banner

Вясна-красна, пакажыся! Жавараначак, адзавіся!

15 Марта’16
2642

Вясна-красна, пакажыся! Жавараначак, адзавіся!

У мінулую нядзелю, апошні дзень перад Вялікім постам, у Свіслачы па традыцыі сустракалі Масленіцу. Жыхары горада як след падрыхтаваліся да свята і напяклі столькі блінцоў, што аж сонейка ў небе засвяціла зусім па-веснавому.

А колькі было гульняў, скокаў, песень і музыкі! І малыя, і дарослыя знайшлі для сябе нешта цікавае, адным словам, праводзілі зіму, як мае быць.
Работнікі культуры падрыхтавалі цікавую праграму, гучалі веснавыя песні ў выкананні народнага фальклорнага калектыву «Крынічанька», народнага ансамбля музыкі і песні «Пушчанскія напевы», жаночай вакальнай групы «Мілавіца». Зіма з Вясною сустракаліся і развітваліся. Выпадкова трапіў на свята вясёлы Снегавік, які і Вясну хацеў сустрэць, і растаяць баяўся; і вясковыя кабеткі гаманілі аб тым, што ўжо вельмі хочацца, каб хутчэй вясна прыйшла, сонейкам пацешыла, ды каб зерне ў поле хутчэй лягло для будучага ўраджаю. Пачуўшы такі вясёлы гул, вылез са сваёй бярлогі нават Мядзведзь. Ды не абы які, а дрэсіраваны. Паказваў, як дзяўчаты на шпільках ходзяць, як танцуюць і пяюць. Апладыравалі Мішку як сапраўднаму артысту.  
А потым палілі чучала Зімы, і вакол высокага вогнішча дарослыя і дзеці вадзілі карагод. Здаўна ў народзе верылі, што ў гэтым вогнішчы павінна згарэць усё дрэннае, нядобрае, злое. Няхай так і будзе!

 

 

 

 

 

 

 
Мужчыны і маладыя хлопцы з лясніцтва, Свіслацкага філіяла  ГП «Гроднааблпаліва», РУП ЖКГ і ДРБУ-209 спрабавалі свае сілы на пляцоўцы «Лесарубы». Пераможцамі сталі работнікі дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення. На спартыўнай пляцоўцы падымалі гіру, перацягвалі канат. Шмат было жадаючых залезці на слуп. І тут самымі дасціпнымі аказаліся Валерый Райкоўскі, Яўген Лясота і Ігар Савіцкі. Малайцы, хлопцы!
Дарослых і дзяцей весялілі народны тэатр-студыя «Карагод», народны тэатр «Памфлет». Колькі тут было радасці і смеху!
А колькі народных майстроў сабралася на свята і з нашага раёна, і з Гродна, Брэста і Слоніма. Чаго толькі ні было ў «Горадзе майстроў»!  І разьба па дрэву, і плеценыя з лазы кошыкі, упрыгожванні для жанчын, дзяўчатак, разнастайныя цацкі, вырабы з бісеру і шмат чаго іншага. На плошчы, дзе размяшчалася «Блінная карчма», было вельмі шмат жадаючых паспрабаваць таго смакоцця, якое было зроблена рукамі дасціпных гаспадыняк. А прадставілі свае смачныя вырабы на Масленіцы дзве школы і гімназія райцэнтра, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, раённая бібліятэка і УЗ «Свіслацкая ЦРБ». На гэты раз пераможцаў не вызначалі, усе блінапёкі атрымалі ў падарунак па сервізу.

 

 

 

 

 
Доўга яшчэ гучалі музыка і спевы на плошчы. Людзі не спяшаліся разыходзіцца. Таму што ў кожнага, хто прыйшоў на свята, быў цудоўны настрой, і хацелася даўжэй пабыць з сябрамі, пакаштаваць блінцоў і адчуць сапраўдную асалоду і ад сонейка, якое свяціла ў гэты дзень па-веснавому, і ад музыкі, і ад таго, што жыццё цудоўнае!

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Награды – достойным