Утульны дом

06 Марта’17
1384

Утульны дом

 

У апошнюю зімовую суботу з самай раніцы ў нашай клубнай установе збіраліся госці і ўдзельнікі фестывалю рукадзельніц “Утульны дом”, які мы ладзілі сумесна з аддзелам рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Майстры разгортвалі свае выставы, раскладвалі матэрыялы для правядзення майстар-класаў, сустракалі знаёмых і сяброў.

 

Свой майстар-клас з задавальненнем праводзіла Жанна Тадэушаўна Сыраежка, паказваючы і дарослым, і дзеткам, як робіцца самая простая выцінанка. Дзве гадзіны – і падарунак для матулькі на 8 Сакавіка гатовы. Тут і экспазіцыя яе прац – прыгожыя матывы нашага жыцця, выразаныя на паперы.


Каля Наталлі Уладзіміраўны Паплаўскай сабраліся дарослыя кабеты. “Хоць ужо і не навучымся, але вельмі цікава паглядзець, як нараджаюцца цудоўныя лазовыя кошычкі”, – усміхаюцца яны і купляюць у майстрыхі яе вырабы. Наталля Уладзіміраўна – адзіная ў нашым раёне майстрыха, якая займаецца лозапляценнем. А навуку ёй перадала 15 гадоў таму родная цётка. І вось зараз Наталля Уладзіміраўна займаецца любімай справай. Самае складанае ў яе рамястве – нарыхтоўка матэрыялу. А вось плясці – гэта як песня: толькі распачаў – яна скончылася, і пачынаеш новую.

Утульны дом


Ля століка з нарыхтаванай саломкай каля Ірыны Іванаўны Фунт – чародка дзяцей. Кожны хоча паспець зрабіць сэрцайка ці анёлка – таксама ж падарункі для матулі. Для майстрыхі саломка – самая ўлюблёная справа. Шмат чаго ўмее Ірына Іванаўна, але перавагу аддае менавіта ёй. І вырабы цешаць вока, і ў самой душа адпачывае.


Ляльку-абярэг майстравала з дзецьмі Інна Уладзіміраўна Шпак і здзіўлялася, што больш актыўныя тут хлопчыкі. Інна Уладзіміраўна яшчэ зусім маладая майстрыха, але валодае вельмі многімі відамі мастацтва. І ёй, маладой, вельмі хочацца і свае веды перадаць, і навучыцца чамусьці новаму.
З вялікім здзіўленнем і задавальненнем гледачы назіралі за Віталіем Юр’евічам Аніськам, адзіным мужчынам сярод удзельнікаў фестывалю. Ён увесь фестывальны час правёў ля ганчарнага круга. Ад яго ні на хвілінку не адыходзіліся людзі, чакалі таго моманту, калі гатовы выраб майстар браў у рукі і з вялікай асалодай дэманстраваў цікаўным. Улюбіў Віталія ў ганчарства яго сябар, які зараз працуе на Брэстчыне. “Але гэта толькі пачатак, – адзначае майстар. – Я сам увесь час вучуся”.


Пасля майстар-класаў і прэзентацый выстаў кожны ўдзельнік фестывалю расказаў пра свой шлях да таго ці іншага віду мастацтва. Ганна Сямёнаўна Нехайчук нарадзілася з іголкай і ніткай у руках. Знатнай вышывальшчыцай была яе матуля. Не пералічыць, колькі ёю вышыта ручнікоў, абрусаў, навалачак, карцін. І ніколі яна не паўтарылася – няхай сабе малюнак аднолькавы, але ўжо другія колеры падабраныя. Як ў жыцці – сотні адценняў… З дзяцінства вышывала і Валянціна Грыгор’еўна Карніловіч з Занак. Але любімы занятак прыйшлося адкласці на доўгія-доўгія гады. І толькі на пенсіі яна ўся аддалася вышыўцы. Зараз жанчына вельмі абдумана адносіцца да кожнай сваёй работы, аддае перавагу іконам і рэлігійным матывам.


Раіса Мікалаеўна Качароўская першыя ўрокі вязання пруткамі атрымала ад матулі Алены Антонаўны. А зараз у яе гардэробе, гардэробах дачкі і ўнукаў цэлыя калекцыі адзення, звязаныя ўмелымі рукамі. Вядомай у раёне рукадзельніцай у свой час была бабуля – Вольга Раманчук. Яна рабіла вельмі прыгожыя вырабы кручком. Раіса Мікалаеўна толькі-толькі пачынае авалодваць тэхнікай вязання кручком – колькі ж наперадзе цікавых хвілін!..


Надзея Міхайлаўна Мацюк даўно любіла шыць, майстраваць новыя абноўкі з тканіны. Да душы ёй шыццё з абрэзкаў. А вось зараз занялася вырабам жаночых упрыгожванняў з тканіны. Плюсаў тут шмат: у справу ідуць спадніцы, штаны, сукенкі, якія не носяцца. І з усяго атрымоўваюцца сапраўдныя цуды для сябе і падарункі родным і блізкім.


Самым старэйшым майстрыхам ужо даўно за 80. Лідзія Паўлаўна Турак перавагу аддае вязанню кручком. Некалі яна была вельмі актыўнай удзельніцай розных раённых і абласных мерапрыемстваў. Свае вырабы дарыла і міністрам, і артыстам.


А вось яе сяброўка Ванда Іосіфаўна Смурага любіць вязаць фіранкі на вокны. З задавальненнем удзельнікі фестывалю разглядвалі цудоўныя вырабы з птушкамі і кветкамі...


На такое свята мы не змаглі не запрасіць нашу вядомую ткачыху – Марыю Андрэеўну Пічкоўскую. Сёлета ёй споўніцца 87 год. Жанчына даўно ўжо не ставіць ткацкі станок, а вось вырабы з куфра дастае рэгулярна – на розныя клубныя і раённыя выставы і мерапрыемствы, каб людзі пабачылі, колькі часу, бяссонных ночак праведзена над імі. Яны, дываны, сведкі ўсяго яе жыцця.


Цудоўным падарункам для ўсіх, хто прыйшоў на фестываль, стала канцэртная праграма ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Зэльвенскага раёна. Намеснік дырэктара Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці С. П. Дзянісава падвяла вынікі праведзенага мерапрыества і выказала надзею, што фестываль будзе праходзіць штогод і збярэ на сваю пляцоўку ўсіх таленавітых людзей раёна. Загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры А. М. Васілька падаравала ўсім памятныя сувеніры з эмблемай фестывалю.


Фестываль рукадзельніц “Утульны дом” завяршыўся, а вось думкі пра далейшае яго развіццё засталіся. Як, дарэчы, і добры настрой.

 

Марыя САМАЛЕВІЧ,
аг. Грынкі.

Предыдущая статья

Школьное расписание для пятилеток