banner

З лабірынтаў жыцця – дадому

18 Июля’24
966



Каб душою не ачарсцвець

Як жа так магло стацца, што дзеці забыліся пра святую святых – бацькоўскую хату?
Як маглі адрачыся ад сваіх каранёў і дазволіць, каб зарасла бур’яном сцежка да роднага парога? Так, даўно-даўно ніхто не ступаў на той парог, але агеньчык, які ліў святло з вокнаў, ён не згас, а па-ранейшаму свеціць, толькі ўжо ў сэрцах, асвятляючы  дзецям шлях, каб не зблудзілі, каб не згубіліся ў бясконцых лабірынтах жыцця.
 
Тых лабірынтаў, ах як многа! Бясконца некуды спяшаемся, хочам, каб было ўсё зараз, хутка і шмат. І так бадзёра глядзім у заўтрашні дзень і думаем, што так будзе заўсёды. Але так заўсёды не будзе! Аднойчы, глянуўшы ў люстэрка, заўважым першую сівізну на скронях. І адчуем стомленасць. І зразумеем, што больш нічога-нічагуткага не трэба, а толькі – дадому. Туды, дзе засталіся сляды басаногага дзяцінства, дзе маці сачыла, каб цёпла былі апрануты, своечасова паелі, дзе старая бабулька шмат разоў паўтарала, што найважнейшы скарб на свеце – гэта добрае імя, а бацька строга наказваў жыць у згодзе з сумленнем і не шукаць лёгкага хлеба. Тады, у дзяцінстве, юнацтве, гэта ўсё здавалася занудствам, пустымі словамі і хацелася хутчэй пакінуць тую вясковую хату, уцячы ад матулінай апекі і бацькоўскіх навучанняў. 
І ўцякалі. Беглі як мага далей, каб адчуць сябе самастойнымі, здольнымі вырашаць усе пытанні без нейкіх там падказак дарослых. І жылі. І вырашалі! Недзе дабіваліся поспехаў, недзе памыляліся, недзе ўзляталі, недзе падалі. Усё кудысь спяшаліся, баяліся спазніцца, гналіся то за доўгім рублём, то за высокай пасадай, то за прывідным шчасцем. А жыццё, між тым, ішло, потым бегла, як скакавы конь. У сны ўсё часцей пачала прыходзіць старэнькая матулька, пасівелы бацька, і праз сотні, а часам і праз тысячы кіламетраў  адчуўся пах роднага дому. Так нястрымна пацягнецца ўся істота, каб сагрэцца ля печы, каб адчуць водар роднага куточка, дакрануцца да пажаўцелых здымкаў на сцяне, напіцца вады з калодзежа... 
Гэта не проста словы. Мой заклік ляціць да вас, мае землякі! Вяртайцеся дадому, вяртайцеся да сваіх каранёў! Не здра-джвайце самаму дарагому, што вы маеце,  таму куточку, дзе засталося дзяцінства. Вяртайцеся, “каб душою не ачарсцвець і не страціць святое штосьці”. 

Тут матуля нам спявала калыханку

Пушчанская вёсачка Тушамля. На сённяшні дзень тут 20 жылых дамоў і 
30 жыхароў. Шчыра кажучы, няшмат. Яшчэ гадоў з 20 таму тут у кожнай хаце свяціліся вечарам вокны, зімою віўся дымок з коміна. А яшчэ раней збіраліся дзяўчаткі на вячоркі, вышывалі сурвэткі і рушнікі ды спявалі песні амаль да раніцы. А хлопцы тушамлянскія, такія моцныя, да любой працы здольныя, таксама спяшаліся на вячоркі, каб дзявочыя песні паслухаць ды выбраць сабе нарачоную. Весела было! Жыла вёска! 

