Вялікія Міхалкі: тут жывуць людзі з добрымі сэрцамі

05 Сентября’26
498
На старонкі “Свіслацкай газеты” вяртаецца праект “Аднавяскоўцы”! Мы зноў адпраўляемся ў падарожжа па вёсках нашага раёна і будзем расказваць пра людзей, якія робяць нашу зямлю роднай. Пакажам, чым жывуць сёння вёскі, якія цікавыя падзеі адбываюцца ў іх, раскажам, што непакоіць і радуе сяльчан. Чытайце нашы гісторыі,
глядзіце на знаёмыя твары, пазнавайце свой край!

Вёска Вялікія Міхалкі належыць да Вердаміцкага сельсавета. Чаму носіць такую назву? Пэўна, таму што калісьці тут было шмат Міхалаў альбо Міхалоўскіх. Яшчэ гадоў сорак таму гэта была вялікая вёска, дзе ў кожнай хаце гадаваліся па трое, чацвёра, пяцёра дзяцей. Дзейнічала васьмігадовая школа, у якой вучылася больш за сто вучняў. Быў свой магазін, ФАП, клуб. З усяго пералічанага зараз ужо няма нічога. Два разы на тыдзень прыязджае аўтамагазін. Асартымент прадуктаў багаты, а прамысловыя тавары можна заказаць, і яны ў кароткі тэрмін будуць дастаўлены. Два разы на месяц у вёску прыбывае перасовачны ФАП.

Сёння ў вёсцы налічваецца 34 двары і 45 жыхароў. Большая частка – працаздольныя вяскоўцы, двое – непаўналетнія, а астатнія – людзі сталага ўзросту. Жывуць сяляне дружна, дапамагаюць адзін аднаму ў розных патрэбах, супольна вырашаюць разнастайныя пытанні і рады добрым людзям, якія ступаюць да іх на парог.



Міласэрнасць Аксаны Лях

Перш-наперш мы завіталі да добразычлівай і хуткай на дапамогу жанчыны – Аксаны Лях. Яна працуе тут сацыяльным работнікам і ў дадатак з’яўляецца старастай вёскі. Добра ведае, чым жыве кожны жыхар, якія ў каго патрэбы. Радасці вяскоўцаў – гэта і яе радасці, іх смуткі таксама адгукаюцца ў яе добрым сэрцы.

– Усе праблемы, якія ўзнікаюць у вяскоўцаў, мы вырашаем сумесна з Вердаміцкім сельсаветам, які ўзначальвае Алена Салавей. Яна чалавек справы, і для яе няма такіх пытанняў, якія можна адкласці на потым, – расказвае Аксана Лях. – Вунь нядаўна на падворку ў адной жанчыны дрэва моцны вецер паваліў. Я пазваніла ў сельсавет. Вельмі хутка прыехала брыгада і прыбралі тое дрэва. Стараюся быць у курсе ўсіх спраў вяскоўцаў, да парадаў старэйшых прыслухоўваюся. Так і жывём.

У Аксаны Георгіеўны восем падапечных бабулек. Кожны дзень яна спяшаецца да іх, і не толькі, каб выканаць службовыя абавязкі, але і пагутарыць з кожнай, падтрымаць, суцешыць. Часта для пажылых самае галоўнае – гэта увага, цеплыня, дабрыня, якія дапамагаюць не горш за лекі. У Аксаны да кожнага свой асаблівы падыход, яна ўмее выслухаць, у самай складанай сітуацыі знайсці такія словы, якія супакояць, усцешаць.
У гэтай вёсцы Аксана Лях нарадзілася, звіла сваё сямейнае гняздо, дала жыццё двум сынам і дачушцы, ужо мае ўнучка. У вольны час любіць хадзіць у лес па грыбы, ягады і проста падыхаць лясным паветрам, паслухаць, як шчабечуць птушкі і наталіць душу радасцю і спакоем.



Дамір і Надзюша

Сустрэча з гэтымі людзьмі адбылася ў мяне зусім нядаўна, у бальніцы. Маю ўвагу прыцягнула сівая як лунь бабулька, твар якой у свае амаль 85 гадоў не страціў былой прыгажосці. Ясныя вочы, якія выпраменьвалі дзівоснае святло, проста магнітам прыцягвалі да сябе. Пазнаёмілася. І пачула ад яе дзівосную гісторыю неверагоднай дружбы і вялікай любові яе і праўнука Даміра. Дарэчы, дванаццацігадовы Дамір называе прабабулю Надзюшай і ніяк іначай.

