banner

Мы чуем вашых душаў трапятанне

01 Ноября’10
1967

Мы чуем вашых душаў трапятаннеДзяды — так нашыя папярэднiкi называлi Дзень памяцi продкаў. Гэты народны абрад вынiкае яшчэ з дахрысцiянскага культу продкаў. Лiчыцца, што на Дзяды душы памерлых наведваюць жывых нашчадкаў, каб упэўнiцца, што ў iх жыццi ўсё iдзе, як мае быць. Характэрна, што ў Беларусi Дзядамi называлi ўсiх памерлых, у тым лiку дзяцей i немаўлят.
 Традыцыйна Дзяды спраўляліся да шасцi разоў на год: масленiчныя, радаўнiцкiя, траецкiя (духаўскiя або стаўроўскiя), пятроўскiя, але галоўнымi лiчылiся менавiта восеньскiя Дзяды (Змiтраўскiя). Калi ўвесну на Радаўнiцу ішлі на могiлкі, каб навесцi там парадак, адведаць продкаў i атрымаць iхняе благаславенне, дык увосень запрашалі iх да сябе ў хату, каб аддзячыць за дапамогу i заступнiцтва. На Дзяды прынята было ўспамінаць, як жылі продкі, і расказваць пра гэта дзецям. У сучаснай Беларусi праваслаўныя адзначаюць Змiтраўскiя Дзяды ў першую суботу перад 8 лістапада. Католiкi ўспамiнаюць усiх памерлых 2 лiстапада.
У Дзень памяцi продкаў беларусы з самага ранку прыбiралi хату, мылiся ў лазнi, пакiдаючы крыху вады i венiк для Дзядоў. Не шкадуючы прыпасаў, гатавалi вячэру, каб пачаставаць i ўлагодзiць продкаў. «Пацярпi без яды — пачакай на Дзяды», «На Дзяды многа яды» — павучаюць беларускiя прыказкi. На стол ставiлi сем i болей няцотных святочных i абрадавых страў: куцця, клёцкi, блiны, мяса, яечня… А яшчэ кісель, пернікі і мёд. Паводле звычаю, ад кожнай стравы ў асобны посуд адкладвалi па кавалачку для нябожчыкаў i пакiдалi на ноч. А яшчэ пакiдалi на стале чысты прыбор — для апошняга ў хаце нябожчыка. Перад тым, як сесцi вячэраць, гаспадар тры разы абыходзiў са свечкай стол, адчыняў вокны i дзверы i клiкаў па iмёнах продкаў: «Святыя Дзяды! Завем Вас, хадзiце да нас, ляцiце да нас, чым толькi хата багата, што ёсць тут — усё для Вас ахвяравалі!» У хаце запальвалiся свечкi, усе згадвалi добрым словам памерлых дзядоў i прадзедаў. Пасля вячэры ўсе жадалi гасцям з таго свету: «Святыя Дзяды! Елi i пiлi — iдзiце да сябе!» А посуд са стала пасля вячэры не прыбіралі. Яго пакідалі нават на ноч, каб душы маглі пасядзець за накрытым сталом. Лічылася, што душы памерлых продкаў наведваюць дом, каб паглядзець, як жывуць іх унукі і праўнукі. Залятаюць душы праз вокны, праз адкрытыя дзверы. Таму вокны павінны былі быць чыстымі, каб душам было зручней прабрацца.
Дарэчы, у беларусаў кожны дзень тыдня меў своё значэнне. Субота заўсёды лічылася днём ушанавання продкаў, усіх памерлых. Па сутнасці, гэта і былі штотыднёвыя Дзяды. Кожную суботу беларус мусіў прыпыніцца, адкласці свае паўсядзённыя клопаты, успомніць усе лепшыя рысы прашчураў, аддаць ім належную павагу, атрымаць ад іх благаславенне на лепшыя справы будучага тыдня.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.
На здымку: М. М. Клімовіч, жыхарка г. п. Поразава, ля родных магіл.

Предыдущая статья

Виновные наказаны. Сделаны ли выводы?