
Скончылася лета, але дзянькі яшчэ па-летняму цёплыя, сонейка не лянуецца пасылаць на зямлю свае ласкавыя праменьчыкі, хоць восень ужо напамінае аб сабе пажоўклым лісцем і ранішняй прахалодай. Вясковыя людзі ўжо сабралі амаль увесь ураджай са сваіх агародаў, нарабілі нарыхтовак на зіму. Самы час адпачыць, перавесці дух і зарадзіцца добрым настроем.
Падзяка – кожнаму
Майстры дарыць добры настрой – гэта работнікі культуры. Вось і ў мінулыя выхадныя сабраліся разам на свята вёскі-суседкі Навасады, Хрышчонавічы, Лідзяны і Кулявічы. Галоўнай пляцоўкай для сходу выбралі Навасады. У гэтую вёсачку спяшаліся вяскоўцы, як добрыя сябры, якім рэдка выпадае магчымасць вось так сустрэцца, пагутарыць і пачуць у свой адрас шчырыя словы падзякі.
А дзякаваць, вядома, ёсць за што. Бо ў кожнай гэтай вёсачцы жывуць людзі, адданыя працы. Адным падзяка і пашана за ўчарашні дзень, другім – за сённяшні.
Да прысутных звярнуўся з добрым словам старшыня Поразаўскага сельсавета Віктар Акудовіч.
– Я вельмі ўдзячны кожнаму з вас, шаноўныя жыхары вёсак, – сказаў Віктар Вацлававіч. – Гэта вы, мае дарагія, шчыравалі на палях і фермах, вырошчвалі хлеб, давалі краіне малако, працавалі ў сацыяльнай сферы. Гэта вы з году ў год праслаўлялі нашу свіслацкую зямлю. Паклон вам за гэта. Жадаю ўсім мірнага неба, здароўя і дабрабыту. Няхай у вашы дамы прыходзяць толькі добрыя весткі, няхай Бог ахоўвае вашых родных і блізкіх.

Да добрага слова – падарункі
Падарункі ад старшыні сельвыканкама атрымалі старажылы вёсак, за спіною ў якіх шмат гадоў самаадданай працы ў цяжкія пасляваенныя гады. Гэта Мікалай Ламаска з Навасадаў, які адлічыў 96 гадоў жыцця, Вера Быкоўская з Лідзянаў, Іван Клюкач і Тарэза Клюкач з Хрышчонавічаў, якія адзначылі па 89 у гэтым годзе а свае 80 сустрэла Ядвіга Насевіч з Кулявічаў.
Не забыліся прывітаць на свяце і больш маладых юбіляраў. Віншаванні і падарункі прымалі Ніна Навасад, Віктар Навасад, Віктар Карніловіч з Навасадаў, Уладзімір Навасад з Кулявічаў, Юрый Сімановіч з Хрышчонавічаў. Атрымаў свой першы падарунак з рук старшыні сельсавета самы маленькі жыхар Навасадаў – Сярожа Арол. У яго яшчэ ўсё наперадзе. Няхай жа лёс у хлопчыка будзе шчаслівым!
Стала добрай традыцыяй на такіх святах ушаноўваць сямейныя пары, якія ідуць па жыцці шмат гадоў, выгадавалі добрых дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Словы падзякі ў гэты дзень пачулі ў свой адрас Мікалай і Вера Карніловічы з Лідзянаў, Іван і Тарэза Клюкачы з Хрышчонавічаў, Андрэй і Зінаіда Шымко з Навасадоў. Ім таксама былі ўручаны падарункі.
А хто ў вёсцы самы надзейны памочнік старшыні сельвыканкама ў любых справах? Гэта, вядома ж, старасты. За актыўную жыццёвую пазіцыю, гатоўнасць заўсёды быць у віры ўсіх спраў на вёсцы пачулі цёплыя словы падзякі і атрымалі падарункі Ала Насевіч і Галіна Карніловіч.

Радасць прыемнай сустрэчы
А якое ж свята без песні? Іх дарылі вяскоўцам Іосіф Дмухоўскі, Валянціна Аўсейка, Алена Андрушка, Сяргей Ермаковіч, Данута Якута. Людзі атрымалі вялікае задавальненне ад падоранай радасці і доўга не хацелі разыходзіцца. Ім было аб чым пагутарыць – успомніць былое, падзяліцца добрымі навінамі, пахваліцца ўнукамі, праўнукамі, проста пасядзець у коле даўно знаёмых людзей, што бывае даволі нячаста.

Жыхары вёсак-суседак шчыра дзякавалі арганізатарам свята – работнікам Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу – за радасць такой прыемнай сустрэчы, за кожнае цёплае слова, за песні, за цудоўны настрой.





