banner

Урачысты мітынг, прымеркаваны да 76-й гадавіны вызвалення Свіслаччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбыўся ля мемарыяльнага комплексу «Асілак» (+відэа)

17 Июля’20
1791

Месца правядзення мерапрыемства глыбока сімвалічнае: тут на чыгунных дошках – прозвішчы 1162 нашых землякоў, што загінулі ў барацьбе з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта сімвал нашай памяці аб тых, хто не вярнуўся з бою.

Удзельнікі мітынгу, смуткуючы, успомнілі ўсіх тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду свіслацкай зямлі, палажыў яго на алтар Вялікай Перамогі. 17 ліпеня 1944 года свіслачане вярнуліся да доўгачаканага мірнага жыцця, а дзень вызвалення ад ворага стаў знамянальнай датай у гісторыі нашай малой радзімы. Гэтая дата – сімвал сувязі часоў і пакаленняў, наша гістарычная і духоўная спадчына, якую кожны павінен ведаць, памятаць, цаніць і захоўваць для будучых пакаленняў.



З Днём вызвалення павіншаваў прысутных старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Вярсоцкі:


 У гісторыі Свіслаччыны было шмат падзей. Але, упэўнены, не памылюся, калі скажу, што не было падзеі больш доўгачаканай і значнай, чым падзея, што сабрала нас з вамі сёння ў гэтым святым месцы. Разам з усімі схіляю галаву перад светлай памяццю тых, каму прыйшлося аддаць сваё жыццё дзеля вызвалення нашага горада і раёна. Таксама кажу словы ўдзячнасці тым, хто зараз займаецца выхаваннем падрастаючага пакалення, робіць усё, каб маладыя ведалі кошт Перамогі. Радасна і прыемна, што сёння мы акружаем увагай і клопатам нашых ветэранаў, адносімся да іх з той павагай, якую яны заслугоўваюць. Нельга забыць і працоўны подзвіг нашага народа ў няпростыя пасляваенныя гады. За вельмі кароткі прамежак часу была адноўлена гаспадарка, адбудаваны населеныя пункты. Вызваленне – гэта для нас перш за ўсё ўрок: жахі вайны ніколі не павінны паўтарыцца на нашай палітай крывёю зямлі. Хочацца, каб бліжэйшы час быў для Свіслаччыны часам паступальнага развіцця і працоўных перамог. Мірнага вам жыцця і дабрабыту! Са святам!



Час ідзе, але раны, пакінутыя вайной на чалавечай памяці, не загойваюцца, баляць і зараз. І сёння можна пачуць аповед, ад якога заные сэрца. Гэта ўспаміны людзей, чыё юнацтва і дзяцінства апаліла страшнае слова «вайна», – такіх, як жыхарка Свіслачы, малалетні вязень Надзея Аляксандраўна Палуэктава:

Колькі чалавечых ахвяр нясе вайна, колькі разбурэнняў і пакалечаных лёсаў... Калі пра сябе казаць, вайну я не памятаю. Была вельмі маленькая. Але шмат ведаю з расказаў мамы, што перажылі, як апынуліся ў Германіі. Схавацца было немагчыма. Мама тады насіла мяне пад сэрцам, была цяжарная. Пасадзілі яе ў таварны вагон і павезлі на чужыну. Яна была такая ж маленькая і худзенькая, як я. І яе ніхто з мясцовых не ўзяў на работу, таму накіравалі ў канцлагер для ваеннапалонных прыбіральшчыцай. Мама, вядома, шмат чаго там пабачыла. Дрэнна кармілі, прымушалі многа працаваць, здзекаваліся, за нязначныя правіннасці расстрэльвалі на месцы. Калі прыйшоў час нарадзіць мяне, маму пасялялі да адной немкі, каб пад наглядам былі. А працавала на заводзе разам з іншымі палоннымі. За імі сачылі назіральнікі з сабакамі. Не дай Бог што-небудзь зрабіць не так. А вызвалялі нас амерыканцы. Як вызвалялі? Бамбілі без разбору ўсё, што рухалася. Людзі кідаліся з боку ў бок, хаваліся, было шмат забітых. У гэтым жаху мы змаглі выжыць. А потым быў доўгі шлях дамоў. Тата загінуў на фронце. Што я хачу сказаць сёння? Беражыце мір і памятайце, якой цаной ён здабыты.




У баях за вызваленне нашага раёна загінула каля паўтары тысячы воінаў Чырвонай арміі і народных мсціўцаў. Сярод іх – Герой Савецкага Саюза палкоўнік Мікалай Масонаў. Аддаць даніну памяці татаваму подзвігу прыйшла на мітынг дачка бясстрашнага камдыва – Інэса Мікалаеўна Кальянава. Яна звярнулася да маладога пакалення:


– Будзьце дастойнымі сваіх продкаў. Яны вынеслі такі цяжар на сваіх плячах. Дзякуючы ім, вы маеце права высока трымаць галаву, жывучы ў незалежнай свабоднай Беларусі. Ніколі не забывайце пра гэта.

У памяць аб тых, чые імёны напісаны на абелісках і брацкіх магілах, хто пайшоў у бяссмерце як невядомы салдат, аб’яўлена хвіліна маўчання (яе парушылі толькі мірныя стрэлы ваеннаслужачых, што стаяць сёння на варце дзяржаўнай мяжы). 


Па свяшчэннай традыцыі да памятных плітаў жыхары раёна ўсклалі кветкі і вянкі. Права першымі пранесці гірлянду памяці дадзена маладому пакаленню.







Наталля ТУРКО

Фота аўтара, відэа Вольгі БУБЕНЧЫК

Предыдущая статья

Мини-рынок открыт