banner

Гістарычныя старонкі свіслацкага краю

13 Августа’21
3361

У Свіслачы прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Беларусь, свіслацкі край і Эдвард Вайніловіч (да 765-годдзя г. Свіслач)», у якой прынялі ўдзел навукоўцы з Мінска.

Візіт мінчан пачаўся з урачыстага адкрыцця выставы «Духоўная спадчына свіслацкага краю» ў выставачнай зале Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея. Была магчымасць пабачыць інсталяцыю з незвычайнымі экспанатамі – макетамі былых храмаў Свіслаччыны, якія выкананы паводле малюнкаў мастакоў Напалеона Орды і Вітольда Карпызы. 





На адкрыцці канферэнцыі з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі:


– Паважаныя сябры! Словы шчырай удзячнасці вам усім за тое, што менавіта наш горад выбраны для правядзення канферэнцыі. Было прыемна пачуць, што тут знаходзяцца супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, той навучальнай установы, якая і мне дала пуцёўку ў самастойнае прафесійнае жыццё. Вельмі важна, асабліва на сённяшні момант, праводзіць такія навуковыя канферэнцыі. Іх значэнне пасля асобных падзей у краіне значна вырасла. Праводзячы канферэнцыі, расказваючы на іх пра асобы, якімі мы павінны ганарыцца, мы робім значны ўклад у незалежнасць і суверэнітэт нашай дзяржавы. Такі прыклад Эдвард Вайніловіч, які зрабіў шмат для захавання духоўнай спадчыны нашай краіны. Ён займаўся асветай, з’яўляўся мецэнатам першага легальнага беларускага выдання «Загляне сонца і ў наша аконца», шмат сваіх сродкаў укладваў у рэалізацыю адукацыйных праектаў. Усё гэта не можа не выклікаць пачуцця гонару ў нас, у беларусаў. 


Цікавыя факты з гісторыі можна было пачуць на двух секцыях. Першая секцыя разглядала агульныя пытанні гісторыі Беларусі. Другая мела назву «Гістарычныя старонкі свіслацкага краю і мінулае Гродзеншчыны». Тэмы дакладаў разнастайныя: «Найстаражытная гісторыя мястэчка Свіслач да XVI ст. (паводле неапублікаваных дакументаў)», «Фінансаванне Свіслацкай гімназіі», «Штодзённае жыццё жыхароў Свіслаччыны першай паловы XVIII ст. (па матэрыялах актавых кніг Поразава)», «Тадеуш Тышкевич один из владельцев Свислочи».

У час пленарнага пасяджэння дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Лакіза адзначыў, што вельмі рады наведаць Свіслацкі раён. Ён узнагародзіў тых, хто зрабіў вялікі ўклад у вывучэнне гісторыі раёна, і тых, хто дапамагаў у арганізацыйных момантах. 

Падзякай дырэкцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі за добрасумленную працу па арганізацыі навукова-практычнай канференцыі Вадзім Леанідавіч узнагародзіў старшыню Свіслацкага райвыканкама Аляксандра Вярсоцкага, намесніка старшыні райвыканкама Юрыя Кулікова і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірыну Паўлючэню.




Падзякай дырэкцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі за паспяховую падрыхтоўку даследчай працы навучэнцаў у рамках навукова-практычнай канферэнцыі ўзнагародзілі настаўніка беларускай мовы і літаратуры Дабравольскага ДС СШ Зою Урбановіч, настаўніка гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслачы Лілію Стульгіс, настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Ханявіцкага ДС СШ Ірыну Карпічэнка, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 2 імя М. П. Масонава Наталлю Салдаценкаву, настаўніка англійскай мовы Поразаўскай СШ Алу Сухачову і настаўніка гісторыі СШ № 2 імя М. П. Масонава Аляксандра Пясецкага.

Атрымалі віншаванні і падарункі (планшэты) у гэты дзень не толькі настаўнікі. Дыпломам II ступені па выніках конкурсу прац навучэнцаў у рамках навукова-практычнай канферэнцыі  ўзнагародзілі вучня 11 класа Дабравольскага ДС СШ Рамана Баран. Такім жа дыпломам – вучаніцу 9 класа гімназіі № 1 Вікторыю Паўловіч і вучаніцу 10 класа Ханявіцкага ДС СШ Вікторыю Кудлаш.

Дыпломы I ступені атрымалі вучань 9 класа СШ № 2 Максім Лаўрыновіч і Ілля Валюк з гэтай жа ўстановы адукацыі, а таксама вучаніца 10 класа Поразаўскай СШ Мілана Глякоўская.

Вучаніца 11 класа Дабравольскага ДС СШ Юлія Лобач атрымала падзяку за актыўны ўдзел у вывучэнні і даследаванні гісторыі малой радзімы, творчы падыход у ажыццяўленні праекта «Здабытае страчанае малой радзімы». Максім Семянчук, вучань 9 класа Дабравольскага ДС СШ, атрымаў падзяку за актыўны ўдзел у рэалізацыі турыстска-экскурсійных маршрутаў у рамках праекта «Здабытае страчанае малой радзімы». 






Алена ХУДЗІК

Фота aўтара

Предыдущая статья

Слет православной молодежи