banner

Свята для душы

21 Февраля’20
2818
Прыгажосць беларускай мовы дзеці спазнаюць дзякуючы самым  простым жанрам: беларускім народным казкам, народным гульням, песням, фальклорным святам.



У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці г. Свіслачы наладжана сістэма работы па ўжыванні, укараненні, распаўсюджванні роднай мовы. Мы перакананы, што нельга вывучаць родную мову пад прымусам, яна павінна ўвайсці ў сэрцы і думкі дзяцей лёгка і непрыкметна. А для гэтага мы спалучаем разнастайныя формы работы, якія не прымушаюць дзяцей завучваць, а падштурхоўваюць да свядомага жадання запомніць новае слова, яскравы паэтычны радок, падзяліцца радасцю адкрыцця з сябрамі, бацькамі. 
Яркай і прыгожай атрымалася забава “Беларускія пасядзелкі”, якая дазволіла ўвесці дзяцей у атмасферу жывога беларускага слова, далучыць іх да багацця роднай мовы, адчуць яе прыгажосць, мелодыку і своеасаблівасць. 

Дзеці ў беларускім народным адзенні сабраліся ў хаце гаспадыні цёткі Васіліны. Хата прыбрана прыгожымі ручнікамі, вышыванымі настольнікамі, сурвэткамі, тканымі посцілкамі, гліняным посудам, цацкамі. Удзельнікі пасядзелак даведаліся, што здаўна ў нашых продкаў быў звычай збірацца ў самых гасцінных гаспадароў, спяваць песні, гуляць, жартаваць. З цікавасцю малыя слухалі расказ цёткі Васіліны аб  прыгожай блакітнай расліне – ільне, аб тым, як рабілі кудзелю, палатно, з якога шылі вопратку. Дзеці старэйшай групы станцавалі пад беларускую народную песню “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”, выразна прачыталі верш М. Чарняўскага “Як вядома ўжо здавён”.

Цікавым і пазнавальным быў расказ гаспадыні аб посудзе з гліны: гарлачыках, сподачках, кубачках, аб тым, як людзі здаўна шанавалі працу ганчароў і паважалі іх. А на пытанне цёткі Васіліны “Ці ведаеце вы беларускую гульню “Гарлачык?”, усе  з радасцю закрычалі: “Ведаем, ведаем!”. І пайшлі малыя збірацца ў кола,  пераўтварацца ў гарлачыкаў, выбіраць пакупніка ды паказваць сваю хуткасць, смеласць і ўвагу. 

Вясёлы настрой і чароўную атмасферу стварылі госці, якія завіталі на пасядзелкі. Хлопчык Міхасік  заклікаў  дзяцей праверыць у гульні ці ўсім хопіць “лапцей”, якія ён прынёс у падарунак. Цётка Лявоніха з канём і з дзецьмі вучыліся танцаваць “Модны танец”. Несцерка пазабавіў прысутных рознымі жартамі ды небыліцамі. Разам з Лявоніхай і Несцеркам выхаванцы паказалі свой спрыт у народных гульнях “Пасадка бульбы”, “Дудка”. Гандляр прапанаваў купляць тавары прыгожыя, дзяўчаткам ды хлопчыкам падарункі, але не за грошы, а за песні і танцы. Вось і гучалі на свяце песні і вясёлыя беларускія прыпеўкі, якімі парадавалі гасцей выхаванцы сярэдняй групы.



На пасядзелках дзеці расказвалі вершы, забаўлянкі, пацешкі, адгадвалі загадкі. А скончылася свята прыгожай песняй пра нашу Радзіму – Беларусь.
 
Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць дакрануцца да гістарычнага мінулага свайго народа, яго побыту, пазнаёміцца з беларускім фальклорам, адчуць сябе маленькімі грамадзянамі, якія ўмеюць шчыра любіць свой родны кут, працаваць, танцаваць, спяваць ды гуляць.

Далучаючы дзяцей да святыні свайго народа – роднай мовы, мы садзейнічаем не толькі ўзбагачэнню, але і развіццю пазнавальных і інтэлектуальных магчымасцей выхаванцаў, бо самае дарагое ў жыцці тое, што з ранніх гадоў закладзена ў сэрцы. 

Данута ЛОБАЧ, выхавальнік інтэграванай групы  дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Свіслачы

Предыдущая статья

Однажды, много лет спустя...