banner

Талент і хобі Надзеі Барэль

01 Июля’24
396

Заўсёды захапляюся людзьмі з умелымі рукамі. Ім не трэба мець ніякіх тэхнічных прыстасаванняў альбо нязвыклага матэрыяла, каб стварыць прыгажосць, ад якой нельга адарваць вачэй.

Вось такія рукі акурат і ў Надзеі Уладзіміраўны Барэль з вёскі Рудня Дабравольскага сельсавета. Амаль з самага дзяцінства не ведаюць тыя рукі спакою. Недзе з трынаццаці гадоў навучылася прасці, ткаць, вышываць, вязаць пруткамі, шыдэлкам. Пасаг дзяўчына мела, як прыйшла пара замуж выходзіць, дай Бог кожнай. Куфар ледзве зачыняць давалі рады. Дываны, посцілкі, дарожкі, ільняныя кавалкі палатна, рушнікі, сурвэткі, абрусы, бялюткія кашулі, сарочкі, другімі словамі, усё, што доўгімі зімовымі вечарамі з прыхватам кароткіх летніх начэй здолела зрабіць спрытная і дасціпная дзяўчына Надзея Акудовіч. І хлопец да яе пасватаўся руднянскі, Мітрафан Барэль. 51 год пражылі яны з мужам у згодзе і павазе адно да аднаго. Дай Божа ўсім так пражыць. Тры дачушкі выгадавалі, яны падарылі сямёра ўнукаў, а тыя – чатырнаццаць праўнукаў.



Гэта мая любімая справа

Маладосць даўно адцвіла, упаўшы пад ногі золатам восені і лёгшы на валасы шэраням зімы. Але бабулька не губляе бадзёрасці духа і ўвесь свой вольны час (а зараз яго ў яе хоць адбаўляй) займаецца любімай стправай – вязаннем. Рукі настолькі прывычныя да гэтага рукадзелля, што звыклы чалавек (я, напрыклад) не паспявае сачыць за рухам пальцаў, у якіх шыдэлка проста ажывае і імгненна звычайныя рознакаляровыя ніткі ці тонкія пакецікі-маечкі ператвараюцца ў нешта неверагодна прыгожае і нязвыклае.


Надзея Уладзіміраўна дастае з шафы пакрывала, зробленае шыдэлкам, і я губляю ўсе словы ад здзіўлення.

–        Колькі ж вы патрацілі часу, каб звязаць гэты цуд? – пытаюся ў майстрыхі.

–        Дык не цэлы месяц, – адказвае мне бабулька. – З ранку да абеда вяжу, потым адпачываю гадзіну-дзве і далей бяруся за работу. Мне не ў цяжар, бо гэта ж мая любімая справа. Я такіх пакрывалаў мноства навязала. Ды і не толькі іх. Я шмат чаго шыдэлккам вяжу. Мне дастаткова ў часопісе пабачыць які-небудзь узор, як мае вочы яго адразу “сфотаграфуюць” і я магу яго адразу паўтарыць. Дочкам раблю падарункі, унукам, праўнукам. Я ад гэтай справы маю неверагоднае задавальненне. Вунь, паглядзіце, якія рэчы вяжу са звычайных каляровых пакетаў-маечкаў. Я люблю, каб мяне атачала ўсё прыгожае. Гляньце, вось гэтыя дарожкі на падлозе, я калісь выткала на кроснах. Нават колер не змяніўся за дзясяткі гадоў. А вось дыванкі. Адзін я вязала з пакетаў ад малака, а другі – з нарэзаных баваўняных палосак. Адзенне ўжо не носіцца, дык я на палоскі рэжу і вяжу такія дыванкі. Людзі, часам, просяць, каб звязала, я ахвотна за работу бяруся.

Усе паліцы на кухонным серванце, на стале, трыльяжы, шафе ўстаўлены скрынкамі і скрыначкамі. Бляшанкі, пластыкавыя вядзеркі, абвязыныя каляровымі “ніткамі” з тонкіх пакетаў-маечкаў. А вось тры курачкі-квактухі з кураняткамі, стракатыя сурвэткі, кошычкі і шмат чаго іншага, чым нельга не здзіўляцца.

У Надзеі Уладзіміраўны за плячыма ўжо 86 гадоў. Жыве бабулька адна, але дачушкі наведваюць яе часта, унукі і праўнукі – таксама. Дарэчы, у Рудні бабуля толькі з вясны да першых халадоў, а на зіму перасяляецца да дачкі ў Нямержу. Другая дачка таксама недалёка – у Новым Двары, а трэцяя – у Вялікай Бераставіцы. Свой дар – уменне прыгожа вязаць – Надзея Уладзіміраўна перадала дачушкам, унучкам і нават праўнучкам. Унучкі своечасова забяспечваюць бабулю каляровымі вязальнымі ніткамі, і ёй застаецца толькі ўзяць у рукі шыдэлак.


Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара

Предыдущая статья

Лучшее время для работы