Да восені нальюцца яны сакавітымі пладамі, і ўсё наваколле напоўніцца такім непаўторным водарам спелых яблыкаў. Такой квітнеючай была і вясна 1941 года. Людзі цешыліся, рупліва працавалі ў полі, у дварах. Раслі дзеткі, свяціла сонейка, і радасна было на душы ў кожнага. Яшчэ ніхто не ведаў, што варожая зграя ўжо точыць зубы, і спакойных начэй ды ціхіх дзён застаецца ўсё менш і менш, што нябачны гадзіннік адлічвае апошнія дні, а потым гадзіны да таго страшэннага часу, калі ўсю гэтую цішыню і прыгажосць парушыць вайна.

Расправа на ўзгорку
Бяда, яна заўсёды прыходзіць нечакана, урываецца, як ураган, як смерч, і разбурае ўсё на сваім шляху. Так было і тады, у сорак першым. З самага пачатку фашысты пачалі ўстанаўліваць “новыя парадкі”, і жыццё вяскоўцаў ператварылася ў бясконцы жах, страх за сваё жыццё, а яшчэ больш за жыццё дзяцей, унукаў. У навакольных лясах быў створаны партызанскі атрад, у які ўваходзілі жыхары Хілімонаўцаў і іншых бліжэйшых вёсак. Многія вяскоўцы падтрымлівалі з партызанамі сувязь, дапамагалі, чым маглі.
Але, на жаль, былі і такія, што перайшлі на службу да акупантаў, прадавалі сваіх суседзяў, былых сяброў. Адзін з такіх пільных даносчыкаў, сусед Лявон, пайшоў у Мсцібава, дзе была камендатура, і сказаў каменданту, што трое сыноў з сям’і Міхаіла Дырынды пайшлі ў партызаны. Той адказаў, што спачатку трэба разабрацца. Тады ў хату да Дырындаў прыйшлі некалькі чалавек і прадставіліся народнымі мсціўцамі. Гаспадар гасцінна запрасіў да стала, жонка пачаставала, чым магла, трошкі пагутарылі і “партызаны” пайшлі. У той дзень гаспадынька якраз напякла шмат хлеба. Гэта немцам і паліцаям дадало яшчэ больш упэўненасці ў тым, што сям’я звязана з партызанамі. Раніцай вярнуліся тыя ж людзі, але ўжо ў нямецкай форме...

