banner

Прыцягненне малой радзімы

16 Октября’24
99


Дарога і сустрэчы – вось такі ў мяне апошнія дзесяць месяцаў лад жыцця. А што можа быць цікавей за гэта?! Кожны дзень новыя людзі, новыя твары, новыя гісторыі, новыя здзіўленні. На гэты раз у Грынках, у сям’і Святланы і Віктара Гінчоў. Праўду кажучы, бываць тут даводзілася не раз. Але тады пра хату, у якой яны жывуць, гаворкі не было. Былі другія нагоды. Да прыкладу, Святлана дзялілася з чытачамі нашай газеты кулінарнымі здольнасцямі і несамавітымі рэцэптамі, сабранымі з усіх куточкаў былога Саюза, дзе ім з мужам, ваенным афіцэрам, давялося пабываць. Потым распавядала пра захапленне шыццём мяккай цацкі, пра цудоўны калектыў “Спадчына”, дзе сабраліся самыя таленавітыя і галасістыя спявачкі з Грынок (а яна адна з іх). Яшчэ шмат аб чым другім паведала мне Святлана Гінч. А вось сёння гаворка пойдзе пра хату, куды яе сям’я пасля доўгіх вандраванняў па ўсяму былому Саюзу аж ад Прыморскага краю да любай Беларусі прыехала, каб застацца назаўсёды.

Ад прадзеда – у спадчыну

Аказваецца, хату гэту пабудаваў яшчэ ў 30-х гадах пачатку ХХ стагоддзя яе прадзед Сцяпан Болбат. Ён загінуў ад рук фашыстаў у сакавіку 1942-га. Калі вайна пачалася, актыўна дзейнічаў разам з другімі падпольшчыкамі, быў вельмі адукаваным чалавекам і майстрам, якіх пашукаць. У Грынках па сёння стаяць хаты з разнымі аканіцамі. Гэта памяць аб майстру з залатымі рукамі, добрым і шчырым аднавяскоўцы. У вайну загінуў і яго 17-гадовы сын. Хлопца таксама расстралялі фашысты, прыняўшы за партызана. У хаце без гаспадара засталася жонка з двума дачушкамі – Вольгай і Нінай. Памалу падраслі дзяўчаты, павыходзілі замуж. 

Да Вольгі пасватаўся хлопец з іншай вёскі. Быў ён франтавіком, дайшоў да Кёнігсберга, ваяваў на Холін-Голе, меў узнагароды. У сям’і нарадзіліся дачушкі – Ніна і Надзя. 

Другая дачка Сцяпана Болбата – Ніна пакінула бацькоўскую хату, пайшла жыць да мужа, але таксама ў Грынкі. Нарадзіла яму дачушку Людмілу і сына Аляксандра. Павырасталі дзеці, нарадзілі сваіх дзяцей, а тыя паразляталіся, як птушкі з гнязда. З цягам часу хата, з якой пайшлі карані, засталася адна. Не, не зусім пакінутая. Прыходзілі сюды унукі, абкашвалі летам траву, у хаце сёе-тое рабілі, каб дагледжанай была. Але не свяціліся вокны па вечарах, не віўся дымок з коміна і не было чуваць галасоў у гэтай хаце. Сумна было паглядаць на яе. 

Шчасце было блізка 

Адной з праўнучак Сцяпана Болбата Святлане за шчасцем хадзіць далёка не прыйшлося. Яно, тое шчасце, прыйшло разам з ёю ў першы клас і нават села за адну парту. Быў гэта аднавясковец Віця Гінч. Сяброўства, трэба сказаць, у іх пачалося не адразу. Прыгажунька і выдатніца Святланка спачатку здавалася Віці ганаровай задавакай. Але з цягам часу ўсё ж разглядзеў ён у дзяўчынцы роднасную душу. А потым прыйшло да іх каханне. Чыстае, моцнае, адно на ўсё жыццё… 

