Майму сыну дванаццаць гадоў. Аднойчы ў яго школьным сачыненні я прачытала такія радкі: «Ад самага першага моманту, як толькі я сябе памятаю, у маёй душы гучыць прыгожы мілагучны голас мамы, якая спявае мне калыханку. І сёння я рады пачуць гэты спеў, а разам з ім адчуць цеплыню і пяшчоту матуліных рук». Гэтыя шчырыя словы, якія яму падказала сэрца, сталі для мяне яшчэ адным пацверджаннем таго, наколькі патрэбна чалавецтву песня любові і ласкі — калыханка.
Дзякуючы калыханцы з першых хвілін свайго зямнога быцця дзіця аказваецца не ў хаосе гукаў, а ва ўладзе слова і музыкі, у гарманічным акружэнні. Гэтыя песні ўваходзяць у дзіцячы свет, настройваюць маленькага чалавека на музычна-паэтычны лад.
Няма ніякага сумнення, што калыханка з’явілася вельмі даўно. Грунтоўна даказана яе сувязь з замоўнай паэзіяй. Усё заканамерна: такой песняй маці імкнулася паўплываць на лёс дзіцяці, шчыра верыла, што сардэчнымі словамі ўлагодзіць звышнатуральныя сілы, і тыя зберагуць яе малое ад сурокаў, ад усялякіх няшчасцяў.
Калыханкі ўсіх народаў свету, у тым ліку і беларускія, вызначаюцца павольным рытмам, своеасаблівай аднастайнай мелодыяй, лірычнасцю. Няма нічога дзіўнага! Яны спяваюцца з мэтай дапамагчы дзіцяці хутчэй заснуць. Адсюль іх пяшчотная напеўнасць. А задушэўнасць і цеплыня калыханак ідуць ад сэрца самой маці. Менавіта яна часцей за ўсё і была складальніцай гэтых песень. Ля калыскі немаўляці, якое яшчэ не разумела сэнсу слоў, спявалася нескладанае «люлі-люлі» або «баю-баюшкі-баю». І тут галоўнымі былі мелодыя і рытм. Калі ж дзіця падрастала, маці, каб зацікавіць малое, уплятала ў напеў словы. Гэта пераключала ўвагу дзіцяці і супакойвала. Вось чаму калыханкі маюць хоць і нескладаны, але займальны сюжэт. Звычайна ў такіх песнях гаворыцца пра вядомых жывёл і птушак, часта называецца і імя самога дзіцяці, што яму вельмі падабаецца:
Пайшоў коцік на таржок,
Купіў Юрку піражок.
Пайшоў коцік на вулку,
Купіў Юрку булку.
Пайшоў коцік рэпку рваць,
Юрку трэба крэпка спаць.
Звычайна ў народных калыханках не гаворыцца пра гора. Хоць сярод беларускіх калыханак, якія мы сёння адносім да фальклора, сустракаюцца і такія: «Не плач, маё дзецятка, а цыц, маё родна: вунь войт ідзе, на татку, на мамку ён бізун нясе. У тым бізуне скураты ўвіты, на тым бізуне слёзкі паліты...» Такая песня — выказаная ўслых дума маці пра жыццё. А ўвогуле, тонкі і ўдумлівы выхавацель — народ — разумеў, што дзеці павінны расці ў атмасферы прыязнасці і пяшчоты, таму і складаў калыханкі салодкія і лагодныя.
Хай жа з веку ў век, мінуючы стагоддзі, у такт гуканню беларускай калыскі гучыць наш просты душэўны напеў: «Люлі-люлі», «Баю-баю»!..
Н. БАРЭЛЬ, г. Свіслач.