Ганна любіла кнігі з дзяцінства. Спачатку іх прыносіла мама і чытала маленькай Ганначцы, потым, калі яна пайшла ў школу і навучылася чытаць, то ўжо сама не раставалася з кнігамі.
Скончыла школу і паступіла на повара-кандытара. Атрымала дыплом, але, паколькі яшчэ не мела 18 гадоў, то на працу ўладкавацца не магла. З цэнтра занятасці прыйшла прапанова пайсці працаваць у Ханявіцкую бібліятэку. Прыехала ў Ханявічы, пазнаёмілася з ветэранам бібліятэчнай справы Соф’ей Іванаўнай Фунт, якая адыходзіла на заслужаны адпачынак, пераняла ад яе справу.
Ганна паступіла завочна ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А. С. Пушкіна. Вучылася з задавальненнем і трошкі шкадавала, што адразу пасля школы не паехала туды паступаць.
У Ганны Вацлаваўны Юсько на абслугоўванні 10 вёсак. Раз у месяц яна бывае ў кожнай і, ходзячы з двара ў двор, прыносіць кнігі, часопісы, газеты.
У бібліятэцы пастаянна праводзяцца цікавыя мерапрыемствы, шмат іх рыхтуецца разам з філіялам-клубам, школай, дзіцячым садам. Гэта і віктарыны, і музычныя вечары, і вечары-ушанаванні. Кнігу на сяле любяць, нягледзячы на тое, што яе замяніў камп’ютэр.
Фонд бібліятэкі складае 16 тысяч экзэмпляраў. Сюды ўваходзяць часопісы, газеты і электронныя выданні.
Год культуры толькі пачаўся, а на ліку ў Ханявіцкай бібліятэкі ўжо некалькі цікавых мерапрыемстваў. Гэта вечары-партрэты беларускіх пісьменнікаў Івана Шамякіна і Івана Мележа, прысвечаныя 95-годдзю з дня нараджэння літаратурных геніяў.
У бібліятэцы аформлена выстава да Года культуры. Разам з філіялам-клубам рыхтуецца выстава народнай творчасці.
Пастаянныя і самыя частыя наведвальнікі бібліятэкі – дзеці. Яны чытаюць з захапленнем казкі, прыгодніцкія кнігі, кнігі пра жывёл. Нямала і дарослых чытачоў, а сярод тых, хто наогул жыць не можа без кнігі – А. У. Зошчык, М. І. Саўко, Н. І. Калюга з Ханявічаў, А. В. Аберган з Церахавічаў. Ды і шмат іншых.
Цікавасць да кнігі не спадае, што б там ні гаварылі пра камп’ютэр і інтэрнэт. Бо яна – жывая істота, у яе ўдыхае жыццё аўтар, які праносіць кожны радок праз сваё сэрца, праз душу. Так было і будзе заўсёды. І таму бібліятэка ніколі не згубіць сваёй актуальнасці.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.