Сёння ў праекце “Аднавяскоўцы” пойдзе аповед пра вёску Студзенікі, якая схавалася сярод пушчанскіх соснаў і елак. Калісьці тут жыло шмат людзей, вёска гудзела, як вулей з пчоламі, і, як тыя пчолкі, працавалі ад зары да зары вяскоўцы. Бываюць вёскі, гісторыя якіх пішацца не ў архіўных дакументах, а ў лёсах людзей. Вёска Студзенікі – менавіта такая. Гэта ўнікальнае месца сілы, дзе чалавечае жыццё вымяраецца не гадамі, а маштабам зробленага дабра.
Студзенікская зямля выгадавала цэлую плеяду ардэнаносцаў. Менавіта тут нарадзілася і вырасла Герой Сацыялістычнай працы, узнагароджаная ордэнам Леніна, залатым медалём “Серп і Молат”, медалямі ВДНГ СССР Ядвіга Рэкуць. З гонарам носяць свае ордэны за добрасумленную працу Алена Мацейка, Леаніда Кароль. Вёска стала калыскай для вялізных, дружных сем'яў.
Мясцовыя маці, якія выгадавалі па 7, 8 і нават 10 дзяцей, сагрэлі гэты свет сваім бязмежным сэрцам. Іх дарослыя дзеці сталі дастойнымі людзьмі, а шматдзетныя матулі цешацца ўжо праўнукамі.
На сённяшні дзень у Студзеніках налічваецца 69 двароў і 96 жыхароў. Гэта дружная вёска, якая заўсёды славілася сваёй гасціннасцю і працавітасцю.
Яе імя – Стойкасць
Студзенікі – гэта месца, дзе жылі і жывуць людзі дзіўнага лёсу. А на нашай старонцы сёння сустрэнуцца тры сям’і, тры лёсы, у чымсьці падобныя, у чымсьці розныя, але аднолькава багатыя душой і сардэчнасцю. Кожная з іх – гэта асобная грань вясковай душы.
Першы адрас – вуліца Поразаўская,1. Жыве тут Вольга Кедзік з сынам Вацлавам і нявесткай Валянцінай. Калі назваць Вольгу Фролаўну адным словам, то гэта слова было б – Стойкасць. У васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя на яе долю выпала неверагоднае выпрабаванне – чакаць сына з Афганістана. Два гады яе сэрца было сцята трывогаю за сваё дзіця, яна чакала сына так, як можа чакаць толькі маці.
– Я жыву ў Студзеніках даўно, з той пары, як выйшла замуж за мясцовага хлопца Іосіфа Кедзіка, – гаворыць Вольга Фролаўна. – Звілі мы сваё гняздо, тут нарадзіліся нашы дзеткі – сынок Вацлаў і дзве дачушкі, Алена і Наташа. Гадаваліся, як і ўсе. Была ў нас вялікая гаспадарка: конь, каровы, свінні, шмат рознай птушкі. Калі ў лесе з’яўляліся грыбы, асабліва лісічкі, то дзеці з ранку да вечара былі ў пушчы. На ўсе школьныя патрэбы зараблялі самі. Так і раслі. Я шмат гадоў адпрацавала даяркаю на ферме, а муж спачатку працаваў у райспажыўсаюзе, а потым разам са мной у жывёлагадоўлі. На жаль, даўно ўжо няма яго на свеце. Добрым быў, рукі меў залатыя.
Калі прыйшла пара старэйшаму сыну ісці ў армію, маці вельмі непакоілася, каб хоць не ў Афганістан, і трывога аказалася недарэмнай. Вацлаў прысылаў лісты, супакойваў маці, запэўніваў, што ўсё будзе добра, каб чакалі яго і не хваляваліся. А матуля кожную нядзельку бегла ў Поразава ў касцёл, зноў і зноў на каленях благала Бога ўберагчы сына. І нарэшце дачакалася яго жывога і здаровага. І была гэта найбольшая радасць за ўсё жыццё.
Час памалу бег. Ажаніўся сын, выйшлі замуж дачушкі. У Вольгі Фролаўны пяцёра ўнукаў, трое праўнукаў. Яны – радасць і шчасце бабулі Волі. Прыязджаюць, цешаць, шкадуюць сваю родную. У свае 88 гадоў яна ўжо не мае шмат сілы, але дапамагаюць сын з нявесткаю, часта наведваюцца дачушкі Наталля і Алена.
Лічба 8, калі яна ляжыць гарызантальна, азначае знак бясконцасці. На сённяшні дзень у Вольгі Фролаўны два такіх знакі. Няхай жа бясконцай будзе яе радасць ад дзяцей, унукаў, праўнукаў, ад тых кветачак, што цвітуць на падворку, ад птушачак, якія шчабечуць у густых галінках сада, пасаджаных калісьці рукамі яе і мужа.
