Адзначаць Дзень беларускага пісьменства стала добрай традыцыяй, якая бярэ свой пачатак амаль напрыканцы ХХ стагоддзя. Гэта вельмі памятная дата – 1994 год, калі ў старажытным Полацку адбылося першае свята беларускага пісьменства. З тых пор цэнтрам вялікай нацыянальнай падзеі станавіліся розныя гарады, дзе духоўнасць, адукацыя і культура маюць моцныя гістарычныя вытокі.
Сёлета – Слонім. Горад гасцінна расчыніў свае дзверы, каб сардэчна вітаць усіх, хто прыехаў сюды, у гэты цудоўны край, край Льва Сапегі, князя Вітаўта, Міхаіла Казіміра Агінскага. У край сучасных майстроў паэтычнага слова. Тут нарадзіліся Кандрат Лейка, Валянцін Таўлай, Алег Лойка, Анатоль Іверс. Яны назаўсёды ўдзячныя Богу і маці сваёй, што роднае слова стала першай крыніцай, праз якую пазналі жыццё і навакольны свет. Слонімская зямля багата на таленты. Наш час не выключэнне. Пацвярджэннем таму стала ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі за лепшыя творы 2019 года. Сярод масцітых празаікаў і паэтаў з’явілася новае імя ў намінацыі «Дэбют» – Станіслава Умец, якая добра ведае, чым жыве сучасная моладзь, а яе спадзяванні і надзеі адлюстроўвае аўтар у сваіх кнігах.
Напярэдадні святкавання Дня беларускага пісьменства па вялікіх і малых гарадах нашай краіны крочыць Міжнародная духоўна-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». Яе ўдзельнікі нясуць Непагасную Лампаду з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга і Цудадзейную Загор’е-Сталавіцкую ікону Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Нясуць яны ў сэрцах сваіх яшчэ адну лампаду – любоў да роднай матчынай мовы, бо добра разумеюць, «хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў». Таму гэта экспедыцыя – не падарожжа па прасторах краіны. Гэта свята. Свята тых, хто захоўвае духоўную спадчыну нашага народа, шануе родную мову. Гэта свята, каб несці людзям святло веры і надзеі, святло асветніцтва. Пяць дзён вандруюць «лампаднікі». У гэтым годзе маршрут экспедыцыі пралёг праз наступныя раёны: Маладзечанскі, Валожынскі, Навагрудскі, Ваўкавыскі, Баранавіцкі і Слонімскі.
Экспедыцыя «Дарога да святыняў» у гэтым годзе пачала свой новы віток. Першая чвэрць стагоддзя завяршылася, стаўшы гісторыяй, яе добрымі ўспамінамі. Аднак тыя 25 гадоў, што праехалі і прайшлі «лампаднікі» па дарогах нашых прывабных гарадоў, добраўпарадкаваных пасёлкаў, утульных вёсак, назаўсёды застануцца ў памяці яе ўдзельнікаў, застануцца і ў фотаздымках як прафесійных фотамайстроў, так і проста любіцеляў. Усе 25 гадоў былі плённымі, творчымі, напоўненымі цікавымі сустрэчамі і неардынарнымі падзеямі. І, азіраючыся назад, кожны ўдзельнік экспедыцыі можа сказаць словамі пісьменніцы Ніны Загорскай, яе вершам «Да зямлян». І гучаць гэтыя словы як запавет будучым нашчадкам, як вынік пройдзенага шляху.
Не вырывайце вербаў,
Зялёнымі праменнямі якіх
Зраднёны сэрцы продкаў
і нашчадкаў.
Не трушчыце ляскоў
і пералескаў –
Яны ратуюць душы ад пустыні.
Не нішчыце магільных курганоў,
Не сейце на іх жыта –
Баюся – вырасце на іх
Прагорклы хлеб Бяды.
Не пакідайце спадчыных
мастоў –
Бо па гнілых
раскіданых мастах
Не ходзіць Шчасце.
Не перакопвайце дарог
спрадвечных –
Не падсякайце Будучыні крылаў.
Наперад – у будучыню.
26-я экспедыцыя… На гэты раз яна, парушаючы ўсталяваную традыцыю, адправілася з храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі, дзе знаходзілася Адзігітрыя экспедыцыі. Невялікая царква для слабазрачых, але ўтульная і прывабная – усё спрыяе размове з Богам. Пасля службы ў гонар Успення Божай Маці «лампаднікі» накіраваліся ў Свята-Духаў кафедральны сабор, дзе прагучала слова ў дарогу – благаславенне мітрапаліта Паўла, выступілі з прамовамі упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і міністр культуры Юрый Бондар.
І экспедыцыя з трыццацю пяццю ўдзельнікамі адпраўляецца па вызначанаму маршруту. Хвалюючыя думкі запаўняюць усю тваю сутнасць, прыходзіць усведамленне таго, што кожная новая экспедыцыя – гэта новыя эмоцыі, новыя ўражанні. Потым добрыя ўспаміны будуць яшчэ доўга грэць душу, бо за пяць дзён вандроўкі кожны з нас не толькі змог пабачыць навакольны свет, але і дакрануўся да святынь сваёй Айчыны, паглыбіў веды і прыйшоў да цвёрдай высновы: духоўнасць, адукацыя і культура – тыя тры кіты, на якіх мацуецца сучаснасць і будучыня нашай краіны.
