
Улюбёныя ў Хрысце браты і сёстры! Са святам Нараджэння Хрыстова!
Набліжаецца тое імгненне, калі на аксаміце вечаровага неба з’явіцца першая зорачка і прынясе шчаслівую вестку аб тым, што нарадзіўся Збавіцель. У прадчуванні гэтай жаданай хвіліны мы павінны ў каторы раз пераасэнсаваць сваё жыццё, пераадолець у сабе ганарлівасць і хцівасць, злосць і зайздрасць, якія так перашкаджаюць нам быць вартымі Ласкі Божай. Іначай у нас няма права наблізіцца да яселькаў, дзе знаходзіцца маленькі Езус. Толькі вялікая вера, дабрыня, бескарыслівасць, шчырасць і любоў да бліжняга здолеюць сагрэць Яго ў гэты зімовы вечар. І таму, сабраўшыся за сталом на Вігілійную вячэру і дзелячыся аплаткай, давайце забудзем учарашнія крыўды, шчыра даруем усім, хто нас абразіў, папросім прабачэння ў маці з бацькам, у мужа ці жонкі, у брата ці сястры, у дзяцей, жадаючы адзін аднаму шчасця і дабрабыту, радасці і цяпла. Часам для гэтага патрэбны вялікая духоўная праца над сабой, пераадоленне сябелюбства і пагарды.
Толькі пазбавіўшыся такога цяжару, можна паяднацца з Богам і адчуць спакой у сэрцы. Нованароджаны Езус ёсць сімвал нашага духоўнага адраджэння, перамогі дабра над злом, наша надзея на выратаванне. Шчасця і спагады ўсім, хто імкнецца да паяднання з Сынам Божым, дабрыні і міласэрнасці тым, хто яшчэ не знайшоў дарогі да Хрыста. Няхай далёкае святло Віфлеемскай зоркі заззяе ў кожнай душы, ачысціць яе ад скрухі і сумнення, няхай прынясе надзею і спакой. Няхай Дзіця Божае агорне нашы сем’і цеплынёй і радасцю, удыхне ў кожнага новае жыццё, укажа праўдзівую дарогу жыцця.
Свае шчырыя віншаванні мы таксама дасылаем і братам праваслаўным. Няхай Божае благаславенне дапаможа вам сустрэць святы ў радасці і спакоі. Няхай Божым святлом напоўніцца кожны ваш дзень. Няхай ніколі не пакіне нас усіх надзея і вера.
Касцёл Рымска-Каталіцкі
св. Францішка з Асыжу
ў Свіслачы

Аляксандра Канцэвіч, горад Свіслач:
– Калі мы з сёстрамі былі малымі, ездзілі на свята ў вёску Занкі да прабабулі Зосі. Нас там збіралася многа, аж чатырнаццаць чалавек, і заўсёды было адно свабоднае месца. Прабабуля гаварыла, што гэта для самотнага падарожніка. Быў накрыты вялікі стол з вельмі смачнымі стравамі, хоць і поснымі. У цэнтры стаяла куцця з разынкамі, макам, арэхамі і мёдам. Было шмат страў з рыбы, бульбы, агародніны. А яшчэ ніколі не забуду смак прабабуліных пірагоў. Нідзе і ніколі больш такіх не ела.
Прадзед Генрых запальваў свечку, бабка Зося чытала ўрывак з Евангелля, потым усе маліліся і дзяліліся аплаткай. Гэта было самым цікавым і вельмі кранальным момантам, бо кожны прыдумляў розныя пажаданні адзін аднаму і тады адломваў кавалачак аплаткі. А пасля пачыналася вячэра. Я была самай маленькай сярод сабраных і мала што разумела, але на душы было так хораша, так святочна. Пазней усе ехалі ў касцёл на пастэрку. Там было вельмі шмат людзей, нават у касцёл усе не памяшчаліся. Але дзяцей прапускалі заўсёды наперад, мы стаялі перад самым алтаром. Было цікава і неяк трошкі чароўна. Прабабулька наша, на жаль, памерла і зараз мы збіраемся ў бабулі Ядзі. Але ўсе традыцыі захаваліся, і, я ведаю, будуць захоўвацца заўсёды.