Канстанцін Дырында
Сонца толькі-толькі падымалася з-за гарызонта. Гэта было на світанку 24 чэрвеня 1943 года… Немцы выгналі прыкладамі ў спіну ўсіх, хто быў у хаце: сына Сцяпана з цяжарнай жонкай Аленай, Івана з жонкай Насцяй, яшчэ нежанатага Андрэя і дачушку Марусю. Гасціла ў той час у іх чатырнаццацігадовая ўнучка Маня, яе хацелі таксама расстраляць, але людзі сказалі, што яна чужая, што выпадкова тут апынулася. Яе адпусцілі. Бацьку і маці таксама не чапалі, вырашылі, мабыць, што смерць дзяцей будзе для іх большай пакутай. Пакуль вялі, маці заломвала рукі, валасы на сабе рвала, галасіла на цэлы свет, прасіла пашкадаваць. А немцы слухаць не хацелі, толькі лаяліся. Прыгналі тых ахвяр за вёску на ўзгорачак, паставілі ў радок і пастралялі з кулямётаў. Страшэнным рэхам адгукнуліся тыя стрэлы ў небе і ў сэрцах бацькоў. Андрэя не забілі, толькі цяжка паранілі, ён курчыўся ад болю, стагнаў. Адзін з немцаў хацеў дастрэліць, а другі махнуў рукой, маўляў, і так дойдзе. Хлопец мучыўся доўга, пакуль не сышоў крывёю. Шэсць маладых жыццяў абарвалася той раніцай. Старэйшаму – Сцяпану – было 37 гадоў, малодшаму – Андрэю – 22. І сёмае – дзіцятка, якому не суджана было нарадзіцца. Усё гэта адбывалася на вачах у маці і бацькі. Як яны гэта перажылі, як сэрцы вытрымалі такі боль, адзін Бог ведае. У хаце заставаліся двое маленькіх унучанят, Сцяпанавых дзетак. Трэба было іх падымаць. Трэба было жыць дзеля гэтых маленькіх сіротаў, якія страцілі адразу і бацьку, і маці. Забраць і пахаваць сыноў з нявесткамі ў той дзень не дазволілі. Толькі ноччу прывезлі забітых дадому, абмылі, аплакалі. Не было трунаў. Але ў тыя часы многія вяскоўцы заранёў рыхтавалі сабе труны, бо ніхто не ведаў, калі можа смерць напаткаць. Суседзі здымалі з гарышчаў дамавіны і прыносілі да Дырындаў. Шэсць абсмаленых трунаў стаялі ў хаце, і плач у небе было чуваць. Усіх пахавалі на могілках ў Свянціцы. Хілімонаўцы былі ў смутку, людзі спачувалі гаротнікам. Жывёла і тая адчувала бяду, якая напаткала гаспадароў.
Немцы ноччу пільнавалі, седзячы ў жыце ў засадзе, чакалі, калі другія сыны дадому прыйдуць, а потым высветлілася, што яны не ў партызанах. А здрайцу таго таксама расстралялі.
На гэтым расстрэлы не скончыліся. Праз некалькі месяцаў у Ваўкавыску за сувязь з партызанамі былі расстраляны Осіп і Ілья Балейкі, браты Кірыл і Макар Жылеўскія. Яны таксама былі з Хілімонаўцаў.
Чатыром сынам Дырындаў пашчасціла выжыць. Старэйшы, Пётр, быў жанаты і жыў у другой вёсцы. Яго не зачапілі. Васіль служыў у польскай арміі з 1939 года, там трапіў у палон да немцаў, пасля вызвалення яшчэ ваяваў і вярнуўся дадому аж у 1949 годзе. Канстанцін быў вывезены ў Германію, цяжка працаваў, але вярнуўся пасля вызвалення дадому. Самы малодшы, Віктар, быў у канцлагеры Аушвіц. Дзякуй Богу, таксама выжыў. Прыйшоў дадому з выкалатым на руцэ нумарам 18718. Бацька так і не змог прыйсці да сябе, ён увесь ссівеў, згорбіўся, усё хадзіў па вёсцы і бясконца пытаў: “Дзе мае дзеці, дзе мае сыночкі?” Клікаў і клікаў іх па імёнах, выглядаў і выглядаў, адкуль яны прыйдуць дадому. Доўга не пажыў. Пяць гадкоў усяго пасля той страшэннай падзеі пратрымаўся. У 1948 годзе перастала біцца яго збалелае сэрца. Не дачакаўшыся сыноў, сам пайшоў да іх… Жонка Феафіла перажыла мужа на дзесяць гадоў.
Выраслі пад мірным небам
Мінулі гады. Ужо пакінулі гэты свет Пётр, Васіль, Канстанцін і Віктар. І вось я ў хаце ў сына Канстанціна Дырынды Пятра. Пра тое, што адбывалася тым далёкім чэрвеньскім досвіткам, яму шмат разоў расказваў бацька. А яму – бабуля. Канстанціну пашчасціла выжыць у Германіі і вярнуцца дадому. Ужо тут ён даведаўся пра расстрэл родных. Гэтая страта пякучым болем да апошніх дзён разрывала яго сэрца.
– Я сабе не магу ўявіць, як мой дзед з бабуляй далі рады такое перажыць? – гаворыць Пётр Канстанцінавіч. – Пахаваць адразу трох сыноў, дачку і дзвюх нявестак – гэта не прывядзі Гасподзь! Не дзіва, што дзед хадзіў па вёсцы і ўсё шукаў, клікаў сваіх дзяцей. Бацьку майго таксама не абмінула б смерць, каб быў дома, як і яго братоў, якіх немцы за партызанаў палічылі. Бацька мой позна ажаніўся, нарадзіўся я. А калі трохі падрос, то тата мне расказваў, як фашысты расправіліся з маімі дзядзькамі. Іх пакінутых сіротаў памагаў ён гадаваць. Быў апекуном.

Па-рознаму скалаліся лёсы сыноў, якім пашчасціла выжыць у пякельным віры вайны. Кожны стварыў сям’ю, выгадаваў дзяцей. Яны выраслі пад мірным небам добрасумленнымі, працавітымі людзьмі, але на сэрцы кожнага з іх засталася зарубка аб тых далёкіх падзеях, якія адбыліся задоўга да іх нараджэння, але перадалася ад дзядоў і бацькоў на генным узроўні.
Род Дырындаў не абарваўся, ён працягваецца, а значыць, працягваецца і памяць.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва Пятра Дырынды