banner

Такія страшныя дзесяць дзён: да 80-годдзя вызвалення вязняў лагера смерці “Азарычы”

19 Марта’24
326

Прайшло 80 гадоў з таго дня, як Чырвоная армія вызваліла вязняў лагера смерці “Азарычы”. Тут упершыню ў свеце была прыменена бактэрыялагічная зброя. Фашысты, разумеючы, што план стаць уладарамі свету, не здзейсніцца, ужо не ведалі, як лютаваць, і што яшчэ вытварыць, каб стрымаць наступленне Чырвонай арміі. Лагеры ў наваколлях Азарычаў патрэбны былі для заражэння тыфам як саміх вязняў, так і перадавых частак Савецкай арміі, якія прыйдуць ім на дапамогу. Выйграўшы час, немцы збіраліся адысці і ўладкаваць умацаваныя раёны.

9-я армія Вермахта пад камандаваннем Йозэфа Харпе ў сакавіку 1944 года арганізавала тры часовыя лагеры каля населеных пунктаў Дзерць, Азарычы і Падасіннік Даманавіцкага раёна Палесскай вобласці. Гісторыя гэтых лагераў – адно з самых злосных злачынстваў фашысцкіх захопнікаў, учыненых у гады вайны на беларускай зямлі.

Тэрыторыю лагера смерці абгарадзілі калючым дротам, з усіх бакоў, замініравалі і пачалі зганяць туды жанчын з малымі дзяцьмі, падлеткаў, старых і хворых людзей. 

Па дарозе ў лагер расстрэльвалі ўсіх, хто не мог перамяшчацца. Асабліва жанчын, калі яны неслі дзяцей і хацелі спыніцца на абочыне для адпачынку. Па тых жа дарогах ехалі танкі і ваенная тэхніка, і хто не паспеў сысці, тут жа апынаўся пад гусеніцамі.

У лагер было дастаўлена 7 тысяч чалавек, хворых на сыпны тыф. Пабудоў, нават лёгкага тыпу, дзе можна было схавацца, на тэрыторыі лагера не было. Людзі круглыя суткі знаходзіліся пад адкрытым небам на голай зямлі. Пры гэтым тэмпература была ад 0 да –15 градусаў. Жанчыны, каб хоць неяк сагрэць дзяцей, збіралі іх у групкі па 15–20 чалавек і закрывалі лахманамі, усім, што на сабе мелі. Не было ні туалетаў, ні вады. Бруд, адтайваючы, сцякаў у багністыя часткі лагера, адтуль вязні вымушаны былі браць ваду, каб наталіць смагу.

На вышках увесь час дзяжурылі салдаты. Яны без папярэджвання стралялі ва ўсіх, хто парушаў забароны. Нельга было нават сабраць хоць некалькі галінак і распаліць хоць невялічкае вогнішча, каб сагрэцца. Людзі спалі на прамёрзлай зямлі і кожны дзень паміралі. Хаваць мёртвых таксама забаранялася. Пакойнікаў спачатку складвалі самі вязні ў адно месца, а потым, калі ўжо на гэта не хапала сілы, мёртвыя целы ляжалі па ўсім лагеры.

Лагер смерці праіснаваў 10 дзён. Але за гэты кароткі час у азарыцкім канцлагеры ад голаду, холаду, хвароб і катаванняў загінула каля 20 тысяч чалавек. Дзесяць дзён для тысяч вязняў аказаліся вечнасцю. Сярэдняя працягласць жыцця людзей там складала трое сутак. 19 сакавіка 1944 года з лагера вызвалілі 33480 чалавек, прыкладна палова з іх – дзеці.

Нават пасля вызвалення лагер смерці не адпускаў сваіх вязняў. Нягледзячы на добрае харчаванне, медыцынскую дапамогу, кожную ноч паміралі чацвёра-пяцёра дзяцей. З 33480 вызваленых з лагера вязняў 15960 – дзеці да 13 гадоў, з іх 517 – сіроты. Чаму там было так шмат дзяцей? У перыяд дэпартацыі насельніцтва са Жлобінскай зоны і канваіравання вязняў з лагера вёскі Параслішча ў канцлагер "Азарычы" нямецкія салдаты адбіралі ў маці малых і запіхвалі іх у вагоны, машыны, а жанчын адпраўлялі ў працоўныя лагеры.

Па факце асноўныя часткі Чырвонай арміі абышлі гэтае месца, але эпідэмія закранула 19-ты корпус, які вызваляў лагер смерці. Яго адвялі з фронту на каранцін. Спатрэбіліся вялізныя намаганні медыкаў, каб лакалізаваць тыф, не даць яму распаўсюдзіцца. Нягледзячы на прынятыя меры, восем працэнтаў салдат, якія ўступілі ў кантакт з вязнямі, перахварэлі на сыпны тыф, каля 100 памерлі. Іх пахавалі на тэрыторыі шпіталяў. Сёння памяць аб жахлівых злачынствах фашысцкіх нелюдзей захоўваецца ў музеі лагера смерці "Азарычы". Тут больш за тысячу экспанатаў, фатаграфіі выжыўшых вязняў, зробленых нашымі салдатамі-вызваліцелямі, успаміны і сведчанні тых, хто прайшоў праз азарычскае пекла.

У 1965 годзе за два кіламетры ад пасёлка Азарычы, дзе траса пераходзіць у Кастрычніцкую вуліцу, быў устаноўлены помнік ахвярам лагераў смерці Калінкавіцкага раёна. Мемарыял размяшчаецца на тым месцы, дзе дзейнічала Азарыцкае аддзяленне.

Цэнтральны манумент устаноўлены на пастаменце пасярод пляцоўкі, выбрукаванай тратуарнай пліткай. Тры белыя абеліскі ўзвышаюцца на палянцы, дзе калісьці гінулі людзі. На кожнай са стэл створаны барэльефныя выявы жанчын, старых і дзяцей.

Наводдаль стаяць стылізаваныя кулямётныя вышкі і вароты з калючым дротам, а ўваход на тэрыторыю комплексу з боку трасы заступае сімвалічны плот з двума мемарыяльнымі плітамі па баках. На шырокай левай стэле рэльефнымі літарамі напісана: «Тут, у фашысцкім лагеры смерці, у сакавіку 1944 года загінулі ад холаду, голаду і хвароб, расстраляны і закатаваны больш за 9 тысяч мірных жыхароў». На правай стэле напісана: «Людзі, памятайце нас».


Велізарнае ўражанне на наведвальнікаў комплексу робяць вароты і нямецкі калючы дрот там, дзе яны і былі ў сапраўдным лагеры смерці. Уваходзячы за гэтыя вароты, людзі павінны былі кінуць цёплае адзенне і яду ў агонь. І стаяць па шчыкалатку ці нават па калена ў вадзе. У 2022 годзе комплекс дапоўнілі восем чорных, падобных да ценю фігур, якія сімвалізуюць ахвяр лагера смерці.

Кожны год сюды прыязджаюць былыя вязні, іх нашчадкі, проста нераўнадушныя людзі з усіх куточкаў Беларусі, каб ушанаваць памяць аб загінуўшых, палажыць кветкі да падножжа манумента і моўчкі пастаяць, бо ў такім месцы цяжка знайсці словы.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Предыдущая статья

Съезд БРСМ по избранию делегатов ВНС пройдет 9 апреля