Вікторыя Мархалюк напісала эсэ і перамагла ў рэспубліканскім конкурсе “Залатое пяро “Белай Русі” – 2025”

02 Июля’25
152


Падведзены вынікі штогадовага рэспубліканскага конкурсу работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі” – 2025”. Сёлета ён быў прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і аб'яднаны агульнай тэмай – «Які бязмерны цяжар на жаночыя плечы лёг...”. Прыемна адзначыць, што перамогу ў конкурсе атрымала юная свіслачанка Вікторыя Мархалюк. 

У эсэ прапаноўвалася ўспомніць аб жанчынах, якія ўнеслі свой уклад у Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. 

У розныя перыяды ў радах Чырвонай арміі служылі ад 500 тысяч да 1 000 000 жанчын. Яны ваявалі нароўні з мужчынамі і былі на лініі фронту медыкамі, лётчыцамі, снайперамі, сувязісткамі, разведчыцамі, кіроўцамі, тапографамі, рэпарцёрамі, танкістамі, артылерыстамі. Актыўна ўдзельнічалі ў падполлі, у партызанскім руху, бралі на сябе мноства мужчынскіх спецыяльнасцей у тыле, станавіліся за станок, сядалі за руль трактара.

Ключавая ідэя тэмы – раскрыць ролю жанчыны ў Вялікай Айчыннай вайне. Прыемна адзначыць, што ў намінацыі “Навучэнцы” ў конкурсе перамагла свіслачанка Вікторыя Мархалюк. Вікторыя вучыцца ў СШ №2 імя М.П. Масонава г. Свіслачы, зараз перайшла ў 10-ы клас. За аснову сваёй творчай працы дзяўчына ўзяла аповед, які расказала ёй яе бабуля. І мы з гонарам і задавальненнем дзелімся з вамі гэтым цікавым творам, які прынёс перамогу нашай Вікторыі.

Зосьчыны выпрабаванні

Мама, Радзіма, радасць, дабрыня, жанчына… Вы спытаеце, што аб’ядноўвае гэтыя дарагія майму сэрцу словы? Усе яны жаночага роду. Але ці разумеем мы да канца, які сэнс закладзены ў іх? Гэта словы, якія песцяць слых і саграваюць душу. На жаль, ёсць яшчэ і страшнае слова “вайна”. Таксама жаночага роду. Яны такія розныя па сэнсе. Жанчына дае жыццё, а вайна нясе смерць і разбурэнне.

Сёння нам, народжаным у мірны час, цяжка ўявіць сабе пачуцці беларусаў, асабліва жанчын, дзяўчат, якія раніцай 22 чэрвеня 1941 года пачулі па радыё страшную вестку пра пачатак вайны. Мужчын мабілізавалі на фронт змагацца з ворагам у адкрытым баі. Па вёсках засталіся жанчыны з дзецьмі ды старыя, засталіся без зброі, без моцнага мужчынскага пляча, з узброеным ворагам адзін на адзін. Смяротная небяспека падсцерагала на кожным кроку. Хіба ж не гераізм выжыць у такіх умовах, зберагчы дзетак!?

Немцы ў вёсцы Боркі гаспадарылі амаль з першых дзён вайны. Кожны дзень чуліся крыкі і плач. Здавалася, здзекам не будзе канца. Але самае страшнае яшчэ было наперадзе. Аднойчы раніцай (яшчэ сонца не ўзышло як след) вёска напоўнілася крыкамі і плачам. Немцы, нешта гергечучы па-свойму, вытаўклі ў плечы аўтаматамі людзей з хаты на дарогу. Пасля з’явілася нейкая худая кабета, прыбраная па-гарадскому. Гэта перакладчыца. Нарэшце стала зразумела, чаго ад іх хочуць. Моладзь вербавалі на працу ў Германію. Ад кожнага дома патрабавалі па адным работніку. Жадаючых не было. Каму хацелася адпраўляцца на верную пагібель.

Раптам штуршок – і Зоська вылецела з натоўпу наперад. “Мачыха, – здагадалася дзяўчына. – Завошта?.. Татка, родненькі, дзе ты? Няма каму абараніць тваю донечку”. Ніхто не пачуў Зосьчыных жаляў. 