Тыя далёкія юнацкія дні і вечары дарагім скарбам жылі ў сэрцы тушамлянца Уладзіміра Раманчука шмат гадоў. Некалі адсюль выляцелі ў свет ён і брат 
з сястрою. Засталіся бацькі, чакалі лістоў, цешыліся, калі прыязджалі дзеці дадому ў водпуск, прывозілі ўнукаў. Матуля старалася смачна пачаставаць, бацька любіў з сынамі пасядзець, пагутарыць. Але ішоў час, беглі дзянькі, застаючыся белым шэраням на галовах найраднейшых людзей у свеце. І аднойчы пайшлі яны на вечны адпачынак… 
Балючым было тое расстанне, незагойнаю ранай засталося ў сэрцах дзяцей, унукаў… 
Не стала бацькоў, але не забылася дарога дадому. Вось ужо пяць гадоў мінула, як Уладзімір з жонкаю Таццянай, з якой пражылі разам ужо 45 гадоў, прыехалі сюды, каб не пуставала бацькоўская хата, каб падарыць ёй другое жыццё. 
– Мы дачакацца не маглі, калі на пенсію пойдзем, – гаворыць Уладзімір Уладзіміравіч. – Снілася часта хата, што мама чакае, бацька з-пад брыля выглядае. Так хацелася сюды. Проста душа прасілася. Па-іншаму і быць не магло. Тут жа нам матуля калыханкі спявала. Тут мы на крылы падняліся. А хто нам іх узмацніў? Маці з бацькам! Простыя людзі былі. Мама ў паляводстве працавала, а тата – у лясніцтве. Трое нас у бацькоў. Зараз старэйшая сястра Валянціна ў Маскве, брат Яўген – у Піцеры. Сёлета збіраюцца прыехаць на малую радзіму. Вось чакаем. А я ў Мінску жыў і працаваў. Найчасцей дома бываў, бо найбліжэй мне дабірацца. І калі не стала бацькоў, адна думка была – вярнуцца да роднага куточка, дзе засталіся сляды бацькоўскія. І жонка не супраць была. Яна таксама з вёскі, толькі з Бабруйскага раёна. Так што ёй было не прывыкаць да сялянскага жыцця. 

Старая хатка – як новая


І, праўда, не прывыкаць. Каля хаты так акуратненька пасажаныя грады, цвітуць кветкі. Дзе ні глянь – любата, жыві і радуйся! Такая выгода, такая асалода! Лес пад бокам. Ягады, грыбы, толькі не лянуйся. А паветра якое чыстае! Водар лесу, лугавых і палявых кветак – ну проста не перадаць, якое хараство тут. 
Раманчукі, як толькі прыехалі ў Тушамлю, пачалі з перапланіроўкі дома. Кухню зрабілі больш на сучасны лад. Купілі помпу для калодзежа, каб у хаце была вада, бойлер паставілі, каб і гарачая таксама цякла. Памянялі вокны, дзверы. Цяпер у планах – абнавіць веранду, укласці новую падлогу, абкласці дом сайдынгам і шмат чаго яшчэ зрабіць. І зробіцца, было б жаданне! А яно ёсць! Бо рукі ў гаспадара залатыя, і пры ім жонка, якіх пашукаць. Усё робяць разам, шпарка і заўзята. А з Мінска да іх яшчэ і памочніца прыязджае – унучка Ульянка. Дзяўчынка шчыра прызнаецца, што тут, у вёсцы, ёй зусім не сумна, наадварот, вельмі падабаецца бавіць час з бабуляй і дзядулем. Ды і не толькі. Яна вельмі хутка пазнаёмілася з усімі мясцовымі бабулькамі і зараз усе яны Ульянчыны сяброўкі. Адна з іх, бабуля Ніна, пайшла ў бальніцу, а Ульянцы даручыла вельмі адказную работу – карміць сабачку Коржыка. Дзяўчынка з вялікай адказнасцю выконвае бабуліну просьбу, даглядае Коржыка, як мае быць. 

Родная бабулька ўнучку песціць, нічога для яе не шкадуе. І, калі прыязджае на вёску аўтамагазін, заўсёды бярэ з сабою Ульянку, каб тая выбрала для сябе што-небудзь смачнае. Але і малая не сядзіць без справы. Акрамя клопату пра Коржыка ў яе ёсць іншыя абавязкі. Дзяўчынка з задавальненнем дапамагае бабулі палоць грады, паліваць пасаджаныя расліны, а асабліва падабаецца збіраць паспелыя сакавітыя клубніцы. Нават любімая “цацка” сучасных дзяцей – тэлефон – часцей ляжыць на стале, і Ульянка рэдка бярэ яго ў рукі, хіба толькі патэлефанаваць бацькам альбо адказаць на выклік.
Трэба дадаць, што ўнучка не толькі летам прыязджае ў Тушамлю. Зімою яна таксама рвецца на вёску, бо тут ёй цікава і весела з дзедам і бабуляй. Восенню ўнучка пойдзе ў першы клас, але на канікулах абавязкова будзе прыязджаць у вёску. Бо без яе будзе сумнавата і бабулі з дзедам, і ўсім вяскоўцам, з якімі дзяўчынка паспела пасябраваць.  

  
Ульянка не адзіная ўнучка ў гэтай сям’і. Ёсць яшчэ два ўнукі. Старэйшы вучыцца ў ліцэі МУС, вельмі добра спявае, танцуе, словам, творчы чалавек. Малодшы скончыў першы курс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і электронікі. Яны таксама любяць прыязджаць у Тушамлю. На канікулах наведаюць бабулю з дзядулем і без справы сядзець таксама не будуць, не гультаямі выраслі.
Гарадскую кватэру ў Мінску бацькі пакінулі сыну Дзмітрыю. 

Предыдущая статья

Трудятся с охотой