«Ёсць у кожнага свой, мілы сэрцу куток, які з бегам гадоў не толькі не цьмее ў памяці, а становіцца як бы яснейшым, даражэйшым. Багата можа быць у чалавека за жыццё іншых куткоў, і больш слаўных, і больш выдатных, але гэты куток, і не слаўны, і не выдатны, можа, нічым, не забываецца, не адступае ўдалеч, сярод іншых дарагіх, хвалюючых успамінаў – ён самы дарагі, самы шчаслівы! Куток гэты – тая хата, дзе мы вучыліся бегаць, дзе чулі цеплыню матчыных рук і цеплыню сэрца, куток нашага маленства».
Вось з такой душэўнай цеплынёй пісаў Іван Мележ, 95-годдзе з дня нараджэння якога адзначаем сёлета, пра свае родныя Глінішчы, што ў Хойніцкім раёне. Менавіта з іх ён пайшоў у вялікі свет. Гэта яна, малая радзіма, натхніла пісьменніка на шырока вядомую і папулярную трылогію «Палеская хроніка» – раманы «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», за якія яму прысуджана Ленінская прэмія 1972 года, і «Завеі, снежань».
«Я не мог – рана ці позна – не напісаць гэтыя раманы… бо насіў іх у сабе як радасць і пакуту доўгія гады. Яны частка мяне самога – і вельмі дарагая. Родная вёска, людзі, маё юнацтва – усё гэта жыло ў маім сэрцы і не давала спакою…»
Першыя палескія раманы ствараліся ў канцы 50-х – на пачатку 60-х гадоў. Гэта быў перыяд, калі хрушчоўская адліга выклікала ў грамадстве істотныя перамены, таму і літаратура з большай свабодай глядзела на асобныя з’явы ў нашай гісторыі. Іван Мележ не быў першаадкрывальнікам тэмы калектывізацыі ў савецкай літаратуры. Але, як Міхаіл Шолахаў, ён па-свойму зазірнуў у глыбіні народнай трагедыі 20-30-х гадоў з вышынь праўды і сумленнасці. Знаўца чалавечай душы, ён пісаў пра тое, што добра ведаў, што перажыў. Адсюль жыццёвасць створаных ім характараў, лірызм, замілаванне, сакавітасць фарбаў пры апісанні мілага яго сэрцу Палесся.
А якія непаўторныя вобразы дзяўчат і жанок з глыбіні прыпяцкага Палесся ўвасобіліся на старонках гэтых раманаў! Ганна Чарнушка, Хадоська, Дамеціха, цётка Сарока, знахарка Захарыха, Глушакова Куліна і Пракопава Маня…
Акрамя «Палескай хронікі» з-пад пяра народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай і Ленінскай прэмій, літаратурнай прэміі імя Я. Коласа, кавалера двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай зоркі і інш. выйшлі панарамны твор пра Айчынную вайну «Мінскі напрамак», шматлікія нарысы, дзённікі «Жыццёвыя клопаты», «Першая кніга». Выдадзены збор твораў у 10-ці тамах.
На жаль, творчы шлях пісьменніка абарваўся, калі яму было 55 гадоў. Вайна, на якую ён трапіў у першыя яе дні, усё ж такі дагнала салдата. У чэрвені 1942-га трапіў пад бамбёжку і атрымаў цяжкае раненне, наступствы якога адчуваў да канца жыцця. І хоць хірург уратаваў асуджаную на ампутацыю правую руку, але з войскам давялося развітацца. З цягам часу да таго ранення дабавіліся многія хваробы…
Вузялкі пісьменніка
Чалавек – скарб. Чалавекам нельга кідацца. Увага да яго патрэбна і чалавеку, і справе, і краіне.
…Думаю: пра мяшчанства. Пра тое, як яно шырока распаўзлося, глыбока ўелася каранямі ўсюды, непераможнае і заўсёды задаволенае, заўсёды «мудрае» мяшчанства… У ім – своеасаблівы вірус, з пароды тых, што выклікаюць грып; кожны раз вірус – у нечым іншым, хоць разам з тым і той нібы самы…
У народзе заўсёды цанілася праўдзівасць, сумленнасць, будзем заўсёды помніць пра гэта…
У свеце ўвесь час нехта памірае, але гэта не перашкаджае нам жыць усімі чалавечымі радасцямі: глыбока раняць нас толькі блізкія страты.
Думаецца, не варта пагарджаць і кнігамі, якія расказваюць пра ўчарашні дзень… Не ведаючы таго, што расло ўчора на нашай зямлі, нельга зразумець таго, што расце сёння, убачыць загадзя, што будзе заўтра…
Асабліва востра адчуваеш, як мала зроблена, калі, азіраючыся, бачыш, што зроблена людзьмі навакол.
Ёсць у літаратуры свая разведка і пяхота, і свая цяжкая артылерыя.
Жыццё кожнага непазбежна вядзе да простай ісціны, што трэба вучыцца. Нам усім трэба вучыцца!
Галіна РАМАНЧУК.