banner

Свіслацкая дзіцячая бібліятэка сумесна з рэдакцыяй раённай “Свіслацкай газеты” праводзяць тэматычную віктарыну “Чараўнікі і цуды беларускай літаратуры”

24 Сентября’20
729


Свіслацкая дзіцячая бібліятэка сумесна з рэдакцыяй раённай “Свіслацкай газеты” з мэтай актывізацыі чытацкай дзейнасці сярод маладога пакалення праводзяць тэматычную віктарыну “Чараўнікі і цуды беларускай літаратуры”. Вашай увазе прадстаўлены 10 пытанняў, якія датычацца біяграфій вядомых пісьменнікаў, а таксама разнастайных жанраў народнага фальклору. 

Пытанне 1. Класік беларускай літаратуры, народны паэт Беларусі. Нарадзіўся ў 1882 годзе ў Мінскай вобласці. Першы свой верш на беларускай мове ён надрукаваў у 1905 годзе. З’яўляецца аўтарам паэм “Бандароўна”, “Магіла льва”, камедыі “Паўлінка”, зборнікаў вершаў “Жалейка”, “Гусляр”. Аб кім ідзе гаворка?

Пытанне 2. Адгадайце загадку: “Мяне ўсе просяць, мяне ўсе чакаюць, а як толькі я з’яўлюся – хавацца пачынаюць”.

Пытанне 3. “Жыў сабе на свеце адзін чалавек. Было ў яго тры сыны: два разумныя, а трэці – Іван-прасцяк. Разумныя пажаніліся, сем’і завялі, а Іван усё на печы ляжыць ды на жалейцы іграе…”. З якой народнай казкі дадзены ўрывак?

Пытанне 4. Народны паэт Беларусі, драматург, крытык, педагог, акадэмік Акадэміі навук БССР. З’яўляецца адным з заснавальнікаў сучаснай беларускай мовы і літаратуры. Першы свой верш надрукаваў у 1906 годзе. Аўтар паэм “Сымон-музыка”, “Новая зямля”, трылогіі “На ростанях”. Хто гэта?

Пытанне 5. Адгадайце загадку: “Пад соснамі, пад елкамі ляжыць клубок з іголкамі”.

Пытанне 6. Закончыце беларускую народную прыказку: “Хто полю годзіць – …”

Пытанне 7. Паэт, публіцыст, літаратуразнаўца, распачынальнік традыцыі беларускага мастацкага перакладу. Нарадзіўся ў Мінску, але ва ўзросце 25 гадоў памёр у Ялце. Аўтар адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў “Вянок”, які пабачыў свет у 1913 годзе. Аб кім ідзе гаворка?

Пытанне 8. “Даўней было так: як састарэе бацька, то сын завязе яго ў глухую пушчу, дык і пакіне там. Вось аднаго разу павёз сын бацьку ў лес, але стала шкада яму роднага чалавека…”. З якой казкі дадзены ўрывак?

Пытанне 9. Адгадайце загадку: “Як зойдзе ў дом – дык не выганіш калом, а як пара прыходзіць – то ён і сам выходзіць”.

Пытанне 10. Прадоўжыце беларускую народную прымаўку: “Скончыў работу – …”

Свае адказы да 1 кастрычніка ўключна вы можаце прысылаць у рэдакцыю газеты па электроннай пошце svisgaz@tut.by альбо на адрас: 231969, г. Свіслач, вул. Камсамольская, 12. Пры адказе абавязкова ўкажыце вашы кантактныя дадзеныя (прозвішча, імя, імя па бацьку, месца вучобы, тэлефон, па якім з вамі можна будзе звязацца). Просім прыняць актыўны ўдзел рабят ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў.

Пераможцы віктарыны атрымаюць граматы і прызы ад Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі і раённай “Свіслацкай газеты”. 

Вольга БОТВІЧ

Предыдущая статья

В районе прошел патриотический велопробег «Молодежь Свислочи ЗА!» (+видео)