banner

Калі лялькі — занятак для дарослых

20 Апреля’12
2017

Сёння разам з аўтарам гэтага матэрыялу мы прапануем чытачу здзейсніць падарожжа ў абласны цэнтр і тым самым пашырыць не толькі геаграфічныя рамкі нашых “Вандровак…”, але і часовыя: Святлана Мінько, студэнтка факультэта гісторыі і сацыялогіі ГрГУ імя Я. Купалы, запрашае ў 1980-ыя гады. З добрым прыбыццём вас у Гродзенскі тэатр лялек!
Біяграфія Гродзенскага тэатра лялек унікальная тым, што тэатр нараджаўся некалькі разоў. Першы раз гэта адбылося больш сямідзесяці гадоў назад. Таму тэатр лічыцца старэйшым лялечным калектывам у нашай краіне ўслед за Беларускім дзяржаўным тэатрам лялек. Другое нараджэнне адбылося ўжо пасля вайны ў статусе тэатра лялек пры Доме народнай творчасці ў Гродне.
Пастановай Савета Міні-страў БССР ад 30 верасня 1980 г. № 344 і рашэннем Гродзенскага аблвыканкама ад 27 кастрычніка 1980 г. № 350 «Об открытии в городе Гродно областного театра кукол с 1 ноября 1980 года» у трэці раз Гродзенскі абласны тэатр лялек быў адкрыты 1 лістапада 1980 года. Ля вытокаў тэатра стаялі рэжысёр Сяргей Юркевіч і старэйшы мастак беларускага тэатра лялек Леанід Быкаў.
Гродзенскі абласны тэатр лялек знаходзіўся ў трох кропках горада. Адміністрацыя месцавалася ў абласным навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці і культпрасветработы. Рэпетыцыі праводзіліся ў Гродзенскім драматычным тэатры. А майстэрня тэатра размяшчалася ў будынку, дзе сёння знаходзіцца прэстыжны рэстаран горада “Старый лямус”. Тады гэта быў струхлелы будынак, які не бачыў рамонтаў, мабыць, з часоў Антонія Тызенгаўза. Спектаклі тэатра праходзілі ў невялікай зале Дома народнай творчасці, на сцэне гарадскога Дома культуры.
Трупа Гродзенскага тэатра лялек была створана з выпускнікоў аддзялення тэатра лялек Ленінградскага дзяржаўнага інстытута тэатра, музыкі і кінематаграфіі імя М. Чаркасава, Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута і Гродзенскага вучылішча культуры.
Гродзенскі абласны тэатр лялек быў урачыста адкрыты 25 мая 1981 года спектаклем “Людвіг і Тутта” В. Богача і С. Хрыстоўскага ў пастаноўцы Сяргея Юркевіча. На першым рэспубліканскім фэсце тэатраў лялек і тэатраў юнага гледача ў 1981 годзе калектыў быў узнагароджаны за гэты спектакль граматай Беларускага тэатральнага грамадства.
Рэпертуар тэатра ў перыяд яго стварэння быў складзены на аснове якаснай савецкай шматнацыянальнай драматургіі для дзяцей. У пастаноўках выкарыстоўваліся лялькі розных сістэм, спалучаўся адкрыты прыём лялькаваджэння з дзеяннем акцёра ў жывым плане.
У сувязі з тым, што Гродзенскі абласны тэатр лялек не меў стацыянарнай сцэны, трупа гастралявала па Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай, Магілёўскай абласцях.
Вялікая ўвага ў працы тэатра надавалася мерапрыемствам па аказанню творчай дапамогі мастацкай самадзейнасці. Галоўным чынам тэатр дапамагаў гарадскім гурткам самадзейных тэатраў лялек кансультацыямі, драматургіяй. У студзені 1981 года быў арганізаваны гурток тэатра лялек пры палацы культуры хімікаў.
У 1984 годзе трупа Гродзенскага абласнога тэатра лялек атрымала ўласную сцэну — будынак старэйшага тэатра Беларусі, пабудаваны яшчэ ў часы Антонія Тызенгаўза. Аднак з атрыманнем стацыянара ў дзейнасці тэатра востра адчуваўся недахоп тэхнічных кадраў па абслугоўванню будынка і гледача.
У 1988 годзе Гродзенскі тэатр лялек узначаліў галоўны рэжысёр Мікалай Андрэеў. З гэтага часу пачаўся новы якасны перыяд ў жыцці тэатра. У рэпертуары з’явіліся спектаклі для дарослых “Кентервильское привидение” паводле О. Уальда, “Лекарь поневоле” паводле Жана Батыста Мальера, “Тутэйшыя” паводле Янкі Купалы.
Дзякуючы фінансавай падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама ў пачатку ХХІ ст. у калектыва было каля 40 міжнародных кантактаў. Трупа аб’ездзіла ўсю Польшчу (гарады Торунь, Ломжа, Варшава, Гданьск, Беласток, Люблін). Пабывалі ў Маскве, Разані, Санкт-Пецярбургу, ва Ужгарадзе (Украіна), Заграбе (Харватыя), Ліможы (Францыя), Каўнасе і Алітусе. Прычым амаль усюды выступалі на мове краіны-гаспадыні. Такой колькасці выездаў за межы рэспублікі не было не толькі ў калегаў-лялечнікаў, але нават у драматычных калектываў. Таму 6 студзеня 2004 г. калектыў Гродзенскага абласнога тэатра лялек быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за ўклад у развіццё міжнародных культурных сувязяў. Узнагароду ўручыў асабіста кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
За час існавання тэатр выпрацаваў уласны стыль, заснаваны на сінтэзе класічнага і сучаснага сцэнічнага мастацтва: арганічным спалучэнні толькі акцёрскай (драматычнай) ігры і ігры з лялькамі, шырокім выкарыстанні тэхнічных магчымасцей стацыянарнага тэатра (асвятленне, гук, рухомая сцэна, пад’ёмныя штанкеты і г.д.). Адметна тое, што Гродзенскія акцёры маюць шырокі моўны дыяпазон. Яны граюць спектаклі на беларускай, польскай, рускай мовах.
Сёння Гродзенскі абласны тэатр лялек — гэта сучасны перспектыўны сцэнічны калектыў, пазнаёміцца з якім варта кожнаму, хто наведвае Гродна.

Предыдущая статья

Вдохновленные профессией спасателя