вазоннікі, вазы для кветак і, вядома ж, мноства рознафігурных пасвісцёлак для дзяцей.

Цяжкі ганчарны круг, які дастаўся Іосіфу Іосіфавічу ў спадчыну ад дзеда, ён круціў не з дапамогай матора, а нагамі. Майстар вырабляў посуд, не выходзячы з хаты: у вялікай кухні, ля печы, седзячы за ганчарным кругам. Яго жонка Аміля апрацоўвала вырабы каменьчыкамі-«грамушкамі» перад абпальваннем. Потым разам любаваліся сваёй работай.

Іосіф Шопік быў лаўрэатам Другога Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці, удзельнікам усесаюзных, рэспубліканскіх і абласных выстаў, пастаянным удзельнікам ВДНГ СССР і ВДНГ БССР. За свае па-майстэрску зробленыя рэчы ўзнагароджаны бронзавым медалём ВДНГ СССР, шматлікімі граматамі, дыпломамі. Сёння яго чарнаглянцавая кераміка — своеасаблівы сімвал ганчарнага рамяства Прынямоння.

Каб захаваць гэтую спадчыну, пры аддзеле рамёстваў стварылі куток ганчарных вырабаў поразаўскіх ганчароў — Іосіфа і яго роднага брата Пятра. Сабралі фотаздымкі, звесткі аб жыцці і творчасці славутых землякоў. Супрацоўнікі аддзела вядуць даследчую работу з мэтай рэканструкцыі землянога горна для абпалу керамікі і далейшага развіцця ўнікальнага рамяства. Ла­дзяцца выставы творчых работ. Створана відэаэкскурсія «Жыццё і творчасць славутага земляка». А ў 2021 годзе на базе аддзела адкрыліся курсы па рабоце на ганчарным крузе. Майстар Віталь Аніська працягвае ганчарную справу, вывучае спосабы і прыёмы абпальвання гліняных вырабаў.

Сёння такія рэчы па прамым прызначэнні выкарыстоўваюцца значна радзей. Разам з тым расце цікавасць і попыт на рукатворныя, унікальныя вырабы сучасных майстроў-ганчароў. Не адно стагоддзе круціцца ганчарны круг і творыць цуд: з бясформеннага камяка гліны нараджа­юцца гаршкі, міскі, збаны, глякі, сподачкі…

СБ

Предыдущая статья

Фоталетапіс аб Свіслаччыне на старонках кнігі