Пасля школы Святлана паступіла ў Мінскі тэхналагічны тэхнікум, атрымала спецыяльнасць тэхнолага швейнай вытворчасці. А Віктар выбраў для сябе прафесію абаронцы Радзімы. Скончыў Калінінградскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча. Ужо з дыпломамі ў руках закаханыя пабраліся. Святлана ведала, што быць жонкай афіцэра – гэта бясконцыя пераезды, новыя мясціны, да якіх трэба будзе прывыкаць. Яна была гатова ехаць за каханым “хоць на край зямлі, хоць за край”. Так яно і было… 

Вось жыве чалавек на зямлі, і з дня ў дзень, з года ў год можа не заўважаць нават такі блізкі і дарагі яму свет малой радзімы. Вось і я так. Пакуль лёс не вырваў мяне са звыклага асяроддзя і не закінуў далёка-далёка ад родных мясцін, я не адчувала такой блізкасці з тым месцам, дзе нарадзілася, – гаворыць Святлана. – Давялося пабываць і на Поўначы, і на Ўсходзе нашага неабсяжннага былога Свецкага Саюза. Былі мы і за яго межамі. І толькі там, у далечыні, зразумела, наколькі мне дарагі той куточак, адкуль пачаўся мой шлях на зямлі. Так часта снілася дарога, што вядзе ў лес, калодзеж у нашым двары з самай смачнай вадою, галасы аднавяскоўцаў, нашы песні. Я так любіла спяваць іх і ў Прыморскім краі, і ў Манголіі. А як мяне слухалі! Прасілі не раз: “Яшчэ паспявай, яшчэ…”

Праязджаючы вялікую, бясконцую Расію, Святлана любавалася і далекаўсходнімі сопкамі, і сібірскай тайгою, і свяшчэнным Байкалам. Але ўсё ж не краналі яны душу, не грэлі яе так, як успаміны аб далёкай вёсачцы Грынкі. І душа з кожным годам усё болей рвалася туды, дзе шуміць Белавежская пушча, дзе спеюць на лясных палянах суніцы і чарніцы, выглядваюць з-пад моху цёмныя капялюшыкі баравікоў, дзе восенню падаюць у траву спелыя яблыкі… 

Такія ж успаміны сагравалі душу і Віктара. Вечарамі, калі яны пілі чай, а за вакном бушаваў халодны паўночны вецер, яму таксама ўспаміналася родная вёска, і клуб, куды яны бегалі на танцы, і тая лавачка, на якой ён ўпершыню пацалаваў Святлану…

З цеплынёю згадвалі Грынкі і іх дачушкі Кацярынка і Юлечка. Яны любілі бавіць канікулы ў бабулі Люды і з нецярпеннем чакалі таго дня, калі ўсе разам вернуцца ў Беларусь. Чвэрць стагоддзя праляцелі хутка. Віктар з пагонамі падпалкоўніка выйшаў у запас. І была дарога дадому. Доўгая, аж сем сутак, але шчаслівая, бо ўсё бліжэй і бліжэй цягнік набліжаўся да родных прастораў, да такіх знаёмых палёў са спелай збажыною і рамонкавых лугоў, да сініх азёр і рэк, да любай Беларусі. 

Вяртанне да каранёў



І вось яны, Грынкі. Спачатку ўсе разам размясціліся ў доме Святланінай маці. Яна, вядома ж, усім сэрцам цешылася, што дачушка з зяцем вярнуліся, прывезлі ўнучак. Але хата ў яе цеснаватая была.
 І тады пайшла гаворка пра прадзедаў дом. Спачатку сям’я Гінчоў здымала там жыллё (бо ў хаты былі іншыя спадчыннікі), а потым набыла ва ўласнасць. 

Святлана, зразумела, не ведала прадзеда, яна нарадзілася праз шаснаццаць гадоў пасля яго смерці, але добра памятае, як яна, маленькая, прыходзіла да прабабулі і тая частавала праўнучку смачнымі блінцамі з печы і копчанай каўбасой. Пах тых прысмакаў яна памятае да сёння. 

І вось праз столькі гадоў яна прыйшла ў гэты дом ужо не госцяй, а гаспадыняй. 

