Менавіта так сказаў пра Кандрата Крапіву, 120-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася сёлетнім сакавіком, народны артыст БССР і СССР Здзіслаў Стома.
Свой першы друкаваны твор – фельетон у вершах “Жылі-былі” – будучы народны пісьменнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат дзвюх Сталінскіх прэмій, Дзяржаўнай прэміі СССР апублікаваў у газеце “Красноармейская правда” ў 1922 годзе. У гэтым жа годзе ў газеце “Савецкая Беларусь” з’явіўся першы твор на беларускай мове – сатырычны верш “Сваты”. Да гэтага часу 26-гадовы юнак паспеў пабыць і сельскім настаўнікам, і прапаршчыкам на франтах Першай сусветнай вайны, і камандзірам РСЧА. Ён шукаў сваё месца ў новым жыцці, уладкоўваючы яго дзейсным словам сатыры. Так паступова Кандрат Кандратавіч Атраховіч становіцца Кандратам Крапівой: “Я ў мастацкім агародзе толькі марная трава. А якая – смех, дый годзе, я – пякучка-крапіва”. Вершаваныя фельетоны, сатырычныя куплеты, байкі ўсё часцей з’яўляюцца ў друку пад гэтым псеўданімам. А яго п’есы камедыйнага жанру “Хто смяецца апошнім” і “Спяваюць жаўрукі” ідуць па ўсёй краіне, па іх здымаюцца кінафільмы.
Драматургу, байкапісцу, празаіку, вучонаму-мовазнаўцу, грамадскаму дзеячу, заслужанаму дзеячу навукі БССР, узнагароджанаму чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікімі медалямі, лёс падараваў доўгае (ён памёр у 95 гадоў), шчаслівае, але часам і трагічнае жыццё. Ён прайшоў чатыры вайны, але і ў мірны час біў-высмейваў хібы жыцця трапным словам-куляй. Таму не раз, адрываючыся ад “высокіх” акадэмічных спраў і грамадскіх заняткаў, вяртаўся да жанру сваёй маладосці – байкі. Яго лепшыя байкі перажылі свой час і жывуць сёння.
У прадмове да апошняй прыжыццёвай кнігі Кандрата Крапівы “Калючы строй”, якая выйшла ў 1989 годзе, вядомы беларускі пісьменнік Іван Навуменка пісаў: “Калі б Кандрат Крапіва нават не напісаў сваіх драм і сатырычных камедый, рамана “Мядзведзічы”, то аднымі толькі сваімі байкамі, сатырычнымі вершамі ён заняў бы адно з першых месцаў у беларускай літаратуры. Бо гэта такі згустак вострага народнага розуму, варожага смеху, абсмейвання зла і зацвярджэння дабра, якіх да Крапівы не ведала беларуская літаратура”.
Жывое слова пра народнага пісьменніка пакінулі і Мікалай Матукоўскі: “Ён кожнаму з нас падарыў “акуляры”, якія дапамагалі бачыць свет смешным”; і Андрэй Макаёнак: “Калі б не было Кандрата Кандратавіча, то і мяне не было б, а можа, і ўсіх нас…”; і Янка Брыль: “Ёсць людзі, якія маюць быццам не адно жыццё, не адну біяграфію, – жыццё іх упрыгожвае многія тысячы жыццяў, біяграфій! Дзелячыся з мноствам людзей багаццем сваёй душы, чалавек тады не бяднее, а наадварот – узбагачаецца сілай народа, яго ўдзячнасцю і любоўю. Такім чалавекам – сапраўдным сынам народа – мы называем і Кандрата Крапіву”.
120-гадовы юбілей народнага пісьменніка адначаўся на яго радзіме – Уздзеншчыне. У Уздзенскай сярэдняй школе № 2, якая носіць імя славутага земляка, абуладкаваны музей Кандрата Крапівы. Да юбілею была адкрыта новая экспазіцыя, прысвечаная памяці народнага пісьменніка.
Вузялкі пісьменніка
Лес не рубяць языкамі.
Каб сонца засланіць – вушэй асліных мала.
Дурань таму і блішчыць здалёк, што знаходзіцца не на сваім месцы.
Гэта вялікая справа – паставіць чалавека на сваё месца.
Гераічная смерць – гэта не смерць. Жыццё, купленнае подласцю, – вось гэта смерць.
Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах.
* * *
Спыталіся мяне аднойчы юнакі:
– Нашто людзям лаўровыя вянкі?
Я адказаў з сумленнем чыстым:
– Патрэбы тут бываюць, кажу, дзве:
Адным – насіць на галаве,
Другім жа – крупнік гатаваць
З лаўровым лістам.
Галіна РОМАНЧУК.