
Занятасць гэтага незвычайнага чалавека, 300 кіламетраў, якія аддзяляюць наш пасёлак ад сталіцы, не сталі перашкодай для доўгачаканай сустрэчы.
Усе прысутныя былі вельмі зацікаўлены тэмай «Незалежная і квітнеючая Беларусь. Мы зрабілі гэта разам». Атмасфера дабрыні і цяпла панавала ў зале.
Адбыўся адкрыты дыялог у фармаце ток-шоу «Сто пытанняў да дарослага: падзеі, факты, каментарыі».
Пасля прагляду некалькіх відэаролікаў, прапанаваных агенцтвам тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі ў рамках спецыяльнага праекта «Мы зрабілі гэта разам», вядучая, настаўніца гісторыі Таццяна Кухарчык прапанавала назваць тыя напрамкі ў развіцці краіны, у якіх адчувальны ўклад выпускнікоў школы. Успомніўшы змест стэнда «Аўтограф на карце роднай Беларусі. Упісалі сваё імя ў гісторыю Радзімы», навучэнцы з гонарам называлі вядомыя імёны: Эмілія Іванаўна Каламіец – член-карэспандэнт НАН Беларусі, кіраўнік Інстытута мікрабіялогіі і генеральны дырэктар ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі», Яўген Уладзіміравіч Паплаўскі – беларускі кампазітар, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Уладзімір Юльянавіч Агеец – доктар сельскагаспадарчых навук, дырэктар Інстытута рыбнай гаспадаркі, Ірына Іванаўна Калачова – педагог, этнакультуролаг, прафесар кафедры сацыяльнай камунікацыі БДУ, магістр псіхалагічных навук, дацэнт, доктар гістарычных навук, Андрэй Віктаравіч Блахін – прафесар кафедры фізічнай хіміі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар хімічных навук, Андрэй Іосіфавіч Шалкевіч – доктар фізічных навук, Яніна Здзіславаўна Карольчык – алімпійская чэмпіёнка 2000 года ў Сіднэі, заслужаны майстар спорту 2000 года, чэмпіёнка свету 2001 года і іншыя.
У працэсе абмеркавання тэмы праходзіла думка, што галоўнае багацце – гэта чалавек. І менавіта ад яго залежаць дасягненні і набыткі краіны.
Навучэнцаў цікавіла выключна ўсё. Адказваючы на пытанні, Юрый Залоска з задавальненнем успамінаў сваю родную вёску Навасады, залаты медаль за выдатную вучобу ў Поразаўскай школе, вучобу на факультэце журналістыкі ў БДУ, працу ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і зноў вучобу на факультэце філасофіі Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта, у Варшаўскай праваслаўнай духоўнай семінарыі і Мінскай духоўнай акадэміі.
Кожным сваім выказваннем і прыкладамі з уласнага лёсу Юрый Іванавіч пераконваў сёняшніх старшакласнікаў у тым, што «адукацыя павінна быць праз усё жыццё».
З асаблівай удзячнасцю і цеплынёй Юрый Іванавіч выказваўся аб настаўніцы рускай мовы і літаратуры Поразаўскай сярэдняй школы Лідзіі Лявонцьеўне Лукшы. Разважаў, наколькі глыбокія веды па беларускай мове ён атрымаў у былой Лескаўскай васьмігодцы. Заклікаў навучэнцаў да штодзённай карпатлівай працы па авалоданні новымі ведамі.
Юрый Іванавіч падзяліўся з удзельнікамі мерапрыемства думкамі аб тым, што яго малая радзіма – найпрыгажэйшы куточак Беларусі, непаўторны і ўнікальны. А разважаючы пра дасягненні Свіслаччыны, звярнуў увагу на тое, як пашырыліся межы турыстычных маршрутаў, колькі гістарычных помнікаў у нашым раёне, як прыемна бачыць апрацаваныя палі, дагледжаныя лясы, бездакорныя дарогі…
З вуснаў чалавека, які атрымаў некалькі адукацый, з’яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў, перакладаў эсэ, пабываў у многіх краінах свету, працуе святаром у саборы святых апосталаў Пятра і Паўла ў Мінску, гучала шчырае прызнанне ў любові да сваёй малой радзімы… І, напэўна, кожны юнак і дзяўчына ў гэты момант пераконваліся: не любіць сваю краіну немагчыма. А любіць – гэта значыць вывучаць, пазнаваць, разумець сваю зямлю, яе народ.
З найважнейшых знакавых сустрэч Юрый Іванавіч называе сустрэчы-гутаркі з вядомым беларускім пісьменнікам Васілём Быкавым… А для многіх навучэнцаў Поразаўскай школы такой важнай падзеяй стане сустрэча з Юрыем Залоскам.
На памяць аб прыездзе на сваю малую радзіму выпускнік падараваў школе свае кнігі. Сярод іх – вядомыя «Дыялогі з Васілём Быкавым». Падарункі займуць сваё пачэснае месца ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі «Млын часу».
Таццяна АСТАПЧЫК, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Поразаўскай СШ