На мяжы раёнаў экспедыцыю заўсёды сустракаюць хлебам-соллю, добрай песняй, а самі музыкі ў вельмі прыгожых нацыянальных касцюмах – вачэй не адвесці. Ва ўсіх гарадах і пасёлках, праз якія праходзіць Благадатны Агонь, нас гасцінна вітаюць людзі добрай волі, а потым усе разам ідуць хрэсным ходам да храма, дзе ўдзельнічаюць ва ўрачыстым набажэнстве, потым запальваюць свечкі ад прывезенага Святога Агню. І здаецца, што ў гэты момант святлеюць твары вернікаў, а на душы – вясна з залатымі промнямі сонца. У кожным населеным пункце па існуючай традыцыі высаджваецца Сад Малітвы, пад кожнае дрэўца якога падсыпаецца асвечаная зямля з папярэдніх экспедыцый. На працягу ўсяго нашага шляху мы вядзём з народам гутарку: выступаюць паэты, пісьменнікі, вучоныя, музыканты. Яны шчыра і яскрава распавядаюць пра ўласны жыццёвы, творчы і духоўны вопыт, дзеляцца думкамі, запрашаюць да размовы. А яшчэ ідзе гаворка аб той вялікай ролі Праваслаўнай Царквы, якую яна іграла ў зараджэнні і станаўленні беларускага пісьменства на працягу некалькіх стагоддзяў. Менавіта яе храмы на доўгі час некалі сталі цэнтрамі духоўнага і культурнага асветніцтва, вакол якіх гуртаваліся перадавыя сілы.
Вось мы і ў Слоніме. Ён уразіў нас. Чым? Старажытны горад. Амаль восем вякоў стаіць ён над Шчарай. Сучасны квітнеючы горад. У ім жывуць гасцінныя, сумленныя, працавітыя людзі, якія добра падрыхтаваліся да свята. Гэты горад можа прыемна ўразіць, а нават і здзівіць самага што ні на ёсць прывярэдлівага вандроўніка. Па-першае, Слонім – горад Магдэбургскага права, горад на скрыжаванні чатырох дарог, чатырох рэлігій, чатырох культур. Яго гісторыя захавалася ў назвах вуліц. Па-другое, архітэктурная спадчына Слоніма – гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь.
ХХVI Дзень беларускага пісьменства аб’яднаў усіх, каму была цікава кніга. На цэнтральнай плошчы разгарнуўся «Фестываль кнігі і прэсы», на якім, бясспрэчна, кніга займала галоўнае месца. Нягледзячы на прагрэс і электронныя носьбіты, кніга як найвялікшая хрысціянская святыня па-ранейшаму застаецца запатрабаванай. Прыемна, што не знікае ў нашага народа цікавасць да кнігі. «Кніга ёсць маці ўсіх моў», – так калісьці казаў Францыск Скарына. Ён меў рацыю.
А музычная праграма «Льецца песня па-над Шчарай» падарыла добры настрой і гасцям, і гаспадарам горада. Святочны настрой стваралі музычныя і тэатральныя калектывы, дзе разам з аматарамі прымалі ўдзел такія мэтры сцэны, як «Песняры», «Чысты голас», Пётр Ялфімаў, Ядвіга Паплаўская… Свята лілося ракой. Яно адбывалася адразу на 16 пляцоўках – ад тэатральнай да маладзёжнай з фотазонамі, былі і гастранамічныя з «літаратурным» меню.
Свята працягвалася. Народ вяселіўся, гучала музыка, па вуліцах хадзілі роставыя лялькі. Цікава было зазірнуць і на «Друкарскі двор ХVI стагоддзя», і на выстаўку «Да вытокаў духоўнасці». Пратаіерэй Генадзь Логін не толькі расказаў пра кнігі, якія знаходзіліся тут, але дазволіў патрымаць іх у руках – «Апостал» першадрукара дзіякана Івана Фёдарава (1574 год выдання), руска-беларускі слоўнік (1937 год)...
Завяршылася свята дзівоснымі промнямі салюта. Наступны Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў горадзе Бялынічы Магілёўскай вобласці.
А што да ўдзельнікаў экспедыцыі, то яны нават і не заўважылі, як праляцелі тыя пяць дзён. Пяць дзён з народам Божым. Прамільгнулі дні, нібы знічка на небасхіле. Толькі памяць і захавала яркія моманты. Пасёлак Чысць... Усе ад мала да вяліка выйшлі на хрэсны ход. А самае цікавае тое, што з іконамі вернікі ішлі, а сярод іх – дзеці. З іконамі таксама. Ваўкавыск… Сустрэча была настолькі шчодрай, што «лампаднікі» разгубіліся: «О! Заходняя Беларусь!» Мар’іна Горка… Любча… Усюды жывуць добрыя, гасцінныя, працавітыя і вельмі сардэчныя людзі. Адным словам – беларусы.
Валянціна ХАМЧУК
Электронная
подписка на «СГ»
Подробнее
подписка на «СГ»