Нас пазнаёміў Максім Багдановіч

05 Марта’12
2959

Нас пазнаёміў Максім Багдановіч

З той пары, калі мне давялося сустрэцца з беларускай паэткай Данутай Бічэль-Загнетавай, мінула амаль трынаццаць гадоў. У адзін са снежных зімовых дзён для нас, студэнтаў рускага аддзялення Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы, была наладжана экскурсія ў музей Максіма Багдановіча — дом у Гродне, дзе з 1892 года па 1896-ы жыла сям’я паэта. “Побач — сад стары кляновы на Малой Садовай вулцы, вулцы-згорбленай бабульцы, наш амаль вясковы домік, як забыты вершаў томік, як снапок валошкаў польных, запрашае ўсіх бяздольных, хто згубіўся ў часе нудным, хто жыве жыццём няўклюдным, хто ў натоўпе, нібы ў полі, хто сяброў не меў ніколі, — запрашае абагрэцца ля паэтавага сэрца! За драўлянымі дзвярыма неўміручы свет Максіма…” — пісала пра гэты астравок з біяграфіі беларускага паэта Данута Бічэль. Дырэктарам гэтага музея яна і працавала ў гады майго студэнцтва. Так што можна сказаць, што судакрануцца з паэткай мне пашчасціла дзякуючы Максіму Багдановічу.
Памятаю, сустрэла нас на парозе Максімавага дома пажылая жанчына з кароткімі цёмна-русымі валасамі, расчэсанымі на правы бок. На яе плечы была накінута вялікая шэрая хустка. Гэта і была Данута Бічэль-Загнетава:

Я жыву ў тваім доме,
Максіме.
Гэта лёс мой, мяне
не прасілі.
На Твой голас іду
Тваім следам.
Так, іду за вялікім
Паэтам.

Дэталі той экскурсіі выцер з памяці час. Толькі вось не забываецца эмацыянальная атмасфера сустрэчы з паэткай у паэтавым доме. Данута Бічэль-Загнетава запрашала нас з пакоя ў пакой і любоўна апавядала пра Максіма Багдановіча, ласкава праводзячы рукой па мэблі, што нібы ўвабрала ў сябе святло маладога паэта. І сёння я бачу яе паэткай, што па-жаночы прызналася ў любові Максіму Багдановічу (Чаму не? Ён жывы ў сваім доме. Яго несмяротная душа — у яго несмяротнай паэзіі. І няма ў Бога падзелу на мёртвых і жывых.) Бачу Дануту Бічэль-Загнетаву паэткай, натхнёнай Максімавым натхненнем.
Напрыканцы экскурсіі наша зямлячка (родам Данута Бічэль з Лідчыны) пакідала ў набытым у музеі зборнічку свой аўтограф. Пыталася кожнага: “Як завуць?” — і с ходу рыфмавала двухрадкоўі. Мне напісала наступнае: “Жадаю Наташы не ведаць духоўнай прапажы”.

Наталля ТУРКО.

Предыдущая статья

«Звездные лучики» покоряют умом планету