Рэчы ўмеюць гаварыць

24 Августа’20
1437
«Лепей адзін раз пабачыць… А калі пашанцуе – патрымаць у руках», – менавіта з такімі думкамі мы крочылі на днях у Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей. Шмат там цікавых рэчаў захоўваецца. Самыя розныя тэматычныя калекцыі. Усё паглядзець і адразу? Не, немагчыма. Гэта ж тысячы экспанатаў! А калі абмежавацца пэўнай тэмай? Тады варта паспрабаваць. «Ідзе юбілейны год. Адзначаем 75-годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Давайце, паважаная Вольга Сяргееўна, спынімся на гераічных 40-х», – звяртаемся з прапановай да галоўнага захавальніка фондаў установы. І экскурс пачынаецца.

Медалі землякоў



Пачнём, напэўна, з узнагарод. Фонд музея мае цэлую калекцыю ордэнаў, медалёў, нагрудных знакаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Некалі іх з гонарам насілі нашы землякі. А сёння захавальнікі гісторыі малой радзімы з не меншым гонарам паказваюць іх тым, хто цікавіцца ваеннай гісторыяй. Каскад медалёў можна пабачыць і на падараваным музею мундзіры ўраджэнца Свіслачы, палкоўніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Івана Ісідоравіча Карнацэвіча. Выстаўляюцца, да слова, і іншыя яго асабістыя рэчы: планшэт, бінокль, кабура, гадзіннік.

Імя з энцыклапедыі



Гэтаму здымку 78 гадоў. Як сведчыць надпіс на зваротным баку, зроблены ён на Паўднёвым фронце ў 1942-м. А глядзіць на нас з яго генерал-маёр артылерыі Мікалай Трафімавіч Селях. Імя з Беларускай савецкай энцыклапедыі, якім мы можам справядліва ганарыцца, бо гэты чалавек – наш зямляк. Нарадзіўся Мікалай Селях у Свіслачы ў 1900 годзе. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ён змагаўся на Паўднёвым, а затым – на Паўночна-Каўказскім фронце. Быў начальнікам упраўлення супрацьпаветранай абароны і намеснікам начальніка артылерыі фронту.

Сёння ў музеі можна не толькі атрымаць біяграфічныя звесткі пра Мікалая Селяха, але і ўбачыць франтавыя пісьмы, напісаныя яго рукой. Іх перадала свіслацкім краязнаўцам жонка генерал-маёра – Соф’я Іосіфаўна. Аб чым жа артылерыст пісаў родным у Маскву?

20 ліпеня, 1941 год:

«Пока враг не прилетел, пишу это письмо. Прилетает к нам часто, но наши «ястребки» и зенитки не дают стервятнику действовать безнаказанно. Он в лучшем случае уходит, как напакостивший кот, а то его сбивают наши орудия ПВО».
Мікалай Трафімавіч усхвалявана піша пра тое, што ўжо тры месяцы, як нічога не ведае пра сям’ю, але цяпер у яго ёсць адрас і надзея атрымаць ліст. Расказвае сынам, як б’юць ворага артылерысты.

Лістапад, 1941 год:

«Дела наши поправились, они бегут, как французы в 1812 году. Думаю, что нашими успехами мы обеспечим победу под любимой Москвой».
«Учись, мой сынуля, хорошо. А я буду здесь на фронте громить воздушных разбойников. Много уже сбил и буду стараться сбить еще больше. Дерутся все наши прекрасно, умирают геройски».

«Думаю, что в последнее время фрицу не поздоровится. Дела наши поправляются. В связи с наступлением на Западном и Калининском фронтах и нам стало легче. Скоро наша планета будет счастливая. Скорей бы разбить ненавистного врага», – піша Мікалай Трафімавіч у апошнім пісьме з Каўказа. Але наперадзе былі баі пад Растовам і Сталінградам, вызваленне Беларусі і Берлінская аперацыя. Пасля вайны яго чакала служба ў цэнтральным апараце Міністэрства абароны. Памёр Мікалай Селях у 1954 годзе.

Гісторыя, складзеная трохвугольнікам



Пісьмы ваенных гадоў, пацёртыя, пажоўклыя ад часу… Музей беражліва захоўвае гэтыя сямейныя рэліквіі. Як правіла, лісты з фронту даволі лаканічныя: маўляў, жывы, здаровы, змагаюся. Чалавеку на вайне было не да доўгай пісаніны. Галоўнае – паслаць родным вестачку пра сябе і атрымаць адказ, што дома ўсё ў парадку.

3 лiпеня, 1941 год:

«Здравствуйте, мои любимые и дорогие! Как ваше здоровье? Я здоров, настроение бодрое… Вы не волнуйтесь, мужайтесь духом, верьте – мы победим. Целую крепко всех. Ваш Коля».

