banner

Гучаць жывыя спевы

11 Октября’20
1440

Сфера дзейнасці – культура. Характар – народны. Карані – пушчанскія. Асаблівыя прыкметы – прыгожыя і таленавітыя. Пазналі? Вядома, гэта народны ансамбль народнай песні і музыкі з сімвалічнай назвай «Пушчанскія напевы» Пацуеўскага сектара культуры і вольнага часу.

 

Магчымасць дакрануцца да нацыянальнага песенна-музычнага багацця «Пушчанскія напевы» дораць гледачам вось ужо дваццаць гадоў. Так, менавіта 2000-ны калектыў лічыць годам свайго нараджэння. Ён быў створаны творчымі работнікамі Пацуеўскага СДК, якім тады загадвала Святлана Аніська. Сваю творчую дзейнасць пачаў пад кіраўніцтвам Святланы Лукашэвіч. А вось назвай ансамбль абавязаны былому вядучаму метадысту РМЦ Аліне Адашчык. Гэта яна падчас падрыхтоўкі калектыву да значымай падзеі – атрымання звання народнага – акрысціла да гэтага безыменную вакальную групу «Пушчанскімі напевамі». Аліна Іванаўна стала і аўтарам вершаваных радкоў, якія пралогам ляглі ў канцэртную праграму, з якой і выйшлі артысты да суддзяў. Так трапна звязаліся ў чатырохрадкоўе словы, так лёгка ляглі на слых і душу, што іх па сёння пераказваюць па памяці ў сценах пацуеўскай клубнай установы: «Заслухаюцца ніва, поле, сенажаць, калі гучаць дзяўчат жывыя спевы... Дай, Божа, голасу! Што тут яшчэ сказаць?! Няхай гучаць “Пушчанскія напевы”!» Спраўдзілася! За дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень, актыўную канцэртную дзейнасць у лютым 2008-га ансамблю было прысвоена званне народнага.

На працягу дваццаці гадоў, вядома, склад выканаўцаў мяняўся. Адны артысты пакідалі калектыў, другія – уліваліся. Сёння ў шматгалоссі «Пушчанскіх напеваў» гучаць галасы Наталлі Шчэрбань (з 2013 года яна мастацкі кіраўнік), Людмілы Ганчарук, Ганны Клімчук, Аксаны Ламашкевіч, Таццяны Казакевіч, Святланы Цясноўскай, Таісы Церабілка, Таццяны Філіновіч і Ігара Баяркіна. Усе – асобы творчыя, энергічныя і ініцыятыўныя. З такімі працаваць – палёгка і задавальненне.


Асноўнай мэтай дзейнасці калектыву з’яўляецца прапаганда наоднай і аўтарскай песні. Хто не атрымліваў асалоду ад іх «Родных мясцін», «У зялёную дуброву...», «Будзь здаровы, гаспадар!», «Зязюлі-варажбіткі», «Калины», «Ехаў Ясь на кані...»! Трэба зазначыць, ансамбль пастаянна папаўняе і абнаўляе рэпертуар, пашырае геаграфію выступленняў (нязменны ўдзельнік раённых, абласных мерапрыемстваў, аглядаў-конкурсаў, фестываляў і святаў), імкнецца да самаўдасканальвання, вяршыні выканаўчага ўзроўню, шукае цікавыя сцэнічныя рашэнні ў пастаноўцы нумароў.

Артысты маюць жаданне не толькі радаваць слухача, але і здзіўляць яго. Таму, паважаныя аматары творчасці «Пушчанскіх напеваў», чакайце ад калектыву ўкраплення ў народную творчасць сучасных музычных тэндэнцый, танцавальных элементаў і новага вобразу (ужо зараз творчая група займаецца распрацоўкай эксклюзіўнага сцэнічнага адзення, усіх картаў раскрываць не будзем, зазначым толькі, што ў аснову ідэі пакладзены сімвалічны пушчанскі колер – зялёны).

За гады дзейнасці ансамбль заваяваў сабе заслужаны аўтарытэт, прызнанне прафесіяналаў і любоў прыхільнікаў народнай песні. Колькі ў яго капілцы ўзнагарод – лічыць не бярэмся. Калектыў прымае ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах. Зразумела, вяртаецца адтуль не толькі з мехам апладысментаў. Так, з рэгіянальнага свята-конкурсу вакальна-харавога мастацтва «Пеўчае поле» прывезлі дыплом ІІІ ступені. На рэгіянальным свяце «Свіслацкі кірмаш» узнагароджваліся дыпломам за захаванне нацыянальных традыцый. За ўдзел у фестывалі народнай творчасці «Агні зімы» маюць дыплом ад беларускага Дзеда Мароза. Адзначаліся на фестывалі жывой музыкі «Поразаўскія сустрэчы», на Міжнародным этнафестывалі «Музыка нашых сэрцаў» у Карэвічах, на Дні беларускага пісьменства... А колькі яшчэ прыемнасцей наперадзе!

Наталля ТУРКО

Фота аўтара

Предыдущая статья

«Прямую линию» с населением района провел председатель Свислочского райисполкома Александр Версоцкий