banner

Халодны подых адзіноты

20 Июля’09
2936

Халодны подых адзінотыЁн зайшоў у кабінет да начальніка цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — высокі, плячысты, самаўпэўнены — і голасам, які не церпіць пярэчання заявіў:

— Забярыце маю маці, я вам заплачу, толькі забярыце яе куды-небудзь. Усё роўна куды: у дом састарэлых, у бальніцу, — але забярыце.

— А чаму вы не можаце забраць яе да сябе? — запытаў начальнік, аглядаючы наведвальніка. — Гэта ж ваша маці. У вас няма свайго жылля?

— У мяне новы дом, новая мэбля... Як я яе туды забяру, навошта яна мне там?..

А недзе ў вёсачцы, у старэнькай хаце сядзела ля акна сівая бабулька і бясконца глядзела на дарогу: ці не ідзе сынок? Не дачакалася. Была вымушана пакінуць хату і перасяліцца ў дом-інтэрнат. Пажыла там нядоўга. Нікому не скардзілася, не наракала на лёс, проста згасла, як свечка, і ўсё. Сын можа жыць спакойна, цешыцца новым домам і новай мэбляй. Хіба, можа, толькі ў сне прыйдзе да яго старэнькая мама, пастаіць ля парога ды спытае: “Як ты, сынок, ці добра табе, ці здаровы ты, ці шчаслівы?..”

Ці можа быць што на свеце страшнейшае за адзіноту? Нават цяжкая хвароба не такая страшная, калі побач ёсць нехта блізкі, хто непакоіцца, падтрымлівае, шкадуе. Хіба не так? А калі чалавек адзін-адзінюткі на свеце, калі толькі ты і чатыры сцяны, калі балюча сціскаецца сэрца, назіраючы, як да суседкі прыязджаюць дзеці, унукі, як дапамагаюць, як берагуць і непакояцца за маці, бацьку. Горка, ох як горка на душы, і перасохлыя вусны самі шэпчуць: “Божа, забяры мяне. Я так стамілася жыць...”

У раённай бальніцы налічваецца сем сацыяльных ложкаў, на іх дажываюць свае гадкі ўсімі пакінутыя старэнькія. У адной бабулі два сыны. Ёсць свой дом, дзе яна даўно ўжо не была і дзе не магла жыць, таму што сын здзекваўся, адбіраў грошы і беспрабудна піў. Тут, у бальніцы, яна адчувае сябе добра. У чыстым спіць, тры разы на дзень паесць, часам мае пачастункі ад хворых, якія шкадуюць бабульку, шчыра спачуваюць. Вось так яна і жыве і вельмі непакоіцца за сыноў. Раз у месяц, у дзень, калі прыносяць пенсію, яны да яе наведваюцца, каб... узяць грошы. Яна дае, бо шкада ж, бо дзеці...

У Дабравольскім доме-інтэрнаце на сённяшні час знайшлі прытулак 22 састарэлых. У сямі з іх ёсць дзеці. Жывуць яны нармальна, маюць свае дамы, кватэры, асабнякі. Але няма ім ніякай справы да састарэлых маці ці бацькі, не цікавяцца здароўем, не пішуць, не прыязджаюць. І здаецца ім, маладым, моцным, што да іх старасць не прыйдзе ніколі, што яны заўсёды будуць гэткімі гаспадарамі жыцця. І зусім не думаюць, што ўжо заўтра лёс можа насмяяцца над імі, і яны ўсёй істотай адчуюць халодны подых адзіноты. А побач не будзе нікога-нікагуткага, хто б зразумеў, паспачуваў, пашкадаваў.

У кожнай вёсачцы ёсць бабулькі і дзядулькі, аб якіх даўно забыліся дзеці. Пакуль трымаюць ногі, старыя нікому не дакучаюць, не скардзяцца і чакаюць, чакаюць, чакаюць...

Калі часам цікаўная суседка запытае пра сына ці дачку, шукаюць ім апраўданне, маўляў, часу няма, з працы не адпускаюць, але ж звоняць, не забываюць... Суседка паківае галавой, добра разумеючы, што ніякіх званкоў няма, няма і лістоў. Стане сорамна за сваё недарэчнае пытанне, за тое, што парушыла і без таго балючую рану.

Такія старэнькія часам прыходзяць у цэнтр сацыяльнага абслугоўвання і просяць дапамогі. Просяць, каб далі сацыяльнага работніка, каб аказалі матэрыяльную ці гуманітарную падтрымку. Па меры магчымасці гэтую дапамогу яны атрымоўваюць, бо дзяржава не можа пакінуць сам-насам з бядою людзей, якія на старасць гадоў аказаліся ў цяжкім становішчы. Гэта правільна, але... Але ў свой час гэтыя людзі не толькі шчыра працавалі на карысць Айчыны, яны нараджалі, гадавалі, вучылі дзяцей, спадзяючыся, што на старасць гадоў будуць мець дзе галаву прытуліць.

Выходзіць, што спадзяваліся дарэмна. Забыліся дзеці, як аддавала маці апошнюю капейку, каб яе дзіцятка было не горш за ўсіх апранутае, каб смачна з’ела, каб атрымала адукацыю, каб знайшло сваё шчасце. І вось жыве цяпер тое дзіця сытае і гладкае, а пра маці забылася.

А жыццё тым часам не ідзе, а бяжыць. Ападзе яблыневым цветам вясна, адгарыць краскамі лета, адшамаціць залатым лісцем восень, і вось-вось пастукаецца ў дзверы крывой клюкаю зіма. Халодная і бязлітасная. І можа стацца так, што месцы памерлых бацькоў на сацыяльных ложках і ў дамах састарэлых зоймуць сёння маладыя і сытыя, а заўтра старыя і нядужыя іх дзеці.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

Браткі жывуць у Рудні
Похожие новости