Улюбёныя ва Хрысце браты і сёстры!
Напярэдадні Ражства Хрыстова прымайце шчырыя і сардэчныя віншаванні.
Больш за дзве тысячы гадоў аддзяляюць нас ад той святой Віфлеемскай ночы, якая абвясціла свету тайну Богаўвасаблення, і ў якую над Віфлеемскімі палямі прагучалі анёльскія галасы: “Слава ў вышніх Богу, і на зямлі мір, у чалавеках прыхільнасць” (Лк. 2,14).
Мінула шмат часу. З таго моманту свет стаў непазнавальны: многае адкрыта, многае зведана. Колькі за гэтыя гады ўзнікала і рушылася магутных імперый; колькі ў свеце было знакамітых людзей – і прайшлі яны бесслядоўна; якія толькі не ўзрушвалі свет перавароты – і духоўныя, і сацыяльныя, і палітычныя. І ўсё гэта мяняла абрысы свету гэтага, і ўсё знікла. Засталося нязменнае ў свеце гэтым адно – чалавек і чалавечая бессмяротная душа. Нязменная засталася для нас і евангельская добрая вестка аб прыходзе ў свет Сына Божага, які стаў Сынам Чалавечым дзеля выратавання людзей. Пра гэты найвялікшы цуд апостал Павел так усклікае: “Велічна набожнасці тайна: Бог з’явіўся ў плоці, апраўдаў Сябе ў Духу, паказаў Сябе – Анёлам, прыняты вераю ў свеце” (1.Цім. 3,16).
І зноў, і зноў, пакуль існуе свет, і пакуль гарыць вера Хрыстова ў людзях, Віфлеемская падзея хвалюе і радуе чалавечыя сэрцы. Мы зноў перажываем яе, стараючыся ўнікнуць у “вялікую набожнасці тайну” (1. Цім. 3,16). Гэта невыпадкова, бо ўсе мы звязаны з Госпадам, нават, магчыма, насуперак свайму жаданню, бо душа наша па прыродзе хрысціянка.
Падзея Ражства Хрыстова будзе і надалей замілоўваць нас таму, што тайна Віфлеемскай ночы не спынілася, яна жыве, яна не знікае, як не знікае любоў Нябеснага Айца да роду чалавечага. Хрыстос праз стагоддзі, праз падзеі і розныя абставіны ідзе да нас дзеля нашага абнаўлення і выратавання. Час і прастора не маюць над ім улады. Хрыстос зноў і зноў уваходзіць у наша жыццё, паведамляючы і Віфлеемскую тайну, і радасць Богаадносін.
Няхай у гэты дзень і заўжды вашы сэрцы поўняцца
дабрынёй і спагадай, а душы — мірам і шчасцем. Добрага вам усім святочнага, радаснага настрою.
Поспехаў ва ўсіх справах, няхай Бог будзе поруч у вашых памкненнях і ўчынках, няхай анёлы-ахоўнікі аберагаюць вас і вашых блізкіх. Светлага вам Ражства Хрыстова!
Касцёл Рымска-Каталіцкі св. Францішка з Асыжу ў Свіслачы і яго вернікі для ўсіх веравызнаўцаў каталіцкай канфесіі на Свіслаччыне.