banner

Час маладых. Чым займаліся нашыя продкі на вячорках?

07 Декабря’21
1029
Час маладых. Чым займаліся нашыя продкі на вячорках?

З даўніх часоў сярод вясковых дзяўчат існаваў звычай збірацца восеньскімі і зімовымі вечарамі за працай у адной хаце.

 На вячорках маглі займацца прадзеннем, вышываннем, вязаннем, абскубваннем пяра для падушак і гэтак далей. За працай жартавалі, расказвалі цікавыя гісторыі, загадвалі загадкі, спявалі песні. Падрабязней успамінае sb.by.

Прыходзілі на вячоркі і хлопцы — каб паглядзець на дзяўчат, а можа, і выбраць самую прыгожую і працавітую будучую жонку. Звычайна яны ўваходзілі гуртам, на парозе кланяліся, здымалі шапкі, віталіся, падсаджваліся да дзяўчат, якія былі занятыя працай, жартавалі. Распаўсюджанымі жартамі былі скідванне шнура з калаўрота, падпальванне кудзелі, пужанне маскамі і г.д. Кожны хлопец выбіраў сабе з прысутных дзяўчат пару для вячоркавых гульняў, сярод якіх былі «Фанты», «Кальцо», «Явар», «Рэпа» і іншыя. Пад канец вячорак ладзілі танцы. Калі хлопцу падабалася нейкая дзяўчына, ён імкнуўся правесці яе да хаты, прапанаваў паднесці прасніцу. Дзяўчына таксама магла выказаць свае адносіны да кавалера — напрыклад, адмовіцца ад такога суправаджэння.

На вячоркі збіраліся, як правіла, па чарзе ў дамах дзяўчат або ў нейкай асобнай хаце, за якую плацілі гаспадару дрывамі, хлебам, крупамі, пражай. На вячоркі запрашалі дзяўчат і хлопцаў, якія дасягнулі шлюбнага ўзросту. Аднак прысутнічаць на іх дазвалялася таксама дзецям і падлеткам, праўда, толькі ў якасці гледачоў — яны не ўдзельнічалі ў песнях, танцах і гульнях.

Предыдущая статья

Фотофакт: В Свислочи устанавливают новогоднюю елку