Эмілія Саўко, вёска Навасёлкі:
– Нас у мамы было шасцёра, і мы кожны год вельмі чакалі свята Божага Нараджэння. Заўсёды хадзілі ў касцёл да споведзі, прыбіралі хату. Тата напярэдадні прыносіў елачку, а мы ўсе яе ўпрагожвалі. А мама рыхтавала стравы на вігілію і на святочны стол. У хаце пахла пірагамі. У нас, дзяцей, было чаканне нечага цудоўнага, неверагоднага. За сталом было восем чалавек, а часта і болей.
Вечарам мы сядзелі каля акна і глядзелі на неба: чакалі, калі з’явіцца першая зорка. Стол на той час быў ужо накрыты белым абрусам, пад якім ляжала сена. Пасярэдзіне стаяла свечка і побач куцця. Як толькі заміргаціць зорачка на небе, беглі сказаць пра гэта бацькам. І ўсе збіраліся да стала. Тата запальваў свечку, мы маліліся, дзяліліся аплаткай. Перш-наперш трэба было паспрабаваць куццю, а ўжо потым іншыя стравы. Але самае цікавае для нас было потым, пасля вячэры. Мы выцягвалі з-пад абруса па адной травінцы сена і стараліся, каб яна была чым даўжэйшай. Гэта азначала, што на другі год будзе добры ўраджай усяго, што будзе пасаджана. Цешыліся, смяяліся, радаваліся. Цудоўны гэта быў час. Пакуль бацькі былі жывыя, мы з’язджаліся да сваёй хаты, да роднага гнязда. А цяпер ужо кожны ў сваёй сям’і святкуе.

Данута Якута, гарадскі пасёлак Поразава:
– Рыхтаваліся да свята заўсёды загадзя. Перш- наперш рабілі поўны парадак у хаце. Потым, вядома, спяшаліся ў касцёл, каб ачысціць душу шчырай споведдзю. Хадзілі на раратныя імшы. У кожнага была свая свечка, як сімвал чакання нараджэння Езуса. Гасла святло, а ўсе маліліся і падымалі запаленыя свечкі ўверх. Потым ужо на вігілійнай вячэры тая свечка стаяла ў цэнтры стала.
Мама на вігілію заўсёды гатавала мучныя “ўшкі” з макам, капустай, грыбамі. Яны толькі на Божае нараджэнне гатаваліся. Бліны дражджавыя, селядзец, рыба, з бульбы розныя стравы.
Стол засцілалі абавязкова льняным абрусам. А пад ім – сена. Перад тым, як сесці за стол, мы маліліся, дзяліліся аплаткай. Першы браў у рукі аплатку бацька. Затым ён працягваў яе жонцы, а яна ў сваю чаргу адломвала кавалачак і цалавала яму руку. Потым тое ж самае рабілі ўсе мы.
Куццю трэба было браць лыжкай, і каб яна поўнай была. Гэта сімвалізавала поўны дастатак у хаце. Ну а потым ужо бралі хто што хацеў.
А яшчэ прыходзілі калядоўнікі, у асноўным дзеці. Лічылася, што разам з імі прыйдуць у хату поспех, шчасце. Таму ўсе чакалі такіх калядоўнікаў, частавалі іх. Нашы дзеці таксама хадзілі. Адразу пасля вігілійнай вячэры пераапраналіся і ішлі калядаваць. Песні спявалі, пажаданні добрыя гаварылі ў кожнай хаце, куды заходзілі.
А позна вечарам спяшаліся ў касцёл на пастэрку. Пасля дома ўсіх чакалі неспадзяванкі пад елачкай. Падарункі атрымлівалі ўсе: і малыя, і дарослыя. Радасна было ўсім, весела. Сёння ўжо шмат чаго змянілася, але мы захавалі тыя традыцыі. А белы абрус, яшчэ бабулін, кожны год засцілаем на вігілійны стол.
О важном и интересном в районе, области и стране в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Запісала Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота з архіва “СГ”
і адкрытых інтэрнэт-крыніц