З тых пор мінула амаль паўстагоддзя. Зразумела, што скалаўшы рукі Віктар і Святлана не сядзелі. Яны адразу ўпісаліся ў вясковае жыццё. Падпалкоўнік запаса ўладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку. Займаўся рамонтам аўтамабільнай электрыкі. Яго цанілі як выдатнага спецыяліста, а ён ніколі не адказаў у дапамозе, хто б ні звяртаўся.

Святлана першыя гады працавала сацыяльным работнікам. Кожная бабулька была для яе як родная. Добрай, шчырай, адкрытай душы хапала для ўсіх падапечных. А на конкурсах сацыяльных работнікаў Святлана займала першыя месцы. Была лепшая і на раённым конкурсе “Я – сельчанка”. 

Яна адразу ўлілася і ў культурнае жыццё вёскі. Ні адно мерапрыемства не праходзіць і сёння без яе ўдзелу. Тут, на малой радзіме, у поўную сілу раскрыліся ўсе таленты. Жанчына цудоўна спявае, кіруе вакальным калектывам “Спадчына”, чытае вершы, гумарэскі. А рукі яе здольные ствараць сапраўдныя цуды. Пано Святланы, вышытае каляровымі стужкамі, – проста выраб высокага мастацтва, лялькі і мяккія цацкі – слоў няма, якія прыгожыя.

Усім сэрцам прывязаны да гэтых мясцін дачушкі Гінчоў. Тут калісь яны праводзілі ўсе свае канікулы, а зараз ужо іх дзеці проста на крылах ляцяць да бабулі Светы і дзеда Віці. 

– Нашы дачушкі ўжо маюць свае сем’і, – расказвае Святлана. – Юля ў Гродна. У сям’і растуць трое дзетак:Ксюша, Кацюша і Дзімка.

Друга дачка Кацярына – у Ваўкавыску. Два хлопчыка мае – Мішку і Арцёма. Нашы дзеці і ўнукі прыязджаюць сюды з задавальненнем, для іх гэта таксама малая радзіма. Не, вялікая, бо займае ўсё маё сэрца. Я ведаю, што на ўсім свеце няма лепшага і раднейшага куточка, як тут, дзе нашы карані. Дзе мы зрабілі першыя крокі, вымавілі першыя словы, спазналі каханне. 

Прадзедаў дом не вельмі змяніўся знешне. Толькі прыгожы ганак прыстроіў Віктар. А ў сярэдзіне шмат чаго зрабілі па-новаму. Перш-наперш раскідалі печ, якая займала шмат месца. Атрымаўся на яе месцы пакой. Старыя вокны замянілі на новыя, а вось аканіцы, зробленыя рукамі прадзеда Сцяпана, засталіся некранутымі. І дах, не падобны на іншыя, таксама не перараблялі. У хаце вельмі ўтульна, шмат здымкаў дзяцей, унукаў. Упрыгожваюць пакоі мяккія цацкі і лялькі, зробленыя рукамі таленавітай майстрыхі.

З вясны да позняй восені Віктар і Святлана займаюцца яшчэ і агародам. Муж узяў на сябе абавязкі па вырошчванню галубікі, кавуноў, клубніц, журавін. Да таго ж, з Далёкага Усходу былі прывезены сажанцы кітайскага лімонніка і далёкаўсходняй чарамшы. Гэтыя расліны лёгка прыжыліся на грынкаўскай зямлі і цешаць гаспадароў ураджаямі. 

Святлана займаецца звыклай для усіх агароднінай – буракамі, морквай, агуркамі, цыбуляй, памідорамі, перцам, капустай. Летам і восенню робіць нарыхтоўкі. Вось і сёлета больш за сто банак закатала. 
У гэтай хаце ніколі не чуць сварак. Тут па-ранейшаму пануюць лад і згода, а Віктар і Святлана лічаць сябе, як амаль паўстагоддзя назад, самымі шчаслівымі. 

Ядвіга Кобрынец
Фота аўтара

Предыдущая статья

Уборка кукурузы – на финишной прямой