banner

Свіслаччына ў планах і падзеях Невядомай вайны

19 Августа’09
3094

Свіслаччына ў планах і падзеях Невядомай вайныВайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 1654 — 1667 гг. паводле акрэслення Г. Сагановіча атрымала назву Невядомай. І справа нават не ў тым, што гісторыкі пра яе не ведалі, а ў тым, што доўгі час праўда аб гэтай вайне свядома скажалася. Тым цікавей для нас будзе ведаць аб тых падзеях, што закранулі і наш край, пакінулі свой след у гісторыі.

Каб лепш зразумець шэраг падзей, мы на хвіліну вернемся на 360 гадоў назад, у 1648 год, калі і пачалася гэта гісторыя. У гэтым годзе князь Семіграддзя Дзёрдзь ІІ Ракачы пачынаў барацьбу за аб’яднанне пад сваёй уладай зямель «Вялікай Венгрыі», Багуслаў Радзівіл удзельнічаў у трыццацігадовай вайне супраць іспанцаў, яго стрыечны брат Януш Радзівіл у чыне палявога гетмана падаўляў паўстанне Багдана Хмяльніцкага на Украіне, Карл X Густаў быў яшчэ наследным прынцам і нават не марыў аб шведскай кароне. Усім гэтым людзям наканавана было ў будучыні вырашаць лёс нашай Радзімы.

У 1654 годзе тры арміі расійскага цара Аляксея Міхайлавіча ўварваліся на тэрыторыю Рэчы Паспалітай і паклалі пачатак жудаснай вайне, якая за 13 гадоў пакінула пасля сябе толькі попел і смерць. У першыя два гады вайны войскам маскоўскага цара і казакам Хмяльніцкага ўдалося захапіць амаль усю тэрыторыю Беларусі. Тады ж у 1655 годзе на тэрыторыю Кароннай Польшчы напала шведскае войска Карла X Густава, які хутка авалодаў гэтай часткай Рэчы Паспалітай. Сучаснікі акрэсліваюць гэты перыяд гісторыі як «Патоп».

У гэтых надзвычай цяжкіх умовах частка шляхты Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам братоў Януша і Багуслава Радзівілаў пайшла на саюз са Швецыяй, каб падштурхнуць яе да вайны з Маскоўскай дзяржавай.

Гэтая дамова атрымала назву Кейданаўскай уніі і была падпісана 20 кастрычніка 1655 года. Трэба адзначыць, што шведы ставіліся да ўніі фармальна, і разам са сваімі саюзнікамі — брандэнбургскім курфюрстам Фрыдрыхам Вільгельмам і семіградскім князем Дзёрдзем Ракачы — працягвалі захопліваць і рабаваць краіну.

12 снежня 1656 года ў Радноце, у Венгрыі (зараз г. Ернут у Румыніі), паміж Швецыяй. Семіграддзем, Брандэнбургам і казакамі Хмяльніцкага быў падпісаны трактат аб падзеле Рэчы Паспалітай. Паводле яго за шведскім каралём Карлам X Густавам пакідалася поўнач дзяржавы аж да Падляшша. Вялікапольшчыну прызначылі брандэнбургскаму электару, трансільванскаму князю Дзёрдзю Ракачы адыходзіла тэрыторыя разам з Варшавай і Кракавам, ды яшчэ каралеўскі тытул, а што датычыцца Багуслава Радзівіла, то на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства, цэнтр якога складалі ўладанні Радзівілаў, планавалася стварыць іх спадчыннае княства.

Свіслаччына, з’яўляючыся часткай Ваўкавыскага павета, павінна была стаць заходняй мяжой гэтага княства. Аднак гэтым планам не было наканавана збыцца.

Ваўкавыскі павет таксама вельмі моцна пацярпеў ад вайны. Характэрнай асаблівасцю для нашых зямель стала тое, што тут акрамя расійскіх акупантаў дзейнічалі і шведскія. Расійскія войскі занялі павет да 8 верасня 1655 года і пачалі прыводзіць да прысягі цару мясцовую шляхту. Аднак пасля нарады пад Брэстам царскіх ваявод Барацінскага і Урусава пад Новым Дваром на іх напала шляхта з Лідскага, Гродзенскага і Ваўкавыскага паветаў пад кіраўніцтвам палкоўніка Якуба Кунцэвіча. Марш царскіх войскаў праз Белавежскую пушчу быў надзвычай цяжкі. Пад Новым Дваром дарогу ім блакіраваў пабудаваны шляхтай земляны гарадок, што знаходзіўся на ўскрайку балота. У пачатку снежня 1655 года тут адбылася ўзброеная сутычка, пераможцамі ў якой сталі шляхецкія атрады.

