Таму што адракліся
Нядаўна давялося пачуць размову двух маіх знаёмых. Адзін скардзіўся, што бацькоўскую хату абрабавалі. Вынеслі ўсё, што маглі, праз вокны. Вельмі чалавек абураўся. Суразмоўца яго падтрымліваў.
Я запытала, ці часта ён там бывае? Аказалася, што апошні раз гадоў з чатыры-пяць таму заязджаў, а больш часу не было. Дарэчы, жыве ён у Пружанскім раёне і ад яго хаты да бацькоўскай, можа, кіламетраў з 30-40. Меўшы сваю машыну – паўгадзіны часу. Не знайшліся тыя паўгадзіны ў сына. А родная хатка чакала, чакала і… дачакалася. Я ні ў якім разе не апраўдваю тых зладзюгаў, але… Хіба палезлі б яны рабаваць, калі б бачылі, што хата дагледжаная, я што аб ёй клапоцяцца. А калі бур’яном зарасла з усіх бакоў, калі плот павалены, калі на сцежачку, што вядзе да парога, даўно нага не ступала. Дык што? Яна, выходзіць, нічыя. Вось і дзяруць вокны і валакуць усё, што засталося ў той няшчаснай хаце.
Чаго ж вы здзіўляецеся, дзеці? Гэта толькі ваша віна! Вы пакінулі! Вы занядбалі! Вы адракліся! Вы здрадзілі! Здрадзілі самаму дарагому, што ў вас было, дазволілі зняважыць самы каштоўны скарб – бацькоўскую хату. Можа, тое што вынеслі марадзёры, было не вялікім багаццем у матэрыяльным сэнсе, але ж яно належала вашым бацьку і маці. Яны некалі збіралі грошы, каб купіць, каб дзеці цешыліся, каб было не горш, чым у іншых. Хіба маглі яны падумаць тады пра тое, што прыйдзе час, калі ўсё-ўсё набытае будзе вось так нахабна і бессаромна вынесена з роднай хаты злодзеямі праз акно.
Дарэчы, чалавек той, які скардзіўся на рабаўнікоў, таксама жыве ў вёсцы. Мае вялікі дом, выгадавалі з жонкай дачку і сына. Дзеці даўно пакінулі роднае гняздо, свае сем’і маюць. А гады ж, яны ўжо не ідуць, а бягуць. І ніхто з нас нявечныя на гэтым свеце. Можа стацца так, што сённяшні вялікі дом з новым садам і кветкавым раем пад акном стане нікому не патрэбным. Бо ўсё паўтараецца, і бумеранг абавязкова вяртаецца назад, як далёка яго не закінь. Сёння абрабавалі старэнькую бацькоўскую хату, занядбаную, пакінутую сам-насам сярод бур’яну, а заўтра такое ж можа чакаць і гэтую, такую прыгожую, дагледжаную рукамі руплівага гаспадара.
Дык не скідвайце ўсё на недахоп часу. Вярніцеся туды, дзе нема крычыць аб дапамозе ваш, знявечаны рукамі злодзеяў, родны куточак. Устаўце новыя вокны, павесце чыстыя фіранкі, пасцяліце ходнічкі, вытканыя матулінымі рукамі. Няхай ажыве хатка, няхай пацешыцца. Гэта я звяртаюся да ўсіх сыноў і дачушак, якія забыліся пра роднае гняздо, адкуль падняліся на крылы.