Яна была сэрцам школы
Жанчыну, пра якую пойдзе наступны аповед, назавем другім словам – Мудрасць.
Гэта Марыя Штоп – Настаўніца з вялікай літары, былы дырэктар Студзенікскай базавай школы. Калі б сцены гэтай школы ўмелі гаварыць, яны б расказалі пра тысячы званкоў, дзіцячы смех і пра жанчыну, якая шмат гадоў была сэрцам гэтай установы.
Яна вучыла мясцовую дзетвару не проста складаць лічбы і рашаць ураўненні. Яна вучыла іх логіцы жыцця, сумленню і павазе да працы.
– Першы год пасля заканчэння Гродзенскага педагагічнага інстытута я працавала ў Дзешкаўскай васьмігадовай школе, – гаворыць Марыя Паўлаўна. – А потым перавялася ў Студзенікі. Адпрацавала тут амаль трыццаць гадоў. Потым закрылі нашу школу, бо дзяцей было мала. Яны сталі вучыцца ў Навадворскай школе, і я там яшчэ якісь час працавала.
Марыя прыехала ў Студзенікі зусім маладзенькай дзяўчынай, сустрэла тут свайго суджанага, выйшла замуж, нарадзіла дачушак Ірыну і Алу. Дзеці даўно выраслі, атрымалі добрую адукацыю, стварылі свае сем’і. Старэйшая падарыла матулі тры ўнучкі, а малодшая – два ўнука.
З мужам Уладзімірам амаль сорак шэсць гадоў жывуць у згодзе і ўзаемаразуменні. Прывыклі ўсё рабіць разам. У доме ў Штопаў утульна і светла. Марыя Паўлаўна вышывае карціны, якія ўпрыгожваюць сцены ў кожным пакоі.
Да ўсяго іншага Марыя Штоп з’яўляецца старастай вёскі. Яе хата заўсёды адкрыта для вяскоўцаў. Ідуць людзі за парадамі, з просьбай дапамагчы ў рашэнні той ці іншай праблемы. Усё пытанні агаворваюцца са старшынёй Навадворскага сельсавета Ірынай Якутай, якая, дарэчы, таксама родам з гэтай вёскі.
Таму што яна – маці
Трэцюю вяскоўку назавем самым цёплым словам – Любоў. Бо як яшчэ можна назваць жанчыну, якая нарадзіла, выгадавала і вывела ў людзі сямёра дзяцей?! Разалія Торч мае ордэн Маці і два медалі Мацярынства.
– Я родам з невялічкай вёскі Залесная, а замуж пайшла ў Працуцічы, – расказвае пра сябе Разалія Баляславаўна. – Там з’явіліся на свет усе нашы дзеткі – пяць дачушак і два сыночкі. Муж працаваў спачатку ў сельгастэхніцы, а потым перайшоў у мясцовы саўгас. Нам далі дом ад саўгаса “Новы Двор”, і мы пераехалі ў Студзенікі. Шафёрам быў муж, а я ўвесь час – у паляводстве. Бывала, выдзяляць дзялку буракоў, канца ім не відаць. Спіна не разгібалася, рукі балелі, а куды дзенешся – трэба палоць. Але дачушкі дапамагалі, разумелі, што мне адной цяжка. Добрымі мае дзеці выраслі, ні за аднаго не сорамна. Прыязджаюць, дапамагаюць мне. Дачка, што ў Свіслачы жыве, на зіму мяне да сябе забірае, бо хата гэтая халодная зімою, не магу нагрэць яе, калі мароз. А ў дачушкі мне добра, цёпла, утульна. А калі сюды вясною прыязджаю, то ўсе дзеці наведваюць, дапамагаюць. Ніколі з пустымі рукамі не едуць, прывозяць шмат прадуктаў, даглядаюць добра. У мяне ўжо сем унукаў, яны таксама не забываюць бабулю, як імі не цешыцца?!
Яна з такой цеплынёй і любоўю расказвае пра дзяцей, пра ўнукаў, такой радасцю свецяцца яе вочы, і маршчынкі на твары самі разгладжваюцца. За спіною ў гэтай жанчыны шмат гадоў працы, а яшчэ больш бяссонных начэй над дзіцячымі калыскамі і ціхіх малітваў ля абразоў да Бога за дзяцей, за ўнукаў, за тое, каб былі яны здаровымі і шчаслівымі, каб лёс іх быў светлым, а жыццёвы шлях – доўгім-доўгім.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара









