banner
Елена Кедик
Редактор  1 квалификационной категории
Мой родны кут, як ты мне мілы!
12:10 21 Марта’18
Аб’яўлены ў Беларусі Год малой радзімы, не ведаю, як вас, а мяне ўсё часцей застаўляе паглыбляцца ў гады дзяцінства.

У мяне яно прайшло ў вёсцы, праз якую працякала невялічкая рэчка, а непадалёку рос багаты на грыбы і ягады лес. А яшчэ было возера, дзе звычайна праводзілі час мясцовыя хлапчукі і мы разам з імі: зімой – на дрындах, а ўлетку – з вудамі. Аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры і гаспадарання ў вёсцы было няшмат.

Крама, клуб, малочнатаварная ферма, і на гэтым усё. У адукацыйную ўстанову дзеці хадзілі ў суседняе сяло, а за дашкольнікамі, калі бацькі адпраўляліся на працу, прыглядвалі бабулі і дзядулі. 

Я разумею, што ў кожнага свая малая радзіма, і неабавязкова гэта вёска.

Сярод нас шмат  выхадцаў з гарадской мясцовасці, дзе круглыя суткі працуюць заводы і фабрыкі, гудуць цягнікі, снуе транспарт, кудысьці спяшаюцца людзі. І калі мне, ужо даволі даросламу чалавеку, у якога ёсць свае дзеці, задаюць пытанне: “Ці не шкадуеш, што тваё дзяцінства прайшло ў вёсцы?”, я адказваю: “Ні кропелькі. Нават ганаруся”. Не хачу ні ў якім разе пакрыўдзіць гарадское насельніцтва, але лічу, што вясковых людзей усё ж адрозніваюць адкрытасць, шчырасць, працавітасць, дабрыня. Сярод жыхароў сельскай мясцовасці часцей сустракаюцца і доўгажыхары. Яно вядома: чыстае паветра, натуральныя прадукты, фізічная праца. 

Безумоўна, ёсць шмат плюсаў у людзей, якія нарадзіліся і жывуць у горадзе. Напрыклад, у дзяцей больш шансаў для развіцця творчага патэнцыялу: шматлікія платныя і бясплатныя гурткі па інтарэсах, спартыўныя секцыі. Дарослыя грамадзяне могуць дазволіць сабе ў якасці бонусу за працоўны тыдзень наведаць драматычны тэатр, трэнажорную залу, забаўляльны альбо гандлёвы цэнтры. Сеў у гарадскі транспарт – і праз лічаныя хвіліны на месцы. Дарэчы, не трэба дбаць гараджанам і аб нарыхтоўцы паліва на зіму. Цяпло, святло, вада і газ самі прыходзяць у кватэру.

Але ў віхуры жыцця здараецца і так, што сельскі жыхар становіцца гарадскім, і наадварот. 
Першы варыянт, на жаль, назіраецца часцей. Дзеці вырастаюць, заканчваюць школу і едуць у вялікія гарады, каб атрымаць адукацыю. Гарадское жыццё хутка засмоктвае сваімі спакусамі, вабіць вялікімі заробкамі, моднымі буцікамі, шыкарнымі рэстаранамі. А вяртаюцца на малую радзіму ўжо лічаныя. Гэта звычайна тыя, хто смуткуе па працы на зямлі, бяскрайніх палетках, чыстых узлесках, свежым паветры, празрыстай калодзежнай вадзе… Дзякуючы такім людзям, якія не цураюцца цяжкай сялянскай працы, трымаецца вёска. 

Гонар бярэ і за тых, хто з цягам часу, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, а некаторыя нават не дачакаўшыся яго, вяртаюцца ў дамы сваіх бацькоў, дзе нарадзіліся і выраслі. Аднаўляюць старыя хаты, адраджаюць асірацеўшыя будынкі, добраўпарадкоўваюць прысядзібныя ўчасткі і наладжваюць быт. Радуе, што такія станоўчыя прыклады ёсць і ў нашым раёне.
 
Асабіста я сваю малую радзіму наведваю не так часта, як хацелася б: некалькі разоў у год з роднымі адпраўляемся ў вёску, каб прыбрацца. Спадзяюся, што Год малой радзімы стане своеасаблівым натхненнем рабіць гэта часцей не толькі мне, але і маім сябрам дзяцінства, якія таксама зрэдку бываюць там. І хочацца верыць, што пройдзе некалькі дзясяткаў гадоў і вёска атрымае другое жыццё, зазвініць дзіцячымі галасамі нашых унукаў.

Текст: Елена Кедик

Предыдущая статья

Час Земли для свислочан