– Schnell! – торкнуў ёй у плечы прыкладам немец, загадваючы ісці наперад.

Не ведала тады Зоська, што яе чакае, ці вернецца яна ў сваю вёску. Дзяўчыну, як і іншых аднавяскоўцаў (а ўсе маладыя, па шаснаццаць-сямнаццаць гадоў), прыгналі за вёску. Маткі галасілі, кідаліся следам за сваімі дзеткамі. І толькі па Зосьцы не было каму плакаць. А ёй жа нават шаснаццаці няма, праз месяц дзень нараджэння. Немцы адганялі матак, цкавалі сабакамі, білі прыкладамі аўтаматаў. 

На грузавіках юных жыхароў давезлі да Ваўкавыска, дзе іх пагрузілі ў вялізныя вагоны, у якіх раней перавозілі скаціну, і адправілі ў Германію. Пацягнуліся доўгія дні і тыдні шляху ў пекла. Людзей у вагоне было многа. Хто плакаў, хто маліўся, а хто моўчкі гадаў, што будзе наперадзе. “Завошта? Чаму мяне напаткаў такі лёс? – пытала Зоська невядома каго і тут жа стрымлівала сябе: – А ці ж я адна такая, каму жалоба-песня грае?” 

Дыхаць не было чым. Штодзень цягнік на гадзіну спыняўся. Палонных пералічвалі, хворых некуды адводзілі, астатніх кармілі баландай і зноў заганялі ў вагон. Нарэшце цягнік прыйшоў у нейкі горад. Гэта быў аўстрыйскі Зальцбург. Палонных выгрузілі, размясцілі па бараках, выдалі рабочае адзенне з надпісам «ост». Остарбайтар – так называлі іх, прывезеных з усходу на працу ў Германію. Праз некалькі дзён каранціну ўсіх палонных выгналі на плошчу. Там было многа немцаў і ў форме, і ў цывільным адзенні (гэта былі фермеры). “Пакупнікі” абыходзілі рады абяздоленых беларусаў і выбіралі сабе “тавар”. Зоську і яшчэ аднаго юнака выбрала высокая хударлявая фермерша са злым позіркам. Нямецкая гаспадыня неаднойчы біла іх, цягала за валасы, прымушала рваць крапіву голымі рукамі, а потым, распрануўшыся, лажыцца на яе ці проста пазбаўляла ежы. А кармілі адзін раз на дзень. Даводзілася красці вараную для парасят бульбу і параныя буракі. І нават за гэта жорстка лупцавала гаспадыня. Амаль тры гады давялося Зосьцы цярпець кпіны і здзекі гаспадароў.

Аднойчы раніца пачалася не так, як звычайна. Было ціха: ніхто не крычаў, не выганяў на працу. Гаспадароў нідзе не было. Яны ўцяклі: Савецкая армія была побач. Зоська прасіла ў вайскоўцаў даць ёй зброю. Яна гатова змагацца разам з імі супраць ненавіснага ворага. У адказ чула: “Не жаночая справа ісці поплеч з салдатамі ў самае пекла”. Але смяротная небяспека ўраўнавала ў правах жанчын і мужчын. На вайне патрэбны ўсе: і сувязныя, і разведчыцы, і медыцынскія работнікі, шаўцы і кухары. І не важна, хто ты – мужчына ці жанчына – кожны чалавек на ліку. Таму жанчыны не аставаліся ў баку. Яны, часам зусім юныя, узвальвалі на свае плечы ўвесь цяжар нялёгкіх ваенных будняў. 

Тры месяцы, аж да самай капітуляцыі фашыстаў, жыла Зоська ў пакінутым нямецкай фермершай доме ў чаканні адпраўкі дадому. Цяпер ёй не страшна: савецкія байцы побач. Як магла, дапамагала Зоська сваім суайчыннікам: гатавала ежу, сцірала бялізну, даглядала параненых.

І вось ён прыйшоў, доўгачаканы, самы радасны для ўсіх дзень – Дзень Перамогі. Сустрэла Зоська яго ў цягніку, які вёз яе, ужо дарослую, але выжыўшую, дадому. Як жа не парадавацца за яе! Няўжо скончыліся Зосьчыны пакуты?

