14 снежня 2000 года Свіслачы быў прысвоены статус горада. Сёння Свіслач — прыгожы і ўтульны гарадок. Займае плошчу 435 гектараў. Налічвае больш за 50 вуліц агульнай працягласцю 25,1 км. Тут размешчана каля 1200 будынкаў. Колькасць жыхароў — больш за 7 тысяч чалавек.
Свіслацкі край мае багатую шматвекавую гісторыю. Вельмі цікавымі і карыснымі ў вывучэнні мінулага з’яўляюцца легенды. Яны нараджаліся на працягу шматлікіх стагоддзяў як спроба асэнсаваць незразумелыя, таямнічыя з’явы прыроды або гістарычныя падзеі, якія адбываліся так даўно, што праўдзівыя іх падрабязнасці страчаны народнай памяццю. У легендах мы шукаем адказы на адвечныя пытанні: адкуль мы? Хто нашы продкі?
Як сцвярджае вядомы беларускі географ В. А. Жучкевіч, назва Свіслач яцвяжскага паходжання і абазначае балоцістае месца, вільгаць. І сапраўды, рака Свіслач, ад якой атрымала назву паселішча, бярэ пачатак з балотаў, што ля вёсак Занкі, Кавалі і Грыцкі.
А вось пра што нам гаворыць Іпацьеўскі летапіс. У ім пад 1256 годам падаецца ўспамін пра паход на яцвягаў. Для нас жа гэты ўрывак цікавы тым, што летапісец побач з галіцка-валынскімі і польскімі войскамі згадвае атрады Рамана Навагародскага, Глеба Ваўкавыскага і Ізяслава Свіслацкага. Матэрыяльным пацверджаннем слядоў старажытных яцвягаў на Свіслаччыне з’яўляюцца каменныя сякеры, што вырабляліся гэтымі плямёнамі. Яцвягі не ведалі гарадоў, умацаваных замкаў. Іх абаронцамі былі непраходныя лясы, рэкі, азёры, топкія балоты. Лес карміў і апранаў.
У сувязі з пагрозай суседзяў са Старажытнай Русі, Польшчы і Літвы перад яцвягамі паўстала неабходнасць цэнтралізаванай улады. Аб’яднаў плямёны феадал Комят, а пазней — Скаманд — правадыр і вярхоўны жрэц. Ёсць думкі, што яго рэзідэнцыя і галоўны храм знаходзіліся ў Белавежскай пушчы. І паколькі доступ туды быў забаронены і ўмовы жыцця правадыра і рытуалы вярхоўнага жраца простым людзям не былі вядомы, месца гэтае атрымала назву Нязнаны Рог або Нязнанава. Так называецца адно з урочышчаў пушчы і сёння. Легенду аб магічных рытуалах вярхоўнага жраца прыводзіць у сваім апавяданні “Ад Вялікага Нікара” і Эліза Ажэшка, якая ў 1904 годзе была ў гэтых мясцінах Белавежы. Непасрэдна з гэтай легендай звязана легенда аб паходжанні Свіслачы.
...І вырашыў галоўны яцвяжскі Бог паглядзець і праверыць, як людзі выконваюць яго наказы. Спусціўся з нябёс і пайшоў ад сяла да сяла ў вобразе беднага старца. Пасля доўгіх гадоў вандравання прыйшоў ён у адно сяло, што знаходзілася ў пушчы. Убачыўшы старца, жыхары сяла сталі хутка хавацца і зачыняць свае хаты, каб не прыйшлося карміць і даваць начлег. І вялікі гнеў авалодаў Богам, і страшна пакараць вырашыў ён скупых і няўдзячных жыхароў. І ператварыў тое месца, дзе жылі гэтыя людзі, у балоцістае возера (адбылося гэта даўно, але тое возера існуе да нашых дзён).
І пайшоў Бог далей. За некалькі вёрст на высокім узгорку ўбачыў старэнькую хату, жылі ў ёй дзядуля Ізяслаў і бабуля Багуміла, яны былі вельмі добрыя, сціплыя. Калі Бог падышоў бліжэй, гаспадары ветліва сустрэлі яго і запрасілі ў хату. За гэта Бог ператварыў іх старую хату ў палац. На стале дарагія стравы на залатых і сярэбраных талерках, а гаспадары ў дарагіх вопратках. Каля палаца стаў сяліцца люд. Усе лічылі гэта месца спрыяльным. А побач узнік храм, дзе Ізяслаў і Багуміла сталі жрацамі. Пасля смерці яны ператварыліся ў дрэвы — клён і ліпу.
Гэтая легенда — водгук на існаванне ў нашых лясах замка летапіснага князя Ізяслава Свіслацкага.
Падрыхтавала Л. Жук,
галоўны захавальнік фондаў раённага гісторыка-краязнаўчага музея.