Дарэчы, як вядома па дакументах пазнейшых арандатараў, Новы Двор быў спалены шведскімі войскамі. Прынята лічыць, што легендарны Свіслацкі замак таксама згарэў ад рук шведаў у жніўні 1655 года. Падобна, што ў ваколіцах Навасёлак таксама адбыўся бой са шведамі, а на тым месцы зараз знаходзяцца так званыя «шведскія могілкі». Недалёка ад Поразава ёсць так званы «шведскі акоп». Што ж датычыцца прозвішчаў, то іх гісторыя амаль не захавана. Аднак нам вядома імя Яна Пабурскага — поразаўскага войта, які ў 1655 годзе прысягаў на вернасць маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу разам з 418-цю прадстаўнікамі мясцовай шляхты. Цікавы факт: аднаму з паслоў, якому даводзілася праязджаць па нашых землях, занатаваў у сваім дзённіку наступнае: «Начлег быў у дзвюх мілях ад Мсцібава, у вёсцы пана Шпіна». Хутчэй за усё, тут ідзе гаворка пра Крышпіна Кіршанштайна, які ў той час валодаў Свіслаччу і шматлікімі фальваркамі ў наваколлі.

Трэба адзначыць, што падчас вайны 1654 – 1667 гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася з 2 да 1,4 мільёна чалавек, а гэта значыць, што недалічыліся кожнага другога (дзеля параўнання: падчас Другой сусветнай вайны загінуў кожны чацвёрты). Ваўкавыскаму павету ў гэтым сэнсе пашчасціла трохі больш. Паводле даных В. Мялешкі колькасць насельніцтва ў Ваўкавыскім павеце скарацілася з 70826 да 49913 чалавек, што склала 29,5 % ад агульнай лічбы. Але найбольшыя страты насельніцтва былі ва Ўсходняй Беларусі. Значны ўрон быў нанесены і гаспадарцы края.

Прыгледзімся ж бліжэй да лёсу тых людзей, якія вялі гэтую вайну і збіраліся дзяліць ці аднаўляць Рэч Паспалітую. Менавіта яны вырашылі лёс зямель і насельніцтва нашага края.

Вялікі гетман Януш Радзівіл памёр у аблозе ў Тыкоцінскім замку ў 1655 годзе. Хутчэй за ўсё яго атруцілі. Не дажыў таксама да канца вайны і шведскі кароль Карл X Густаў. Аліўскі мір са Швецыяй 1660 года падпісвалі ўжо без яго. Князь Багуслаў Радзівіл адмовіўся ад сваіх амбіцый на самастойнае княства і пазней ваяваў на баку Рэчы Паспалітай. Перажыўшы вайну на 2 гады, ён памёр у 1660 годзе. Адмовіўся ад ідэі самастойнага княства брандэнбургскі электар Фрыдрых Вільгельм, пасылаючы свае войскі на дапамогу нашай краіне.

Казацкі гетман Багдан Хмяльніцкі памёр у ліпені 1657 года, пахаваўшы з сабой надзею аб стварэнні самастойнай украінскай дзяржавы.

Рушыліся планы і семіградскага князя Дзёрдзя II Ракачы аб стварэнні «Вялікай Венгрыі»: на Трансільванскія землі напалі войскі Гамбургаў, і Ракачы вымушаны быу вяртацца на Радзіму дзеля барацьбы з канкурэнтамі.

Такім чынам, усе гэтыя людзі зрабілі вайну 1654 – 1667 гг. справай свайго жыцця. Яны імкнуліся да яе, бо яна павінна была даць ім уладу, землі, багацце і славу. А беларускаму народу несла смерць, эпідэміі і разбурэнні. На шчасце, лёс вырашыў інакш.

С. РАМАНАЎ,

студэнт факультэта гісторыі і сацыялогіі ГрДУ.

Князь Багуслаў Радзівіл, у спадчыннае княства якога павінна была ўвайсці Свіслаччына.

Предыдущая статья

Стражи порядка на уборочной