banner

У пошуках спадчыны

15 Ноября’10
2885

У пошуках спадчыныЗямля, на якой мы жывём стагоддзямі, захоўвае незлічоныя помнікі старажытнасці ў выглядзе курганоў, гарадзішчаў, селішчаў, якія захапляюць сваёй таямнічасцю і вабяць археолагаў.

На тэрыторыі Свіслацкага раёна такія рэшткі мінулага былі выяўлены і абследаваны ў 1983—1984 гадах археолагамі Р. Якімовічам, З. Глогерам, М. Федароўскім, Я. Звяругай і Г. Семенчуком, у 1995-м — В. Лакізай. Гэта каменныя магілы перыяду сярэдневякоўя каля в. Вілейшы, селішча на паўночнай ускраіне в. Качкі, бескурганны могільнік каля в. Сакольнікі, каменныя магілы на ўскраіне вёсак Палуянкі і Студзенікі, гарадзішча каля в. Хрустава, каменныя могільнікі каля в. Вялікая Свянціца, стаянкі перыядаў каменнага і бронзавага вякоў каля в. Грыцкі, камень-следавік каля г. п. Поразава, стаянкі каля вёсак Ражкі і Ранявічы, каменны могільнік каля в. Ятвеск, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоў­насцей Рэспублікі Беларусь.

На працягу некалькіх стагоддзяў гэтыя месцы лічыліся сакральнымі, людзі адносіліся да іх з павагай, баяліся кранаць святое. Мінуў час, у выніку «палявання за скарбамі» пашкоджаны многія курганы і могільнікі. Незваротна страчаны бескурганны могільнік на паўднёвай ускраіне Сакольнікаў, часткова раскапаны могільнікі ў Палуянках і Ятвеску.

26—27 кастрычніка па дамове з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі супрацоўнікі раённага гісторыка-краязнаўчага музея В. Трахімік, В. Шкулепа, намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Т. Русак сумесна з археолагам Н. Казюкевіч праводзілі работы па выяўленні, інвентарызацыі і нанясенні на карты помнікаў археалогіі, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь па Свіслацкаму раёну.

Па выніках работ будуць складзены ўліковыя карткі новага ўзору і новыя пашпарты на выяўленыя помнікі археалогіі. Старэйшым навуковым супрацоўнікам музея вядзецца работа па перазаключэнні ахоўных абавязацельстваў з уласнікамі гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Вялікая падзяка за дапамогу жыхарам вёсак Вілейшы, Крапіўніца, г. п. Поразава, вадзіцелю А. Сыраежка.

Н. МАРЦІНЧЫК,

дырэктар УК «Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей».

Предыдущая статья

Праздник для родителей