Няма на свеце лепшай мясціны
Чаму я заўсёды пачынаю з сумнага? Таму, што пасля негатыву хочацца акунуцца з галавой у пазітыў! Вось пачула я пра той абрабаваны дом у Пружанскім раёне, а ўжо назаўтра апынулася ў Варонічах, невялікай вёсачцы на ўскрайку лесу Поразаўскага сельсавета. Вось там мне было чаму здзіўляцца! У лютым гэтага года сюды, у дом роднага дзеда, вярнуўся ўнук Аляксандр. Ён нарадзіўся не тут, а ў Дзяржынску, але можна так сказаць, што першы ўспамін аб гэтай хаце застаўся ў яго душы з самых ранніх дзён існавання на свеце. Матуля ўпершыню прывезла яго сюды зусім немаўляткам. Дзед з бабуляй трымалі ўнучаня на руках, і ад гэтых пяшчотных рук перадавалася дзіцяці любоў да каранёў, да мядовага смаку, да сунічных палян і салаўінага спеву ў садзе. Як толькі Саша трошкі падрос, яго любімым месцам знаходжання сталі Варонічы, дзе жылі дзядуля з бабуляй, для якіх унук быў сонейкам ясным. Дзед, Віктар Сцяпанавіч Лясота, быў вядомым на ўсю акругу пчаляром. У яго быў пчальнік на 350 пчоласем’яў у Хрышчонавічах ад Свіслацкага пчалааб’яднання, і гэта не лічачы 73-х уласных вуллёў з пчоламі. Маленькі Саша з задавальненнем дапамагаў дзеду ва ўсіх яго “мядовых” справах. Пчолкі яго прызнавалі і не кусалі. Саша пчолак таксама любіў з маленства ўсім сваім добрым і шчырым сэрцайкам. Усё канікулы хлопчык праводзіў у Варонічах. Зімою – лыжы, санкі, гульні ў снежкі з мясцовымі дзецьмі. А летам – грыбы, ягады і пчолкі. Ён прыкіпеў да гэтых мясцін, ён зрадніўся з імі ўсёй сваёй існасцю, стаў адным цэлым і з домам, і з бэзам пад акном, і сасонкамі за хлявом, і з гэтай зямлёю, дзе прарасталі яго карані.
Па дзедавых слядах
Ішлі гады. Саша вырас, выбраў для сябе сапраўдную мужчынскую прафесію – ваеннаслужачы. Паспяхова скончыў ваенную акадэмію, працаваў на рамонтнай базе ўзбраення, потым быў выкладчыкам у той жа ваеннай акадэміі.
Дзеда Віктара не стала 10 гадоў таму. Ён пакінуў гэты свет, але спадчына засталася ў надзейных руках. Унук Аляксандр ірваўся сюды і ў выхадныя дні і ўвесь водпуск праводзіў толькі тут. Уласны дзедаў пчальнік быў дагледжаны, як мае быць. Унук не мог дапусціць, каб загінула дзедава праца, справа ўсяго жыцця. І вось у лютым гэтага года Аляксандр Луцэвіч пайшоў на заслужаны адпачынак. Ваенны мундзір з зорачкамі падпалкоўніка на пагонах ён змяніў на штодзённае адзенне. Пытанне “Чым займацца на гражданцы?”, вядома, не стаяла. Яго чакала вёска! Пенсіянеру сёння “аж” 42 гады! А калі верыць таму, што ў сорак гадоў жыццё толькі пачынаецца, то ў Аляксандра ўсё яно яшчэ наперадзе! За той час, калі ён замацаваўся тут усур’ёз і надоўга, многа што змянілася. Летняя кухня рукамі маладога гаспадара ператварылася ў лазню. У дом праведзена вада, на падворку “выраслі” прыгожая альтанка, дэкаратыўныя столікі, каменны мангал, арэлі, невялічкі вадаём з масточкам у маладым садзе і яшчэ шмат чаго цікавага.
