banner

Сход – філасофія якасці жыцця

22 Января’21
891
Я ўжо даўно ўсвядоміў, што не можа быць іншага сапраўднага заканадаўцы, чым сам народ. Варта, вядома, не толькі хваліцца, што ты выйшаў з народа, але трэба па-сапраўднаму заставацца з гэтым народам да апошніх дзён жыцця. Многія з нас нярэдка папракаюць дзяржаву, што яна нам абавязана тое, павінна другое, а што ты сам асабіста зрабіў карыснага і важнага для гэтай дзяржавы, для тых, хто з табой побач?! Нам, грамадзянам, нельга забываць, што мы не толькі маем правы, гарантаваныя Канстытуцыяй, але таксама абавязаны. А то як служыць у арміі, добра вучыцца, эфектыўна працаваць, мы чамусьці забываем, а вось патрабаваць штодзённа хлеб з маслам на талерачцы, тут вучыць не трэба…

Мяне як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь надзвычай хвалюе падрыхтоўка ў краіне да такой значнай грамадскай падзеі, як VI Усебеларускі народны сход. Добра, што рашэнні такіх з’ездаў могуць стаць канстытуцыйнымі, што само палажэнне пра дзейнасць народных сходаў плануецца ўнесці ў новую Канстытуцыю. 

Радуе, што амаль ва ўсіх гарадах, пасёлках і вёсачках Беларусі актыўна працуюць дыялогавыя пляцоўкі, грамадскія прыёмныя, дзе суайчыннікі, землякі выказваюць сваю пазіцыю, уносяць шмат прапаноў наконт далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, удасканалення палітычнай сістэмы. Безумоўна, кожны з нас хоча, каб яго пачулі, каб яго голас быў улічаны. 

 Зразумела, што ніякія заморскія дзядзькі і цёткі ніякім чынам не дапамогуць нам, беларусам. Яны могуць толькі зрабіць горш – разваліць Беларусь, пазбавіць яе суверэнітэту. Таму наша будучыня – толькі ў нашых руках. 

Як сёння абмяркуем нашы заўтрашнія крокі – так і жыць будзем у будучыні. Каштоўна,  што ўсенародныя думкі і меркаванні з месцаў, з рэгіёнаў будуць вынесены на абмеркаванне народнага сходу. Добра, што на форуме будуць прадстаўлены многія працоўныя калектывы, палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, людзі розных узростаў і прафесій. 

У нашай краіне менавіта народ – адзіная крыніца дзяржаўнай улады і носьбіт суверэнітэту. І я не згодны з апанентамі, з прадстаўнікамі апазіцыі, што народны сход – нейкі атрыбут аўтарытарызму, а то і наогул праява папулізму. Сход у Беларусі – кансультатыўна-нарадавы орган, які з’яўляецца сапраўдным эталонам права ў сучасным свеце, красамоўнай формай дэмакратыі. 

У XXI стагоддзі ўлада павінна актыўна суадносіцца з народам, кансультавацца з грамадзянамі па праблемах жыцця, асабліва спрэчных і складаных. І лепшыя прадстаўнікі ад народа, не прэтэндуючы на атрыманне высокай улады, на месцах, у сваіх калектывах гатовы на яе штодзённа ўплываць. Дзяржаўная палітыка – наогул з’ява надзвычай сур’ёзная, скрупулёзная, і ніякай блытаніны, спешкі, рашэнняў перакаці-поле тут не павінна быць! 

Успамінаю, што некаторыя грамадзяне і да I Усебеларускага сходу ставіліся песімістычна, нават негатыўна. Час паказаў, як яны памыляліся. Сход стаў лёсавырашальным для краіны, кардынальна змяніў не толькі палітычны ландшафт, але і значна ўзрасла ўпэўненасць майго народа ў заўтрашнім дні. Пачалося актыўнае будаўніцтва суверэннай Беларусі. І сам далейшы росквіт дзяржавы залежыць ад творчай працы кожнага з нас. І нават, калі ты сёння яшчэ студэнт і дрэнна вучышся, заўтра ты не зможаш якасна дапамагчы сваёй краіне.

Новы сход, упэўнены, дасць эстафету новым гістарычным, жыццёвым, нават бытавым здзяйсненням. Як добрая кніга, разгорне найбольш важныя, стрыжнявыя, балявыя праблемы. Гэта будзе яшчэ адна яскравая старонка сучаснасці і будучыні беларускага народа, нашай Бацькаўшчыны. Сход – гэта агульнанацыянальная і агульнадзяржаўная пляцоўка, якая люстэркава адлюстроўвае і духоўны стан беларускага народа, і яго дабрабыт, і прававое ўзаемадзеянне органаў кіравання. У сходзе як мадэлі дзяржаўнага кіравання закладзены механізмы нацыянальнай бяспекі (інфармацыйнай, тэхналагічнай, навуковай, эканамічнай, энергетычнай), народнагаспадарчай эфектыўнасці, сацыяльнай справядлівасці, адкрытасці ўладаў, іх адказнасці перад народам. Часу на раскачку, на размовы на кухнях ужо няма. Упэўнены, што сход стане новым, якасным этапам у далейшым гістарычным будаўніцтве Беларусі, паставіць жорсткую заслонку заморскім аванцюрам. Сход – гэта сапраўдная мадэль канстытуцыйнай жыццядзейнасці Беларусі, новая філасофія самой якасці жыцця дзяржавы і яе людзей. 

Сёння Беларусь сутыкнулася з несяброўскім, а нярэдка і зусім варожым акружэннем як з Захаду, так і з Усходу. Не толькі Еўропа, а нават Амерыка з-за далёкага акіяну вучыць нас, як нам жыць далей. Нашы недругі хочуць зрабіць з маёй сінявокай старонкі, Радзімы Купалы і Коласа, Караткевіча і Мележа, нейкую калонію, прыдатак.

І як актуальна гучаць сёння радкі верша народнага паэта Янкі Купалы «Ворагам Беларушчыны», напісанага яшчэ ў далёкім 1907 годзе:

…Цяпер і вы загаварылі,
З апекай выйшлі, як з зямлі;
А што ж дагэтуль вы рабілі?
А дзе ж дагэтуль вы былі?
…Вам страшна нашай 
слёзнай песні
І жальбы страшна вам глухой?
Вам жудка сонца напрадвесні?
Мілей вам холад з цемнатой?
А што ж вам беларус такога
Пасмеў зрабіць, пасмеў 
сказаць?
Эх, трэба ўчыць яшчэ вас 
многа,
Як свайго брата шанаваць!
Эх, кіньце крыўдамі карміцца, –
Кожны народ сам сабе пан;
І беларус можа змясціцца
Ў сям’і нялічанай славян!
Напасцю, лаянкай напраснай
Грудзей не варта мазаліць!
Не пагасіць вам праўды яснай:
Жыў беларус і будзе жыць!
Не столькі «хамскія» натуры
На карках вынеслі сваіх!
І свіст даносчыкаў пануры,
Паверце, не запудзіць іх!..

Канстанцін Карнялюк

Предыдущая статья

Желания исполняются