Час імчыць, нібы плынь ракі. Дзень да дня – і выцягнуўся ў ланцужок цэлы год. Прайшоў. Прамільгнуў. Але ж грэюць душу падзеі, да якіх хочацца яшчэ і яшчэ вярнуцца, пацешыць сэрца ўспамінамі і атрымаць асалоду. Такой падзеяй для нашага клуба стаў пяцігадовы юбілей аматарскага аб’яднання “Спадчына”.
Не ведаю, чаму так, але, здаецца, няма такой пявучай вёсачкі, як нашы Грыночкі. Шчабятанне птушак, подых ветру, шапаценне дрэў, ззянне расы на кветках – усё гэта складаецца ў адну мілагучную песню, якую і падхапілі нашы продкі. Здавён дзяды і прадзеды спявалі і ў радасці, і ў смутку. А калі ў сям’і быў свой музыкант, то ў хаце ладзіліся вясёлыя вячоркі – сэрца заходзілася ад песень і танцаў.
У музычнай вялікай сям’і нарадзілася Людміла Георгіеўна Лукша. Усё сваё працоўнае жыццё аддала працы ў галіне культуры, за што атрымала ганаровае званне “Заслужаны работнік культуры”.
Трохі адпачыла на пенсіі, падгадавала ўнукаў і захацелася зноўку, як у маладыя гады, на сцэну, зліць сваю душу і натхненне ў любай матчынай песні. Яе радасна падтрымалі сяброўкі. Засядзеліся дома. І пайшлі рэпетыцыі, канцэрты, пошук і аднаўленне рэпертуару – карацей кажучы, станаўленне творчага калектыву.
Сёння “Спадчынай” кіруе Святлана Віктараўна Гінч, дачка Людмілы Георгіеўны. Яна мае таксама цудоўны голас, бо выгадавалася на родных песнях і любоў да іх нясе па сваім жыцці. А яшчэ Святлана – чалавек з добрым сэрцам і залатымі рукамі. У любую хвіліну, калі трэба, яна прыйдзе на дапамогу. Менавіта яна аўтар і выканаўца сцэнічных касцюмаў для сябе і для калектыву.
“Спадчына” не ўяўляе сябе без кагосьці з членаў калектыву: Ганна Лукашэвіч, Яўгенія Барэль, Ніна Дзідзенка, Вольга Акудовіч, Марыя Акудовіч, Марыя Казлоўская, Лідзія Трахімік, Марыя Аўсейчык, Раіса Сухоцкая, Алена Варабей, Кацярына Чурак. Збіраюцца гэтыя прыгожыя жанчынкі не толькі каб паспяваць, але і каб душу адвесці: разам сустракаюць святы, юбілеі, дні нараджэння.
Вось і ў той святочны дзень зала поўнілася гасцямі, узрушана зіхацелі вочы, цёплыя ўсмешкі ўпрыгожвалі твары. Са шчырымі словамі і падарункамі юбіляраў павіншавалі загадчык аддзела культуры Свіслацкага райвыканкама Б. Б. Кісялеўскі, метадысты Свіслацкага РМЦ, былы старшыня калгаса А. А. Мілько, намеснік дырэктара ААТ “Грынкі” па ідэалагічнай рабоце І. В. Дзуновіч. З добрым настроем да сваіх сябровак прыехаў Мікалай Іванавіч Барэль, які ў знак удзячнасці за цікавыя сумесныя творчыя гады падараваў цудоўны музычны нумар.
І ліліся, ліліся песні... Ад усяго сэрца, ад усяе душы. Правільна сказаў паэт Іван Цітавец: “Жыццё маё песняй спавіта, без песні яно не жыццё...” Гэта пра іх, пра “Спадчыну”.
Толькі-толькі адзвінелі апладысменты на юбілейным свяце, на канцэрце, прысвечаным удзельнікам справаздачнага сходу ветэранскай арганізацыі мясцовай гаспадаркі (дарэчы, Людміла Георгіеўна пяць гадоў узначальвала яе), а калектыў ужо ў новым пошуку – поўным ходам ідуць рэпетыцыі да раённага фестывалю фальклору. І дай Бог, каб гэтага творчага натхнення і настрою хапіла на доўгія гады.
Плёну табе, дарагая “Спадчына”!
М. САМАЛЕВІЧ, в. Грынкі