– Мы з Дамірам вялікія сябры, разумеем адзін аднаго нават без слоў, – расказвае Надзея Іванаўна. – Ён жыве з бацькамі ў Гродне, але ўсе канікулы, акрамя зімовых, праводзіць у мяне, у Міхалках. Каб вы бачылі, як ён мне дапамагае, як клапоціцца пра мяне! Агарод – гэта яго справа. Пасадзіць дапамагае дачка, а даглядаць – Дамір.
Я выпадкова ўпала, зламала некалькі рабрын, аказалася ў бальніцы. Як ён перажываў, як шкадаваў мяне, выказаць не магу!

Я слухала бабулю, і нават слёзы набеглі на вочы. Ніколі не даводзілася мне чуць нешта падобнае. І калі Надзею Іванаўну выпісалі, мы адправіліся ў Вялікія Міхалкі.
Ля веснічак мяне сустрэў Дамір. Ён правёў па ўсім двары, паказаў, дзе што пасаджана, расказаў, як называюцца кветкі, які быў сабраны ўраджай гуркоў, цыбулі, памідораў.
– Я планую стаць аграномам – падзяліўся сваёй марай Дамір. – Прачынаюся раніцай, паснедаю – і ў агарод. А то бяру бензакасілку і абкошваю тэрыторыю, каб не зарастала. І суседцы дапамагаю, калі трэба. Звычайнай касой таксама ўмею касіць. Мужчына наогул усё павінен умець, ці не так? А прабабулька мая, мая Надзюша, – гэта як частка маёй душы, сэрца. Я яе так люблю, што словамі не выкажаш.




Дабрыня на вялікай хуткасці


Валерый і Алена Мігуны абаснаваліся ў Вялікіх Міхалках сем гадоў таму. Жылі спачатку ў Свіслачы, а потым вырашылі купіць хату ў Вялікіх Міхалках, а купілі адразу дзве. У адной жывуць, а ў другой абсталявалі клуб для байкераў. Таму што галоўным захапленнем Валерыя з дзяцінства былі матацыклы.
Шчыра кажучы, байкеры для меня заўсёды асацыяваліся з ровам матораў, вялікай хуткасцю і такімі брутальнымі мужчынамі ў скураных куртках. Але пасля знаёмства з гэтай сям’ёй мае ўяўленні пра байкераў рассыпаліся, як картачны домік.

Аказалася, што за гэтым брутальным вобразам і ровам гарачых матораў хаваюцца чулыя і вялікія сэрцы. Людзі ў скураных куртках не проста з хуткасцю ветру носяцца па дарогах, яны вязуць надзею туды, дзе яе чакаюць: да цяжка хворых дзяцей.

У клубе байкераў, які стварылі Валерый і Алена ў Вялікіх Міхалках, налічваецца дзевяць чалавек. Восем з іх – свіслачане, адзін прыязджае з Мінска.

Хлопцы сустракаюцца і ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, ладзяць гонкі па бездарожжы, збіраюцца разам у клубе, дзеляцца сваімі поспехамі, проста гутараць па-сяброўску. І на кожнай такой сустрэчы збіраюць сродкі для дабрачыннай дапамогі. Накіроўваючы ўсю энергію байкераўскага брацтва на дабрачыннасць, яны на максімальнай хуткасці, без лішніх слоў робяць дабро.

– Мы не толькі збіраемся тут, у клубе. Арганізуюцца злёты байкераў, праходзяць маштабныя міжнародныя фестывалі з дабрачыннымі акцыямі “Байкеры – дзецям”, – гаворыць Валерый Мігун. – У хуткім часе такі пройдзе ў Лідзе. У адну капілку складваюцца сродкі для аказання дапамогі. Нехта прывозіць падарункі, сувеніры, цацкі. Усё гэта таксама адпраўляецца хворым дзеткам. Мы на раённых святах катаем на матацыклах бясплатна ўсіх жадаючых. Праводзім мерапрыемствы і тут, у вёсцы. Вось нядаўна запрашалі да сябе наведвальнікаў аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Даставілі ім шмат радасці. Яны тут і спявалі, і танцавалі, і частаваліся выпечкай з чаем. Словам, многа добрых уражанняў засталося і ў іх, і ў нас.

Вось так руйнуюцца стэрэатыпы. Аказваецца, што роў матораў можа гучаць ціхай надзеяй, а за грубымі скуранымі курткамі б’юцца добрыя, гарачыя, трапяткія сэрцы. Жонка Валерыя, Алена, не толькі падтрымлівае захапленне мужа, але і сама ўжо паціху далучаецца да байкерскага руху. Ездзіць на матацыкле і задумвае стварыць жаночы байкерскі клуб. А ў гэтай сям’і словы не разыходзяцца са справай.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара

Предыдущая статья

Ожидать ли белорусам дождя 6 сентября, сообщили синоптики