12 сакавіка, 1945 год:

«Здравствуйте, дорогие родители и дорогая жена. Посылаю сердечный привет. Уведомляю вас, что пока жив и здоров, чего и вам желаю. Я сейчас нахожусь в боях очень больших и ужасных. Я сейчас возле города Кельберг. Плохая моя надежда для будущей жизни, каждую минуту ждем чего-то. Вся надежда на Бога, что Бог пошлет. Моих товарищей уже мало осталось, но мы идем вперед».
Усяго за гады вайны, як сведчаць дадзеныя Упраўлення ваенна-палявой пошты Чырвонай арміі, адрасатам было дастаўлена каля трох мільярдаў пісьмаў! У перыяды стабілізацыі фронту яны даходзілі ў сярэднім за дзесяць дзён. Візітная картка тых гадоў – знакамітыя салдацкія трохвугольнікі.

Кніга пра народных мсціўцаў


«Солдаты партизанского фронта» – унікальнае выданне. Напісана кніга самім Канстанцінам Груздзевым, камандзірам разведвальна-дыверсійнай групы «Стойкія», якая дзейнічала на тэрыторыі Свіслацкага і Ваўкавыскага раёнаў у 1943–1944 гадах. Кніга пабачыла свет у 1969 годзе. Дарэчы, асобную главу – «Хозяин пущи» – аўтар прысвяціў вядомаму дабравольскаму народнаму мсціўцу Мікалаю Русаку. Сёння экзэмпляр выдання як каштоўная рэліквія захоўваецца і ў патомкаў Русака (дакладней, у Гродне, дзе жыве ўнучка легендарнага партызана – Алена Русць).

Лапці на ногі – і...



А вось зноў Беларусь партызанская. У час вайны многія партызаны, ідучы ў разведку ці на дыверсійнае заданне, абувалі лапці. Аказваецца, не проста так: чалавек у лапцях не пакідаў яўных слядоў, і, галоўнае, гэтых слядоў не бралі нямецкія сабакі-сышчыкі. А лапці з так называемым пратэктарам – даволі хітры абутак. Яны выкарыстоўваліся, каб заблытаць ворага, пакінуўшы на зямлі след колавай тэхнікі.
Увогуле, абутак народных мсціўцаў быў даволі разнастайным – пачынаючы ад лапцей і заканчваючы хромавымі ботамі. Насілі лапці лыкавыя, вяровачныя, скураныя, лапці з нявырабленай скуры, так называемыя «бясшумкі», бахілы, сцёганкі.

Яшын кацялок



Кацялок як кацялок? Не. Ён не такі, як многія іншыя. Адметнасць – у надрапаным надпісе «Иду в бой за родную мать и сестру Марусю. Яша». Гэты кацялок Яша выкарыстоўваў у якасці талеркі. А якая палявая кухня ў час вайны? У асноўным – суп і каша.

Франтавы гармонік



«Нам песня строить и жить помогает…» Памятаеце? Праўда, гэтак спявалі ўжо пасля вайны, будуючы савецкую дзяржаву. Тым не менш, песня-памочніца пабывала і на франтах Вялікай Айчыннай. Песні, танцы, жарты, анекдоты былі пастаяннымі спадарожнікамі байцоў Чырвонай арміі. Нават у самыя цяжкія моманты, між баямі (здавалася б, не да песні), раптам ускокваў весялун ды пачынаў па-заліхвацку вытанцоўваць, а астатнія – падтрымлівалі. Ці гармонь расцягваў нехта...

Так і чуецца, як граў гэты старэнькі гармонік, што трапіў у музейную экспазіцыю, легендарную «Смуглянку», народжаную ў 1944-м (папулярнай яна стала дзякуючы не менш легендарнай кінастужцы «В бой идут одни старики»). У самым пачатку вайны склаў народ «На поле танки грохотали…», у 1941-м была напісана «Двадцать второго июня, ровно в четыре часа…», у 1945-м – «Враги сожгли родную хату», «Эх, дороги», «Дорога на Берлин»… Песня падтрымлівала баявы дух, давала сілы і веру ў перамогу.

Бог дапамог



Свісталі кулі, рваліся снарады, а салдат застаўся жывы. Як так? Гэты абразок з металічнай аправай, расказваюць супрацоўнікі музея, пабываў на полі бою і выратаваў жыццё свайму ўладальніку, прыняў на сябе кулю, што ляцела ў сэрца чырвонаармейца. Часта можна пачуць і ад ветэранаў, што збераглі іх ад смерці менавіта вера і іконка Божай Маці, якую праз ўсю вайну праняслі ў гімнасцёрцы.

Сведка страт



Каска савецкага салдата – стальны шлем, сродак індывідуальнай абароны, які шырока выкарыстоўваўся ва Узброеных Сілах СССР у час Вялікай Айчыннай вайны. Звярніце ўвагу: экспанат прабіты асколкам снарада... Дарэчы, такія ж каскі можна ўбачыць сёння на Мамаевым кургане, дзе знаходзіцца помнік-ансамбль «Героям Сталінградскай бітвы». Гэтыя каскі – сведкі вялікіх чалавечых страт на палях вайны.

Кекс



А гэта трафейны экспанат – барабанны магазін для нямецкага ўніверсальнага кулямёта ў выглядзе сечанага бляшанага конуса, так называемы «кекс». Яго ўмяшчальнасць – 50 патронаў.

Але гэта, як кажуць, зусім іншая гісторыя.

Наталля ТУРКО
Фота аўтара

Предыдущая статья

Красота в ее руках