– Я з такім задавальненнем тут працую, – кажа Аляксандр. – Мая душа адпачывае, бо такое ўсё роднае, блізкае, дарагое. Я ўжо і гаспадаркай абзавёўся. У мяне дзве казы: Белка і Чарнушка? Дарэчы, даюць у дзень па шэсць літраў малака. Дзве авечкі, парасяты, куры, кураняты і мой верны сябар Тарзан. У яго ёсць радаслоўная, вельмі разумны сабака. І, галоўнае – пчолкі. Зараз у мяне 30 вуллеў, але я маю намер павялічыць пчальнік. У хаце нічога перарабляць не буду. Хачу, каб усё заставалася так, як было пры дзеду. Нават ложкі жалезныя пакіну, толькі перафарбую іх, каб сталі прыгажэйшымі. Вось прыбудоўку невялікую да хаты зрабіў. Там будзе душавая і санвузел. Вы бачыце, як тут хораша, салаўі спяваюць цэлымі вечарамі. Вунь адразу за хлявом хвойнічак малады, пасля дажджу маслякі пойдуць. Лес побач. А хутка сястра Таццяна прыедзе з дзецьмі з Дзяржынска. Кожны год яны тут. Там нашы бацькі жывуць. Тата вось да мяне прыехаў. Мы з ім па лісічкі ходзім. І бабулька, гаспадыня гэтай хаты, Соф’я Мікалаеўна Лясота, дзякуй Богу, яшчэ жыве. Мая, Вера Віктараўна, мама яе даглядае. Бабулі сюды вельмі хочацца, але ўжо старэнькая, сілы не мае, за ёй патрэбны догляд. Дзеці мае, сын і дачка, таксама любяць сюды прыязджаць. І сябры! О, як ім тут падабаецца! Дарэчы Чарнушку мне падарыў сябар, які даўно займаецца козамі. А Белку я сам купіў, каб удваіх ім весялей было. Адна авечка – падарунак сяброў, ну а другую сам дакупіў, каб адна не сумавала.
Так смачна не было ніколі
Аляксандр вядзе мяне паказваць сваю гаспадарку. Каза Чарнушка сустракае мяне як сваю, і тыкаецца мордачкай у руку. Белка ад яе не адыходзіць, але глядзіць на выпадковую госцю абыякава.Тарзан прыязна махае хвастом, певень, седзячы на плоце, прывітаў мяне звонкім спевам, мірна над галавой загудзелі пчолкі. Так светла і хораша было на душы, што хацелася тут застацца назаўсёды.
– Хадземце, я пачастую вас чаем з сырам ад маіх козачак,– кліча да альтанкі гаспадар, дзе на стале ўжо стаіць чайнік, нарэзаны сыр і духмяны мёд. Пастараўся бацька Аляксандра – Яўген Уладзіміравіч Луцэвіч.
Ён заўсёды прыязджае сюды на грыбны сезон. Вось і ў наш прыезд старанліва перабіраў на двары лісічкі, якія назбіралі з сынам раніцай. Пазней будуць і другія грыбы: баравічкі, падасінавікі,падбярозавікі, маслякі. Ягады: чарніцы, маліны, брусніцы. Толькі не лянуйся: збірай тое, што дорыць прырода.
Як прыемна было частавацца духмяным чаем з сырам і мёдам. Здавалася, што яшчэ ніколі не было так смачна! А Аляксандр усё расказваў мне, як тут добра жывецца, як соладка спіцца, якім шчаслівым ён адчувае сябе тут, у доме, які пабудаваў дзед, дзе нарадзілася мама, дзе ён з сястрою закахаўся ў гэтыя мясціны з самага маленстсва, а зараз сюды прыязджаюць ужо праўнукі таго дзеда. Для іх таксама няма ў свеце лепшага месца, чым тут, у маленькай вёсачцы Варонічы. Яна, як мне здаецца, чамусь зусім не адпавядае сваёй назве. Варонічы асацыіруюцца з варонамі, а тут яны хіба толькі перад дажджом трошкі пакаркаюць, а ўвесь астатні час пяюць, заліваюцца салаўі і іншыя птушкі, якіх тут незлічоны лік. Як добра, што ёсць каму паслухаць той спеў!
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва А. Луцэвіча
Электронная
подписка на «СГ»
Подробнее
подписка на «СГ»