banner

Гарачы чэрвень 41-га

15 Июня’11
2058

Гарачы чэрвень 41-га

Лідзія Уладзіміраўна Касцюк не любіць гаварыць пра вайну. І ўспамінамі сваімі не вельмі хацела дзяліцца, ледзь удалося яе ўгаварыць. Ужо потым, калі яна ўсё ж пачала распавядаць пра падзеі 70-гадовай даўнасці, я зразумела чаму. Мароз па скуры ішоў, толькі слухаючы тыя ўспаміны, а ёй давялося ўсё гэта перажыць самой. А было на той момант дзяўчынцы Лідачцы ўсяго шэсць гадкоў...

– Маё дзяцінства не тут прайшло. Я нарадзілася ў Івацэвіцкім раёне, у вёсцы Міронім. Яна з трох бакоў была лесам акружана, а з чацвёртага працякала рака Шчара. Калі пачалася вайна, шмат хто з мужчын адразу ў партызаны падаўся. Але часта прыходзілі, хто з сям’ёй пабачыцца, хто за прадуктамі. Немцы ж стаялі ў другой вёсцы – Быцень. Гэта за 9 кіламетраў ад нас. Дык яны часта ў Міронім наязджалі, каб партызанаў злавіць, але ім гэта не ўдавалася.

Неяк прыйшлі немцы і сагналі ўсіх жыхароў на сход. Выбіралі сабе памочнікаў. І некаторыя ж мужыкі добраахвотна пайшлі да немцаў служыць, а адзін хлопец згадзіўся ісці на службу памочнікам войта, каб мець магчымасць дапамагаць партызанам. Ён вельмі адукаваным быў, разумным хлопцам, нямецкую мову ведаў.

Пасля тыя прыслужнікі нямецкія пачалі ім дакладваць, хто з жыхароў у партызанах ці дапамагае ім. І задумалі нелюдзі сем’і партызанскія знішчыць. Аднойчы раніцай наехала тых немчуроў поўная вёска і пачалі нявінных людзей з хат выганяць. У мяне сяброўка была, Верачка Грабун. Яна прыбегла раненька да мяне, мы сядзім з ёю, размаўляем, тут яна пагля-дзела ў акно і бачыць, што па вуліцы немцы шмат людзей вядуць, а сярод іх яе мама, бабуля, сястрычка і маленькі брацік, ён яшчэ хадзіць не ўмеў, мама яго на руках несла. Вера ўбачыла і сказала: “Я таксама з імі пайду”, – і пабегла на вуліцу. Я ж следам за ёй, каб паглядзець, куды гэта іх вядуць. А людзей прыгналі да плябаніі і там у радок паставілі. Чалавек трыццаць было. Тады той хлопец, што быў памочнікам войта, пачаў па-нямецку тлумачыць, што людзі не вінаватыя, што многія з іх ніякага дачынення не маюць да партызанаў. І немцы яго паслухалі, некаторых вывелі з таго натоўпу. Сярод іх была і бабуля Верчына. Верка пачала крычаць і рвацца да бабулі, а бабуля да яе. Яны так крычалі, так прасіліся. І немец адзін схапіў Верку за каўнер і шпурлянуў у бок бабулі. Хлопец той выратаваў, можа, палавіну асуджаных на смерць у гэты дзень. Верка і да сёння жыве. Замуж выйшла, дзяцей нараджала, ужо, напэўна, і праўнукаў мае.

Усіх тых, каго не ўдалося выратаваць, павялі далей, за вёску. Там былі выкапаны ямы, людзі ў іх бульбу на зіму захоўвалі. А гэта ж лета было, дык ямы пуставалі. Вось тых людзей паставілі на край адной такой ямы і пачалі страляць. Маму Верчыну і сястрычку застрэлілі, а браціка маленькага і страляць не сталі, так кінулі жыўцом у тую яму. Ён, бедненькі, задыхнуўся пад трупамі. Як жа страшна было, я ад таго страху сама чуць не памерла. Закопваць прымусілі мужыкоў з вёскі. Калі яны пачалі засыпаць тую яму, адна дзяўчына маладая падала голас: “Не засыпайце, я жывая”. Тады мужыкі толькі прысыпалі яе трошкі, каб яна магла выбрацца. Ноччу яна вылезла з ямы і папаўзла дадому. Параненай была. Пераначавала, а раніцай немцы прыйшлі і ўсё роўна забілі. Халуі нямецкія выдалі, паганцы...

Мой дзед з бабуляю жылі на хутары ля самага лесу. Да іх партызаны амаль што-дзень прыходзілі. Бабуля іх карміла, малако давала, а дзед коней іхніх даглядаў, тых, што слабымі былі ці параненымі.

А яшчэ да іх унукі часта прыходзілі, дзеці сынавы. Маці ў іх памерла, а мачыха крыўдзіла, вось яны і прыходзілі да дзеда з бабай. Трое іх было. Старэйшаму 15 гадоў, сярэдняму – 13 і малодшанькаму – усяго 6.

Аднойчы, калі дзеці былі ў дзеда, ноччу заявіліся немцы. Выгналі ўсіх з хаты, паставілі ля студні і расстралялі. А хутар спалілі. Усё згарэла: і коні, і каровы, і свінні, і куры. Раніцай людзі знайшлі толькі пяць трупаў каля студні, а замест хутара – чорныя галавешкі.

Вось як было…

Праз нейкі час чутка прайшла, што войта забілі. Як жа тады немцы раз’юшыліся! Хацелі ўсю вёску знішчыць разам з жыхарамі. Але потым нешта перадумалі і рашылі маладых у Германію вывезці на катаржныя работы. Але ж жыхары пра гэта не ведалі яшчэ.

Неяк рана-раненька немцы ачапілі сяло і пачалі з кожнай хаты ўсіх выганяць. Забіралі маладых хлопцаў, дзяўчат і мужыкоў. Мама наша ўбачыла, прыбегла ў хату, крычыць: “Уставайце, дзеткі, мусіць, апошні дзянёк на свеце жывём”. Нас у мамы васьмёра было. А тата яшчэ перад вайной загінуў, яго маланка забіла. Прыйшлі немцы і да нас, хацелі ўзяць старэйшага брата, але потым паглядзелі, што адна дзетвара ў хаце, што бацькі няма, і не ўзялі. А ў некаторых па тры чалавека пабралі, і ў цёткі маёй таксама дзве дачкі і сына схапілі. Яна мала не ашалела ад гора.

Сабралі ўсіх гэтых людзей і 20 кіламетраў гналі пешшу аж да Слоніма. Там запіхнулі ў вагоны цялячыя і павезлі ў Нямеччыну. Не ўсім было суджана вярнуцца дадому, не ўсім…

Не люблю я вайну ўспамінаць, балюча вельмі…

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Фота аўтара.

Предыдущая статья

Победа в республиканском cоревновании