На жаль, дома яе не чакалі. Мачыха ўсім сваім выглядам выказвала незадаволенасць. Толькі не баіцца больш яе дзяўчына. Даў Божа вярнуцца жывой з нямецкага палону і цяпер не пакіне сірату. Хутка Зоська выйшла замуж за ўдаўца Пятра з суседняй вёскі. Многія казалі, што стараваты для яе (трынаццаць гадоў розніцы), ды і сына пяцігадовага мае. Але Пятро аказаўся добрым мужам, клапатлівым, ні разу дрэннага слова не чула Зоська ад яго. А як жа быць з хлопчыкам? Сама добра ведала, як жывецца з мачыхай. Усе намаганні прыклала дзяўчына, каб стаць сапраўднай маці для малога Сяргейкі. 

Вельмі цяжка было пасля вайны. Патрэбна было шмат працаваць. Рук не хапала. Галадалі. Многія вяскоўцы доўгі час жылі ў зямлянках, бо хаты былі разбураныя. Вучыцца магчымасці Зоська не мела і пайшла ў калгас паляводам. Працавалі па дзесяць-дванаццаць гадзін. Гэта была невыносная праца, але людзі цярпелі, ніхто не стагнаў, не скардзіўся. Трэба ж было адбудоўваць вёску, вяртаць Радзіму да жыцця. Працавалі без выхадных ад узыходу сонца да заходу. А вярнуўшыся дадому, трэба было прыгатаваць ежу, дапамагчы мужу, пазабаўляцца з Сяргейкам. Ды ці мала клопату ў вёсцы?! Калі ж летам ці восенню выдаваўся рэдкі вольны дзень, спяшаліся сям’ёй у ягады, грыбы. Гэта такая падтрымка ў галодны час. На грыбах яшчэ і грошы зараблялі. Неяк выжывалі. Маладая сям’я працавала і на калгаснай ніве, і на сваім палетку. Іх шчырая праца на карысць Радзіме не засталася незаўважанай: неаднаразова і Зоську, і Пятра ўзнагароджвалі граматамі і падзякамі, заносілі на Дошку гонару. 

Ляцелі гады. Адрадзілася да жыцця беларуская зямля. Восемдзесят гадоў аддзяляюць нас ад таго шчаслівага дня ў маі, калі радасныя крыкі, смех, слёзы радасці зліліся ў адну песню – гімн Перамогі. Свята Перамогі яднае розныя пакаленні людзей. І ў гэтым адзінстве мы, беларусы, чэрпаем сілы, каб перамагаць, і не толькі на полі бою.

Гісторыю Соф’і Зуйко расказала мая бабуля. Яны былі суседзямі. Не стала ўжо бабулі Зоські. Дзевяноста два гады пражыла, многа пабачыла, многа нацярпелася, але памірала шчаслівай, бо на сваёй зямлі, бо дзетак і ўнукаў пагадавала, нават праўнукаў дачакалася. Хіба ж гэта не шчасце для жанчыны!?

Вайна ў мінулым. Але чаму думкі аб ёй выклікаюць у нас боль і страх?

Стаўлю сябе на месца гераіні – дух захоплівае, замірае сэрца. Ці змагла б я так стойка прайсці Зосіным шляхам? Чамусьці здаецца, што дзяўчаты мінулай вайны мацнейшыя за нас, сённяшніх.

Многа гераічных старонак упісана жанчынамі ў летапіс вайны. Яны змагаліся на перадавой, былі медыкамі, снайперамі, лётчыцамі, нават танкісткамі, актыўна ўдзельнічалі ў партызанскім руху. Дзеля вялікага дня вызвалення самаахвярна ішлі яны на верную смерць, стойка і мужна перажывалі страту баявых сяброў, родных. Нізкі паклон вам, жанчыны-маці, жанчыны-працаўніцы, жанчыны-байцы, жанчыны-выратавальніцы!

Да друку падрыхтавала Марына Янюк
Фота з архіва Вікторыі Мархалюк

Предыдущая статья

В Беларуси в I квартале выявили 183 поддельные банкноты и одну монету