banner

І ні хвіліны спакою...

10 Декабря’08
2282

І ні хвіліны спакою...Боскай воляй Лідзіі Паўлаўне Турак было наканавана вытрываць многія жыццёвыя выпрабаванні. Колькі разоў сам-насам з сабою яна перагортвала старонкі перажытага... І сёння наш прыезд прымусіў яе яшчэ раз вярнуцца думкамі ў мінулае, у гады гаротнага сірочага дзяцінства. І зноў перад вачыма ўзнік рой успамінаў.

— Родам я з Каліноўскай, — пачала Лідзія Паўлаўна. — Памятаю, як у 1939-м тата на вайну адыходзіў. Я яму казала: “Татачка, не хадзі. Бо табе жоўтым пясочкам вочы засыплюць...” Малая яшчэ была. А так добра гэты момант помніцца... Не дачакаліся бацькі, не вярнуўся...

Кажуць, бяда не прыходзіць адна. Маленькі брацік, якому было ўсяго паўтара гадкі, падчас сну ўпаў з печы на гліняную падлогу. Ад удару цяжка захварэў. Лідзія Паўлаўна памятае, як яго зімой на санях везлі да ўрача аж у Беласток. Маці прыхіляла сыночка да грудзей, схаваўшы ад марозу пад сваю вялікую хустку. Увесь доўгі шлях раз-пораз расхіналася, заглядаючы, як дыхае яе дзіця... Не выратавалі ўрачы хлопчыка...

У той жа нялёгкай дарозе маці і сама застудзілася, падарвала здароўе. І ў сваіх сем гадкоў маленькая Ліда засталася круглай сіратою.

З маленства жыццё не было для яе лёгкім. Прытулак сірата знайшла ў дзядзінай (так называла жонку роднага дзядзькі). Збыткаваліся з яе ў чужой хаце.

— Вучылася я ў Ятвеску. У школу хадзіла ў лапцях. Ды які быў той абутак? Дзеравякі, абкручаныя анучамі. Помню, памарозіла ногі. Так змерзла, што не стала моцы ісці. Абяссіленая, села на кургане пры дарозе... Там мяне і знайшлі. Хросная знайшла...

Часценька дзяўчынка ўспамінала маму. Плакала, гледзячы праз акно на могілкі. Пераводзячы дух, галасіла. У журбе клікала свайго роднага чалавека...

Цяжка жылося і васемнаццацігадовай Лідзіі. У той час яна якраз захварэла на сухоты. У дзядзькавай хаце ўсё менш заставалася для яе месца. Есці даводзілася, седзячы на лаўцы ў І ні хвіліны спакою...парозе. Што казаць... Маладой дзяўчыне і на танцы хацелася. А там... Аднагодкі нібы цураліся хворай, шапталіся за спіной: “Яна сухотная!..” А дзяўчына так чаплялася за жыццё! Хадзіла да ўрачоў у Ваўкавыск, Гродна... Тры гады лячылася...

А аднойчы ў чужой хаце ёй сказалі: “Вясенні вецер падзьме — выбірайся!” У гэты час гаротнай пашчасціла. На танцах у Грынках дзяўчына пазнаёмілася з хлопцам. Закахаліся. А праз два тыдні да яе завіталі сваты... Дарэчы, у сакавіку 2008 года Мікалай Паўлавіч і Лідзія Паўлаўна Туракі адзначылі залатое вяселле.

Сёння Лідзія Паўлаўна, нягледзячы на тое, што за плячыма ўжо сем дзесяткаў, усё тая ж руплівая гаспадыня. Проста рэдкі чалавек у Грынках. Не ў яе звычках сядзець склаўшы рукі. Прывучана да работы была з малога. Многа поту праліла калісьці і на сваю палоску зямлі.

Калісьці на сваёй мы

Вузенькай палосцы

Жыта жалі ды касілі,

Пакуль хапала сілы...

Спіну гнулі, працавалі

Ды вельмі стамляліся.

Ад спякоты ў поўдзень

Пад снапы хаваліся...

І ні хвіліны спакою...Гэтыя радкі Лідзія Паўлаўна склала сама. Дзівіцца тут ёсць чаму, бо яна мае толькі чатыры класы адукацыі. Увогуле, вершаў складзена шмат: былі ў жыцці гады паэтычнага натхнення.

Лідзія Паўлаўна цудоўна вяжа. Вось яно, яе багацце і гонар, — чамадан сурвэтак і абрусаў. Умела і самабытна майстрыха вывязвае кручком самыя розныя сувеніры: кашолкі з грыбамі, клубніцамі, дубовыя галінкі з жалудамі, чарот. І ўсё гэта выглядае, як жывое. А вышыўка наогул вышэй усякай пахвалы: узор кладзецца аднолькава прыгожа адразу на два бакі матэрыі, і ні аднаго вузельчыка.

І ні хвіліны спакою...Хата ў гаспадыні — як лялька. А ў двары проста дзіва-дзіўнае. Адкрываеш веснічкі — і нібы трапляеш у грыбное царства. Ідзеш сярод каменных грыбоў па старанна вылажанай каменьчыкамі сцежцы, узіраешся: на пяньках зайчыкі сядзяць, вожыкі, па агародзе паважна “крочыць” бусел... Там масток, тут рэчышча ракі. У моцны дождж рэчка напаўняецца вадой, і бяжыць, і бурліць... А летам падворак Лідзіі Паўлаўны тоне ў моры кветак. Ім — яе любоў і клопат. У спякотны дзень гаспадыні здараецца прынесці 15-20 вёдзер вады для паліву. І гэта работа прыносіць ёй задавальненне.

Колькі ж вакол хараства і фантазіі! Колькі ў Лідзіі Паўлаўны працавітасці і жыццялюбства! Вось вымалёўваюцца абрысы яшчэ адной клумбы. Значыць, пераможца раённага агляду-конкурсу на лепшае падвор’е нястомна працягвае жыць па прынцыпу “і ні хвіліны спакою...”.

Наталля КОМАР.

Фота Вольгі БУБЕНЧЫК.

Предыдущая статья

Гады жыцця, як дыяменты