Бязлітасная расправа. Распавядаем пра страшныя падзеі ў вёсцы Ханявічы ў першыя дні вайны

22 Июня’25
442


У цэнтры вёскі Ханявічы стаіць помнік на месцы пахавання 98-мі ваеннаслужачых і ўдзельнікаў супраціўлення, з якіх 27 - вядомыя і 71 – невядомыя. На пастаменце – фігура салдата са сцягам і партызанка з аўтаматам. А ніжэй напісаны імёны. Побач з імі 22 прозвішчы мірных жыхароў, расстраляных у першыя дні вайны ў Падароску. У тым невялічкім гарадку часта адбываліся расстрэлы. Везлі туды з многіх мясцін нявінных людзей для расправы.

На дваццаты дзень вайны

Гэтая страшная падзея адбылася 12 ліпеня 1941 года. Быў летні прыгожы дзянёк, толькі ветрык гойдаў верхавіны дрэў. Ішоў дваццаты дзень вайны.

Немцы наляцелі нечакана, пачалі хадзіць па хатах і выганяць на вуліцу мужчын. Не ўсіх, а толькі тых, хто да вайны паспеў уступіць у толькі што арганізаваны калгас. Выпіхвалі прыкладамі, з грубай лаянкай. Брахалі сабакі, рваліся з павадкоў, гатовыя былі разарваць тых няшчасных людзей.

Двадцаць два чалавекі пагналі па вуліцы да цэнтра вёскі, дзе чакалі машыны. Мужчыны ішлі, панура апусціўшы галовы, а за імі ўслед з енкам, з плачам беглі жанчыны.

Кожнаму з нас не раз даводзілася бачыць пахавальную працэсію, калі за родным ці блізкім чалавекам ідуць людзі, выправоджваючы яго ў апошні шлях. А тут такая "працэсія" праводзіла ў апошні шлях яшчэ жывых людзей. Спрабую сабе ўявіць такую страшэнную карціну, але не магу.

Немагчыма ўявіць, што адчувалі тыя людзі, якія ішлі наперадзе, і тыя, што ўслед за імі.

Мне ўдалося сустрэцца з унукам расстралянага жыхара Ханявічаў Якава Пісара – Леанідам Пісарам. Яму не раз расказвала аб тых далёкіх трагічных падзеях яго цётка. Тыя аповеды заляглі глыбока ў сэрца, і вось ён дзеліцца імі са мной.

– У бабулі Наташы было чацвёра дзяцей, – расказвае Леанід Уладзіміравіч. – Дзве старэйшыя дачушкі і два сыночкі-двайняты – Ваня і Валодзя. Яны яшчэ зусім маленькімі былі, яна їх на руках несла ўслед за мужам, дзедам маім. І не толькі яна, а ўсе жанчыны, у якіх мужоў пазабіралі, беглі ўслед. Крык стаяў страшэнны, дзеці плакалі, некаторыя да бацькоў сваіх рваліся, але мацяркі не пускалі. Сабакі нямецкія брахалі. Хлопчыкі на руках у бабулі плакалі, напалоханыя былі вельмі. Вось так яны ішлі па вуліцы. Асфальту яшчэ, канешне, не было. Пыл падняўся высока, а тут яшчэ вецер разгуляўся. Зранку быў слабы, а тут проста шалёным стаў, ледзь з ног не збіваў. Дайшлі да цэнтра, мужчынам загадалі лезці на машыны. А жанчыны пешшу ўслед пайшлі... Цёткі маёй ўжо няма на свеце, але я добра запомніў, што яна распавядала. А ў вёсцы ўжо, пэўна, нікога не засталося, хто б мог нешта расказаць.

Горкія ўспаміны

У той жудасны дзень больш як дваццаць жанчын засталіся ўдовамі. У кожнай былі дзеці, якіх трэба было карміць, апранаць, гадаваць. Ці варта казаць, як ім было цяжка. Усе выжылі, выраслі добрымі людзьмі, але ўжо пакінулі гэты свет. І ўнукі тых расстраляных ужо пасівець паспелі. Гады нікога не шкадуюць.

А вось яшчэ ўспаміны жыхара вёскі Амшары Ваўкавыскага раёна аб тым самым дні, аб тых падзеях.

– Да месца расстрэлу прывезлі на машыне мужчын. Іх было больш за дзесяць. Там ужо быў вырыты глыбокі роў. Людзей паставілі на самы край таго рова і расстралялі. А праз некаторы час зноў пад'ехала машына з мужчынамі. Іх яшчэ больш было. Таксама паставілі на край таго рова і пусцілі аўтаматныя чэргі. А пазней туды прыбеглі жанчыны. Яны крычалі, плакалі, рвалі на сабе валасы. Аказалася, што гэтыя мужчыны былі актывістамі з вёскі Ханявічы суседняга раёна разам з першым старшынёй калгаса Фамой Фунтам. Жанчыны поўзалі на каленях, прасілі аддаць ім целы забітых, але немцы адпіхвалі жанчын нагамі, не дазвалялі. Толькі на другі дзень расстраляных удалося забраць. Іх прывезлі ў Ханявічы і тут пахавалі.


Такімі вось былі першыя дні вайны. Вайна толькі пачыналася, наперадзе людзей чакала шмат выпрабаванняў і страт. Шмат болю, гора і слёз, якія засталіся запечанымі ранамі на сэрцах усіх, хто перажыў вайну.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара

Предыдущая статья

Елена Стальбовская, член Постоянной комиссии Совета Республики Национального собрания Республики Беларусь: «Мы обязаны помнить о жертвах войны, чтобы сохранить историческую правду и построить будущее, свободное от насилия и ненависти»