Адзвінела, адспявала сваімі апошнімі акордамі жніво. А з ім адыходзяць і ўспаміны — такія прыемныя і мілыя сэрцу — шчымлівыя ўспаміны аб дзяцінстве. Нібы ўчора, чуецца:
— Камбайны, камбайны ідуць! І мы, “падшпаркі”, ліпнем да плоту. А хто смялейшы — выбягае на дарогу. Камбайнеры вітаюць нас узмахам рук. І нам так ганарова — запрыкмецілі. Бліжэй да вечара тата гукае нас:
— Ну, памочнікі, хто са мной да камбайнаў?
І мы ўсе ўтрох — я, старэйшыя брат і сястра, ляцім напераганкі ў кабіну любімага ГАЗа (а потым і ЗІЛа).
У полі шчыруюць камбайны. З бункера ракой ільецца зерне. Дарослыя падстаўляюць далоні, пераціраюць між пальцаў зерне, разважаюць, ці добры сёлета ўраджай. Па іх прыкладу і мы чэрпаем зерне.
Вечарэе. Лёгкі ветрык даносіць пах рамонкаў, падмарэнніка. На КЗСе дапамагаем разгружаць збожжа — усюды цікава. За дзень так набегаемся, што ноччу спім “без задніх ног”.
З тае пары жніво ў маім жыцці — гэта нешта асаблівае, вельмі дарагое сэрцу.
Таму ў планах нашага Грынкаўскага Дома культуры заўсёды ёсць канцэртныя праграмы для ўдзельнікаў жніва. Кожны год у гарачую жніўную пару мы выязджаем на калгасныя палеткі і КЗСы, каб падняць настрой, павітаць сваіх хлебаробаў. Вось і сёлета жаночы вакальны калектыў “Веселые девчата” падрыхтаваў цудоўную праграму. У складзе калектыву — улюбёныя ў песню людзі, адданыя сваёй справе. Алена Насута працуе ў бухгалтэрыі ААТ “Грынкі”, а Алена Данільчык прыбірае ў канторы. З мясцовай школы спяшаюцца да нас настаўніцы Надзея Мацюк, бібліятэкар Святлана Воўчык і выхавальніца Наталля Лапошка. Аксана Пачакоўская працуе ў клубе, Жанна Філіновіч — бібліятэкар. А вось душа калектыву — гэта нашы акампаніятары — Дзмітрый Бародзіч і Дзмітрый Салдаценкаў. Дапамогуць рэпертуар падабраць, запісаць фанаграму, з любой песні могуць зрабіць цікавы нумар. Таму рэпетыцыі і мерапрыемствы праходзяць заўсёды цікава. А калі па якой-небудзь прычыне нехта прапускае спевы, то ўжо не хапае творчай атмасферы, сяброўскай бяседы. Не, без песні нам ужо нельга.
Усяго 15-20 хвілін доўжыцца канцэрт, а колькі энергіі і цеплыні аддаюць артысты гледачам. Для нас галоўнае — шчырыя апладысменты аднавяскоўцаў, цёплыя і добрыя адносіны землякоў, а нам больш нічога і не трэба. Таму што і мы, самадзейныя артысты, і ўсе ўдзельнікі жніва жывём адным клопатам: каб прыгажэла і працвітала наша вёска, багацелі і жылі цікава людзі. Не дарэмна ў песні пяецца: “Нам песня строить и жить помогает!”
М. САМАЛЕВІЧ,
в. Грынкі.
На снимке: калектыў "Веселые девчата".