Як Людміла Лашкевіч з выхадам на заслужаны адпачынак раскрыла свой талент мастака

01 Октября’26
34


У аграгарадку Корнадзь, што на ўскрайку Белавежскай пушчы, жыве цудоўная жанчына, жыццё якой напоўнена ўсімі колерамі свету. Людміла Лашкевіч не проста стварае прыгажосць. Святло гэтай прыгажосці сыходзіць ад самой жанчыны, і яна шчодра дзеліцца ёю з кожным, хто пераступае парог яе хаты. 

Настаўнік – само жыццё

Кажуць, што талент – гэта іскра Божая, якую чалавек альбо носіць у сабе з дзяцінства, альбо адкрывае тады, калі душа патрабуе выказаць нешта вельмі важнае. Гледзячы на  Людмілу Канстанцінаўну разумееш: яе сэрца – гэта цэлая галерэя, напоўненая святлом, любоўю і бязмежнай прагаю да творчасці. Па адукацыі яна настаўніца фізікі і матэматыкі. Аддала працы ў школе 35 гадоў, з іх больш за дваццаць – Корнадскай  базавай школе. Людміла Лашкевіч не заканчвала акадэмій мастацтваў і не мае гучных дыпломаў. Яна мастак-самавучка, чый галоўны настаўнік – само жыццё. Пісаць карціны пачала перад пенсіяй. 

– Нешта нібы шчоўкнула ўнутры, і захацелася рысаваць, –  з усмешкай кажа Людміла Канстанцінаўна. – Я ўзялася за пэндзаль, хоць не трымала яго ў руках шмат гадоў. Першую сваю карціну намалявала ў дзяцінстве. Думала, што болей не вярнуся да гэтага, але, мусіць, душа патрабавала. Ідэі ўзнікалі ў галаве самі, я толькі хуценька іх пераносіла на паперу. Працую ў розных стылях жывапісу. Гэта кубізм, сюррэалізм, абстракцыянізм, ну і рэалізм, зразумела. Як не намаляваць прыгажосць, якой так шмат навокал?! Я пераношу на ліст свае эмоцыі, настрой і розныя пачуцці. Малюю акварэллю, алоўкам, каляровымі крэйдамі. У мяне вельмі шмат кніг па жывапісе. Я многа чытаю. 
На пенсіі ў мяне стала болей часу на любімую справу. Вышываць таксама люблю, вязаць. Старасць наогул можна не заўважаць, калі душа маладая, калі з яе фантанам б'е фантазія, любоў да ўсяго жывога, прыгожага, яркага. 

Калі Людміла Канстанцінаўна бярэ ў рукі пэндзаль, звычайны пакой ператвараецца ў чароўную майстэрню. На яе палотнах ажываюць знаёмыя з дзяцінства краявіды: лугі і пералескі, ціхія рэчкі, кветкі, жывёлы  і неверагодныя ўзоры, сэнс якіх можна бачыць толькі асаблівым, унутраным зрокам. Дзіўна, як чалавек без прафесійнай адукацыі можа так тонка адчуваць адценні колераў! 

Творчая натура

Творчасць Людмілы Лашкевіч не абмяжоўваецца толькі палотнамі. Калі «змаўкае» пэндзаль, пачынаюць «спяваць» кручок, пруткі, і нітка з іголкай.  
А яшчэ яна любіць кветкі. Яе прысядзібны ўчастак – нібыта сапраўдны райскі куток. 
– Кветкі – гэта ўсмешка зямлі, – гаворыць Людміла Канстанцінаўна. – Калі мне цяжка на душы, я іду да іх. Гляджу на гэтую прыгажосць, і сэрца супакойваецца. Люблю, каб вакол мяне было прыгожа: і ў хаце, і каля хаты. Душа мая заўсёды патрабавала чагосьці асаблівага, і на гэты свет я гляджу па-свойму. Якім яго бачу, такі і пераношу на на карціны.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара

Предыдущая статья

Уважение и забота – от поколения к поколению