Ужо на працягу 27 гадоў радуе гледачоў сваімі цудоўнымі выступленнямі ўзорны танцавальны калектыў “Усмешка”.
Больш як чвэрць стагоддзя гледачы не толькі нашага раёна, але і іншых апладыруюць юным артыстам, якія з’яўляюцца сапраўднымі майстрамі танца. Першыя танцоры прыводзяць сюды ўжо сваіх дзяцей. Не перарываецца ланцужок талентаў, не сціхае музыка і стук танцавальных туфлікаў. Вабяць вока “Лявоніха”, “Весялуха” і іншыя танцы, ад якіх уздымаецца настрой і ногі хочуць пусціцца ў скокі.
А пачалося ўсё з таго часу, калі прыехалі ў Свіслач пасля Ленінградскага інстытута культуры муж і жонка Цяжкіны. Анатоль – прафесійны музыкант, Надзя – харэограф. Доўга не разважаючы, Надзея набрала першую групу маленькіх танцораў, і пачалася работа.
Калі Цяжкіны пакінулі наш раён, з юнымі танцорамі стала займацца Аксана Балюк. Маладая, актыўная, з творчай іскрынкай, яна з галавою акунулася ў знаёмую ёй работу. На тую пару ў Аксаны быў ужо свой калектыў “Мазаіка”, які таксама меў вялікі поспех у гледачоў. Аксана паспявала працаваць адразу з двума калектывамі, і гэта ў яе атрымлівалася выдатна.
Сёння ў Аксаны Балюк у калектыве налічваецца 70 дзяцей. Яна набірае іх з першага класа і вядзе да адзінаццатага. “Усмешку” сёння ведаюць далёка за межамі нашага раёна.
Калектыў не раз станавіўся пераможцам такіх вядомых абласных фестываляў і конкурсаў, як “Масты надзей”, “Гарадзенскія карункі”, “Скокі ва ўсе бокі”, “Вясёлкавы карагод”, “Паланез”. Былі ўдзельнікамі свята ўраджаю “Ярмарка Ангела” ў літоўскім горадзе Укмерге.
Ні адно свята, ні адно прадстаўленне не абыходзіцца без гэтых гарэзлівых, вясёлых танцораў. З 1999 года танцавальны калектыў “Усмешка” носіць званне “ўзорны”. А гэта ўжо сямнаццаць гадоў. З кожным выступленнем расце прафесійны ўзровень юных танцораў, пастаянна абнаўляецца рэпертуар. Аксана Аляксееўна сама прыдумвае танцавальныя кампазіцыі, і дзякуючы ёй нараджаюцца ўсё новыя і новыя танцы: беларускія, рускія, цыганскія, эстрадныя, танцы ў стыле “мадэрн”, вялікія харэаграфічныя пастаноўкі. А колькі ўзнагарод прывезлі яе танцоры з розных фестываляў і конкурсаў! Аксана Аляксееўна мае таксама шмат грамат, пісьмаў падзякі за высокі прафесіяналізм, за вялікі асабісты ўклад у справу мастацтва. Вось ужо дваццаць два гады яна кіруе калектывам і вельмі любіць сваю справу, аддае ёй усю душу і ганарыцца дасягненнямі юных танцораў.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.