banner

Як паляўнічы за куніцаю гнаўся

15 Мая’16
1313

Як паляўнічы  за куніцаю гнаўся

 

Кожны народ мае свае традыцыі і звычаі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. У беларусаў, на думку даследчыкаў, яны грунтуюцца на духоўным календары і дзеляцца на каляндарныя і сямейна-абрадавыя.

У кожным рэгіёне, нават у асобна ўзятай мясцовасці, сям’і, яны маюць свае асаблівасці, хоць і не істотныя. А якія традыцыі ёсць у вашай сям’і? Можа, вы хочаце расказаць пра гэта чытачам раёнкі? Тады чакаем вашых лістоў.


Пачнем нашу рубрыку з перадвясельнага цыклу абрадаў, які ва ўсходніх славян пачынаўся са сватаўства. Даўней хадзілі сватаць звычайна блізкія сваякі жаніха. Размова пачыналася здалёк, у іншасказальнай форме: пра паляванне на куніцу. Канчатковы адказ бацькамі нявесты даваўся пасля другога ці трэцяга заходу сватоў. У выпадку станоўчага адказу яны прымалі ад сватоў хлеб, разразалі яго. У выпадку адмовы вярталі хлеб сватам, а сваты ў адказ зачынялі дзверы спіной. Лічылася, што гэта перашкодзіць дзяўчыне ў далейшым выйсці замуж.


Для таго каб сватаўство прайшло паспяхова, трэба было выконваць шэраг абрадавых дзеянняў і засцярог, звязаных галоўным чынам са старажытнай верай у прыкметы. Напрыклад, лічылася, што ў сераду і пятніцу няварта ладзіць якія-небудзь вясельныя справы. Сватаць, як правіла, адпраўляліся пасля заходу сонца (напэўна, каб пазбегнуць сурокаў). Як толькі сваты выходзілі з хаты, хто-небудзь з хатніх (звычайна жанчыны) звязваў усе качэргі і вілкі (прылада, з дапамогай якой ставяць у печ і дастаюць цяжкія чыгуны і гаршкі) разам – для поспеху ў справе.


Нявеста падчас агледзін была галоўнай дзеючай асобай, традыцыйна захоўваючы маўчанне і пераадзяваючыся ў лепшыя свае сукенкі да трох разоў. Выконваўся і абрад выпрабавання нявесты. На агледзінах захоўваўся і другі традыцыйны звычай, па якім жаніх і яго бацькі абавязкова выходзілі ў сенцы або на ганак, дзе абменьваліся думкамі пра нявесту, нават калі яны добра ведалі яе. Пасля гэтага маці нявесты падносіла жаніху шклянку «мядовага пітва». Калі ён выпіваў увесь мёд, значыць, нявеста яму спадабалася, у адваротным выпадку ён толькі прыгубліваў пітво і вяртаў шклянку.


Падчас заручын зноў ішла гаворка пра паляўнічых і куніцу, а таксама праходзіла завязванне ручнікоў, пасля чаго сваты ўручалі ў якасці выкупу бутэльку гарэлкі або невялікія падарункі. Затым жаніха і нявесту благаслаўлялі хлебам і садзілі іх на пасад.

 

Людміла БАЛЫШ.

Предыдущая статья

Интересно и с пользой