Набліжаецца ўрачыстасць Раства Хрыстова. Цудоўнае, светлае свята з адчуваннем найвялікшай падзеі ў свеце – з’яўлення на свет Божага Дзіця. Ужо праз некалькі дзён разам з першай зорачкай на небе каталіцкія вернікі збяруцца ў дамах на вігілійную вячэру, сэнс якой у тым, каб згодна з запаведдзю Божай выказаць адзін аднаму любоў, прабачыць усе крыўды, папрасіць прабачэння ў родных, дзелячыся аплаткай. А ў думках сваіх схіліцца над яслямі нованароджанага Збавіцеля свету, каб выказаць Яму сваю любоў, сагрэць цеплынёй сваёй веры. Гэта стане для Яго хвалою, а для нас – благаславеннем, суцяшэннем і спакоем.
Напярэдадні свята мы паразмаўлялі з настаяцелем касцёла рымска-каталіцкага Святога Францішка Асізскага ў Свіслачы ксяндзом Антоніем. Чалавекам, які шмат гадоў таму атрымаў дар служэння Богу і з гонарам нясе яго па жыцці.
– Айцец Антоній, раскажыце, калі ласка, пра Ваш шлях да святарства.
– Я з самага дзяцінства назіраў за святаром у касцёле, куды кожную нядзелю хадзіў разам з бацькамі. Мне падабалася ўсё, што было звязана са службай у храме. Ніколі не забуду дзень, калі прыняў першую прычасць. Гэта была невымоўная радасць, проста да слёз. Пазней я стаў міністрантам у касцёле, і ўва мне яшчэ больш узрасло жаданне стаць святаром. Пачаў чытаць хрысціянскую літаратуру. Аб святым Францішку, святым Максімільяне, святым Антоніі. Прыклады іх аддання Богу ўзмацнялі маё жаданне паступіць у семінарыю і прысвяціць жыццё служэнню Хрысту.
– Бацькі падтрымлівалі Ваша жаданне?
– Так, яны благаславілі мяне, і я паехаў у Санкт-Пецярбург паступаць у адзіную ў Расіі вышэйшую каталіцкую духоўную семінарыю “Марыя–Царыца Апосталаў”. Вучоба давалася лёгка. Пасвячэнне мяне ў духоўны сан адбылося ў Маскве. У цэлым я прабыў у горадзе Пятра дзесяць гадоў. Потым вярнуўся ў Гродна. Служыў там. І вось ужо чацвёрты год – у Свіслачы.
– Як вас прыняў наш пушчанскі куточак?
– Вельмі цёпла. Тут добрыя, шчырыя, адкрытыя людзі. І горад прыгожы, дагледжаны. Мне вельмі падабаецца. Яшчэ я шчыра ўдзячны мясцоваму кіраўніцтву. З былым старшынёй Аляксандрам Вярсоцкім мы адразу знайшлі агульную мову. Добры, разумны, мудры чалавек. І з сённяшнім старшынёй Андрэем Грыцкевічам таксама вельмі добрыя адносіны. Вось і нядаўна была сустрэча святароў раёна ў райвыканкаме. Атрымалася добрая, шчырая размова. Яшчэ хачу дадаць, што з праваслаўнымі святарамі ў нас ніколі не было непаразуменняў. Гэта таксама цешыць, бо мы верым у аднаго Бога. Вера не павінна раз’ядноўваць, а, наадварот, збліжаць, парадняць. І католікі, і праваслаўныя моляцца за мір і спакой і ў сем’ях, і на зямлі. За тое, каб узмацнялася вера ў сэрцах, каб людзі адчулі Божую любоў, каб прагнулі яе. Калі ў душы будзе Божае святло, ніхто не заблудзіцца, не схіліць з добрага шляху. Вельмі цешыць, што ў храм прыходзяць дзеці. Нядзельную школу наведваюць амаль шэсцьдзясят хлопчыкаў і дзяўчынак. Вывучаюць Слова Божае, стараюцца жыць згодна з запаведзямі Хрыста, многія рыхтуюцца да прыняцця першай прычасці.
– Набліжаецца свята Божага Нараджэння. Раскажыце пра традыцыі, звязаныя з ім.
– Гэта сямейнае свята, свята паклону перад таямніцаю нараджэння Божага Сына, які прыйшоў на свет у сям’і Марыі і Юзафа. Да яго рыхтуюцца загадзя. Абавязкова ідуць да споведзі, чыста прыбіраюць у хаце. Напярэдадні вечарам, калі на небе з’яўляецца першая зорка, сядаюць за стол, накрыты белым абрусам, пад якім пакладзена сена, як сімвал таго, што Езус нарадзіўся ў яслях сярод жывёл. На стале павінны быць толькі посныя стравы, ніякага алкаголю. Запальваецца свечка, старэйшы член сям’і зачытвае ўрывак з Божага Слова, дзе гаворыцца пра нараджэнне Хрыста. Потым усе разам вымаўляюць малітву і дзеляцца аплаткай з пажаданнямі адзін аднаму здароўя, шчасця, радасці і Божых благаславенняў. Каля стала абавязкова павінна быць адно пустое месца для самотнага падарожніка. Гэта таксама даўняя традыцыя. Вячэра за вігілійным сталом вельмі добрая нагода, каб паяднацца і запрасіць дзіцятка Езуса ў нашыя сем’і. Дзіцятка, якое мае моц чыніць цуды, мае моц яднаць і лячыць нашыя душы.
– Што бы Вы хацелі сказаць вернікам напярэдадні свята?
– З нагоды надыходзячага свята хачу пажадаць усім вернікам Божага благаславення. Няхай нованароджаны Езус і Яго Маці Марыя завітаюць ў кожную сям’ю, агорнуць цяплынёю, увальюць у сэрцы надзею. Няхай Бог мае вас усіх у сваёй апецы. Шчыра жадаю ўсім правесці гэтыя дні ў душэўным спакоі, згодзе і радасці ад спаткання з нованароджаным Божым Дзіцяткам. Няхай сёлетняе Божае нараджэнне прынясе ў нашыя сем’і і сэрцы глыбейшую патрэбу любіць Божага Сына, а святло Бэтлеемскай зоркі асветліць уласцівую дарогу жыцця для кожнага.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара
Электронная
подписка на «СГ»
Подробнее
подписка на «СГ»