Пачаўшыся яшчэ ў прошлым годзе, навагоднія святы доўжацца амаль увесь студзень і ўключаюць у сябе шэраг святочных падзей: Ражство, Каляды, Вадохрышча.
І калі Новы год прынята сустракаць з сям’ёй, то ў шчодры вечар трэба ўжо абавязкова чакаць гасцей.
Нам, бацькам дзяцей, якія наведваюць Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. Свіслач, пашчасціла апынуцца на свяце “Калядкі”, якое падрыхтавалі для нас работнікі цэнтра з дзецьмі.
А людзей тут цераз край,
Хоць ты лыжкай мяшай!
Сустракалі гасцей сапраўдныя героі Калядак – Гаспадар з Гаспадыняй, Шчодра, Мядзведзь, Каза, Чорт.
Увесь вечар гучалі віншаванні, беларускія святочныя песні, вершы. Госці прымалі ўдзел у калядных гульнях, варажбе.
Асабістай увагі заслугоўвае калядны стол – студзень, куцця, сырнікі, сала, бліны, аладкі, каўбасы, квас, розныя віды печыва.
Мы, дарослыя, вельмі парадаваліся на калядках у ДЦРД. Свята ўскалыхнула душу, палепшыла настрой. Прыемна, што нашы дзеці маюць магчымасць дакрануцца да гістарычнага мінулага нашай краіны і з маленства знаёміцца з беларускімі абрадамі і святамі. Дзякуй за гэта ўсім выхавальнікам нашых дзетак. Наша падзяка таксама ўсім работнікам ДЦРД за прыемны калядны вечар.
Будзьце ўсе здаровы,
Да работы гатовы.
Майце торбу грошай
І жывіце ў раскошы.
Майце ўсяго даволі,
А бяды ніколі.
В. ЖУК