

Куток, родны сэрцу
У мінулыя выхадныя ў Куклічах як ніколі было шматлюдна. Гучала музыка, ліліся песні. Тут праходзіла свята вёсак Куклічы, Рудня і Лубянка.
Мерапрыемства было прысвечана людзям, якія жывуць і працуюць на роднай зямлі, гадуюць тут дзяцей, унукаў, праўнукаў, стараюцца зрабіць свае вёскі прыгожымі і ўтульнымі.
Дзень вёскі – гэта не проста свята, гэта даўняя, цудоўная традыцыя, гэта нагода для тых, хто пакінуў родны дом, прыехаць на сустрэчу са старымі сябрамі, успомніць маладыя гады, наведаць бацькоўскі кут. А жыхарам вёскі – пераканацца, што пра іх памятаюць.
Урачыстасць пачалася з прывітальнага слова старшыні Ханявіцкага сельсавета Браніслава Дзічкоўскага, які падзякаваў жыхарам вёсак за працу, за працу па падтрыманні ў належным стане сваіх дамаўладанняў і пажадаў здароўя, дабра і добрага настрою. А адразу пасля афіцыйнай часткі ўсіх гасцей па традыцыі пачаставалі караваем – сімвалам гасціннасці і яднання.
Па добрай традыцыі павіншавалі самых старэйшых жыхароў і самых маленькіх – будучыню вёскі. 96 гадоў споўнілася Соф’і Іванаўне Васіліца, 94 – Соф’і Васільеўне Кердоль, 90 – Раісе Ануфрыеўне Ушкар. Трошки больш за год – самым маленькім жыхарам Эміліі Комінч-Гуштын і Ігару Грэкаву. Дарэчы, апошні зусім нядаўна стаў жыхаром Куклічаў. Сям’я са сталіцы амаль нядаўна ў гэтай акружанай лесам вёсачцы купіла дом.
Пад гучныя апладысменты прывіталі сямейныя пары, якія ў міры і згодзе жывуць амаль 50 і 60 гадоў. Шчырыя словы падзякі выказалі шматдзетным маці – Валянціне Канюк і Соф’і Анісеня. А таксама воінам-афганцам – Васілію Ламану і Івану Янушкевічу.
Асабліва ў гэты дзень ушанавалі прадаўца Валянціну Такарчук і старастаў вёсак — Валянціну Такарчук иі Вячаслава Халецкага, якія штодня клапоцяцца пра парадак і дабрабыт сваіх населеных пунктў.
Сельвыканкам уручыў падарункі кожнаму, хто ўносіць уклад у жыццё вёсак, і без увагі не застаўся ніхто.
На працягу ўсяго свята вяскоўцы весяліліся ад душы: гучалі задорныя песні і мелодыі, звінелі дзіцячыя галасы. Працаўнікі культуры дарылі аднавяскоўцам сапраўдны добры настрой, і кожны ў гэты дзень разумеў: яго вёска, нягледзячы ні на што, – самы любімы куток на зямлі, дзе ўсё так прыгожа, міла і па-роднаму дорага сэрцу.
А ў завяршэнне свята ўсе выйшлі на агульную фатаграфію на памяць, каб гэты цёплы дзень застаўся ў сэрцах надоўга.
Песні, музыка і шчаслівыя твары яшчэ доўга не сціхалі – а гэта значыць, што вёсцы жыць!
Слова вяскоўцам
Ала Беласік, жыхарка в. Куклічы:
– Я сама родам з Дварчан. Прыехала ў Куклічы ў 1981 годзе. Некалі гэта была вялікая вёска. Тут быў клуб, амбулаторыя, дзіцячы сад, размяшчалася праўленне калгаса, нават швейная вытворчасць была наладжана. Цяпер засталася толькі крама. Шмат людзей тут раней жыло. Я 35 гадоў працавала ў сферы культуры, арганізоўвалі святы, "агеньчыкі". Весела было. Ажывае вёска асабліва ўлетку, калі прыязджаюць дзеці, унукі, праўнукі. Мой унук, напрыклад, цэлае лета са мной. Дзецям тут добра і ўтульна. Пакуль будзе так, вёска будзе жыць.
Валянціна Такарчук, стараста вёскі Куклічы:
– Гэта мая родная вёска. Для мяне яна – самая лепшая. Я ёй проста захапляюся і вельмі кахаю. Яна прыгожая, уся ў зеляніне. Тут вельмі добрыя людзі: добрыя, спагадлівыя. Улетку напаўняецца дзіцячымі галасамі. І гэта самы добры час, таму што дзеці – гэта будучыня наша і вёскі. Я ўжо трыццаць гадоў тут старастай, стараюся дапамагаць сваім вяскоўцам у вырашэнні любых пытанняў. А ўвогуле працавала спачатку бібліятэкарам, потым заатэхнікам у гаспадарцы. Вясковае жыццё – гэта наша аддушына.
Валянціна Канюк, жыхарка в. Лубянка, шматдзетная маці:
– Мая родная вёска – Лубянка. Усё жыццё тут пражыла. Выгадавалі з мужам пецярых дзяцей. Усе яны ўжо вызначаны. Двое жывуць у Ханявічах, астатнія ў Лыскава, Брэсце і Пінску. У вёсцы апроч мяне яшчэ адзін чалавек жыве. Сумна, але прывыкла. Некалі больш за 150 чалавек пражывала.
На такім свяце я ўпершыню. Мне спадабалася. Трэба праводзіць такое. Сустрэла сваіх знаёмых і сваякоў, якіх даўно не бачыла. Дзякуй арганізатарам за падораны настрой.





Марина ЯНЮК
Фото автора






