banner

Чытаем разам

25 Июля’17
2143

Чытаем разам

З ранняга дзяцінства памятаю, як пад настрой мой татка, Мікалай Мікалаевіч Пракопік,  чытаў прыгожыя  вершы:

      

        Па-над белым пухам вішняў,

        Быццам сіні аганёк,

        Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі

        Сінякрылы матылёк…

 

Альбо адчыніць дзверы ў хату марозным вечарам і звонка паддасць усім настрою:

 

         Здароў, марозны звонкі вечар!

         Здароў, скрыпучы, мяккі снег…

 

Ці ў хмурую веснавую раніцу:

 

          Праясняецца пагода,

          Бо вярнулася вясна.

 

Так я з малых гадоў убірала ў сябе любоў да паэтычнага слова, да кнігі. Сапраўднай асалодай былі паходы ў бібліятэку ў Глушкі, гэта больш за кіламетр ад нашай вёскі. Здаецца, я і зараз адчуваю непаўторны пах кнігі…

 

Толькі ў школе даведалася, што цудоўныя татавы вершы напісаў Максім Багдановіч. Яго паэзія мяне натхняла, вучыла любіць свой край, расці патрыёткай. Пад яго ўплывам сама стала трошкі пісаць, многа чытала і марыла быць паэтам ці журналістам.

 

Час ляціць хутка. Але што ў сэрца, у душу закладзена з дзяцінства – не забываецца. І зараз кніга вершаў Максіма Багдановіча «Краю мой родны» ў мяне на рабочым стале. Я бяру яе з сабой у вандроўкі і перачытваю, перачытваю, перачытваю... Часта звяртаюся да паэтычных радкоў сапраўднага сына сваёй Радзімы пры падрыхтоўцы і правядзенні розных клубных мерапрыемстваў. Ён вельмі хацеў, каб беларуская мова гучала сярод іншых моў на адным узроўні, і ўсё сваё жыццё прысвяціў гэтай справе. На пачатку бягучага года я з задавальненнем паехала ў Мінск, каб пабываць у доме-музеі любімага паэта. Сустрэла там такіх жа апантаных людзей і з асалодай няспешна прайшлася па залах. А днямі наведала дом-музей Максіма Багдановіча ў Гродне. І зноў акунулася ў атмасферу яркага жыцця паэта.

 

Падрастае ўнучка Настачка. Вельмі любіць спяваць беларускія народныя песні, чытаць вершы. Я вучу яе беларускай мове, нашым цудоўным трапным выразам, паэтычнаму слову і веру, што паэзія майго любага паэта Максіма Багдановіча таксама знойдзе месца ў яе жыцці. Спадзяюся, што сваё жаданне трапіць у Ялту на магілу паэта мы здзейснім разам з ёй, з маёй унучкай. Каб пакланіцца Багдановічу…

 

Марыя САМАЛЕВІЧ,

аг. Грынкі.

Предыдущая статья

Все для приятных покупок